110 дэпутатаў адкажуць пра сьмяротнае пакараньне

110 дэпутатаў адкажуць пра сьмяротнае пакараньне

Малады Фронт зьвярнуўся да кожнага дэпутата Палаты прадстаўнікоў з патрабаваньнем асабіста  ініцыяваць галасаваньне па пытаньню ўвядзеньня мараторыя на сьмяротнае пакараньне. Сябры арганізацыі хочуць пачуць пэрсальныя адказы ад “народных абраньнікаў” і абяцаюць ня толькі іх апублікаваць, але і данесьці інфармацыю да выбаршчыкаў.

«Беларусь-апошняя краіна кантыненту, дзе дагэтуль існуе практыка выкананьня сьмяротных прысудаў. На нашу думку, сам факт забіцьця чалавека дзяржавай даўно не адпавядае панятку “цывілізаванае грамадзтва” і супярэчыць хрысьціянскім традыцыям нашай краіны,» — паведамляецца ў тэксьце звароту.

«Да таго ж, у каторы раз зьвяртаем Вашу ўвагу на вялікую верагоднасьць судовай памылкі і відавочную немагчымасьць яе выправіць у сытуацыі, калі прысуды выконваюцца ў кароткія тэрміны, без належных і дадатковых праверак, міжнародных экспэртызаў. Практыка выкананьня сьведчыць, што айчынная судовая сыстэма не пакідае асуджаным шанца разгляду скаргаў у ААН.

Варта казаць і пра адсутнасьць у Беларусі незалежнага суда, пракуратуры і міліцыі. Ва ўмовах, калі дадзеныя ворганы зьяўляюцца фактычна некантралюемымі, цяжка казаць пра любую “законнасьць”, “справядлівасьць” ці “мэтазгоднасьць” сьмяротных прысудаў.

Нас абурае і тое, што сваякам забітых не паведамляецца дата сьмерці і месца пахаваньня, не выдаюцца целы.

Прайшло пятнаццаць год ад моманту, калі грамадзяне краіны выказаліся за існаваньне сьмяротнага пакараньня. Магчыма, тады многія зьвязвалі існаваньне гэтай меры з хутчэйшай перамогай злачыннасьці. Цяпер сытуацыя зьмянілася, зьмяніліся людзі. Па тэлебачаньню кажуць, што і злачыннасьць даўно перамаглі.

Відавочна, што большая частка актыўных беларусаў, каталіцкі касьцёл і праваслаўная царква сёньня выступаюць супраць сьмяротнага пакараньня.  Да таго ж і статыстыка  сьведчыць, што такі від пакараньня не спрыяе зьмяншэньню колькасьці цяжкіх злачынстваў.

Ці будзе далей існаваць сьмяротнае пакараньне, залежыць ад Вас, як дэпутата Палаты прадстаўнікоў, асабіста — мы патрабуем ініцыяваць галасаваньне па пытаньню ўвядзеньня мараторыя.

Вы лічаце сабе абраньнікам народа, прадстаўніком ягоных інтарэсаў. Таму, мы б хацелі пачуць абгрунтаваны адказ, чаму вы гатовы альбо не гатовы ўзьняць дадзенае пытаньне ў Палаце прадстаўнікоў. Натуральна, усе адказы будуць апублікаваны ў Інтэрнэце і мы пастараемся данесьці гэтую інфармацыю да Вашых выбарцаў.»

Падзяліцца:

Каментары