“Галоўнае перажыць міжсэзонныя халады. І разганяць кроў адцісканьнем”

“Галоўнае перажыць міжсэзонныя халады. І разганяць кроў адцісканьнем”

Палітвязень Дашкевіч восем разоў быў у карацары.  Зьмітру не даюць спаць уначы, забараняюць Біблію. Лідэр МФ пакутуе ад холада й ужо летам рыхтуецца да зімы.

24 жніўня адвакату Дашкевіча Зьміцера ўдалося пабачыць свайго падабаронага. Зьвяртаем Вашую ўвагу, што дагэтуль 5 разоў адвакатам было адмоўлена ў сустрэчы з Дашкевічам. Сёньня на надзвычайнай прэс-канфэрэнцыі 30 жніўня ў Менску маладафронтаўцы агучылі падрабязнасьці катаваньняў Дашкевіча.

Як стала вядома 24 жніўня, Зьміцер больш 8-мі разоў быў падвергнуты адміністратыўным спагнаньням. Зьміцер сьцьвярджае аб тым, што рапарты на яго складваюцца шляхам розных правакацыяў і робіцца ўсё гэта дзеля таго, каб узбудзіць на тэрыторыі калёніі новую крымінальную справу па арт. 411 КК РБ. Што прадугледжвае павялічэньне тэрміну зьняволеньня ад году да двух.

Зьміцер Дашкевіч размаўляў 24 жніўня  з адвакатам пасродкам тэлефоннага апарата праз шкло у прысутнасьці супрацоўніка папраўчай калёніі №9, што стварыла відавочныя перашкоды для падрабязнага і грунтоўнага аповяду аб умовах утрыманьня, сваіх скаргаў  і сытуацыі ў калёніі.

Але і ў гэтых умовах Зьміцер Дашкевіч паведаміў пра рэчы, каторыя і вымусілі нас біць у званы. Дашкевіч паведаміў, што намесьнік начальніка па апэратыўна-рэжымнай працы Лапатка Аляксандр Аляксандравіч забараніў уначы спаць Дашкевічу Д. В., прымусіўшы яго стаяць на нагах усю ноч, пасьля чаго даў Зьміцеру ўказаньне ісьці на працу. Па прычыне фізычнай слабасьці Дашкевіч адмовіўся працаваць. За што і быў падвергнуты чарговаму спагнаньню й чарговаму карцэру.

Выцягваньне чалавека ў турме ўночы на калідор, пазбаўляючы магчымасьці спаць ніяк інакш як катаваньнем назваць складана.  Пры гэтым мы не выключаем, што стаяць яго прымусілі акурат у выглядзе той вядомай “амэрыканскай” расьцяжкі, падчас каторай арыштант адчувае слабасьць і перастае адчуваць рукі й ногі, ад болю й зацяканьня мышцаў.

А пасьля чалавеку у знак прыніжэньня й зьдзеку прапаноўваюць пайсьці на працу, калі ён ужо ледзь стаіць на нагах.

Мы просім гэтаксама грунтоўнай праверкі па дзеяньнях унутры калёніі нейкага супрацоўніка Баброва, каторы ўжываў да Дашкевіча неказаконныя меры абыходжаньня, але падрабязнасьці па прычыне абмежаваньня зносінаў з адвакатам Зьміцер ня здолеў паведаміць.

У ШЫЗА і памяшканьні камэрнага тыпу — ПКТ, дзе знаходзіцца Зьміцер Дашкевіч, тэмпэратура апускаецца ніжэй неабходнага, спаць у начны час проста немагчыма, таксама няма пасьцельнай бялізны. У ШЫЗА адсутнічае нават матрац. Цяперашняе ПКТ уяўляе сабой фактычна адну камэру.

У прыватных лістах сваім сябрам Зьміцер піша: “Галоўнае перажыць міжсэзонныя халады, калі ты гадзіну сьпіш – а паўгадзіны адціскаесься, разганяючы кроў па жылах.” У летні час Зьміцер папрасіў сваю нявесту Насту Палажанку перадаць яму пальчаткі. Зьміцер пазбаўлены ўсіх магчымых перадач, і таму ў летні час рыхтуецца да зімы — бо на год яму дазволена мець толькі 2 бандэролі па 2 кг. Зьміцер пасьля шклоўскай калёніі ў 2007 годзе займеў праблемы са сьпіной; маладафронтаўцы выказваюць небясьпеку, што халодныя ўмовы ўтрыманьня могуць абвастрыць хваробу Дашкевіча.

Зьняволенаму лідэра МФ, нягледзячы на шматлікія просьбы, адміністрацыя калёніі адмовіла ў прадастаўленьні яму Бібліі ў ШЫЗА, што зьяўляецца парушэньнем Канстытуцыйных правоў грамадзяніна Беларусі.

Людзей, што падтрымлівалі Зьмітра і мелі магчымасьць размаўляць зь ім, жорстка зьбівалі і адпраўлялі ў карцэр. Мы маем на дадзены момант толькі адно імя Ладнова Руслана Генадзьевіча, каторы быў жорстка збіты і зьмешчаны у ШЫЗА і ПКТ, бо падтрымліваў са Зьмітром сяброўскія стасункі і паведаміў сваёй маці аб тым, што Дашкевіч быў зьмешчаны ў ШЫЗА, аб чым пасьля было перададзена ў СМІ.

Адміністрацыя калёніі нягледзячы на шматлікія патрабаваньні Дашкевіча Д.В. аб прадстаўленьні яму права напісаць тлумачальныя на рапарты ў дачыненьні да яго, катэгарычна не прадстаўляе яму такой магчымасьці. Зьміцер нават ня ведае за што й калі складаюцца на яго рапарты, бо чытаць іх яму забаронена.

Нагадваем, што так ніводнаму адвакату не было прадстаўлена асабістая справа Дашкевіча, дзе мусяць фіксавацца ўсе спагнаньні складзеныя на яго. Абаронцы Дашкевіча, як і сам ён, нават ня могуць, такім чынам, абскардзіць усе адміністратыўныя спагнаньні свайго падабароннага.

Датычна пазбаўленьня Дашкевіча Д.В. права на абарону й юрыдычную дапамогу, былі пададзены асобныя скаргі на імя пракурора Магілёўскай вобласьці, дадзены тлумачэньні й скаргі ў Генэральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь. Наста Палажанка падала заяву з патрабаваньнем  прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці асобаў, вінаватых у парушэньні правоў і свабодаў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Дашкевіча Дзмітрыя Вячаслававіча.

Малады Фронт лічыць недапушчальнымі катаваньні й патрабуе спыніць перасьлед і жорсткае абыходжаньне зь вязьнямі ў турмах. Маладафронтаўцы настойваюць на вызваленьні палітвязьняў, спыненьні перасьледу апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі й скасаваньні незаконных крымінальных прысудаў, каторыя ў гэтым годзе былі вынесены некалькі дзесяткам дэмакратычным актывістам і лідэрам нацыянальнага руху у Беларусі.

Падзяліцца:

Каментары