15 фактаў пра Малады Фронт

15 фактаў пра Малады Фронт

6 верасьня спаўняецца 15 года з дня заснаваньня Маладога Фронту. З гэтай нагоды Прэс-служба МФ падрыхтавала 15 найбольш вядомых фактаў з гісторыі арганізацыі.

  1. Малады Фронт – самы масавы й вядомы моладзевы дэмакратычны рух у найноўшай гісторыі Беларусі. Больш за 54% беларусаў ведаюць МФ.
  2. Інтэрнэт-пошукавік google.by на запыт “Малады Фронт”( “Мalady Front”) выдае 2 550 000 спасылак, на запыт “Молодой Фронт” ( “Molodoj Front”) – каля 10 900 000 спасылак, на запыт “Young Front”( “Youth Front”) – да 1 490 000 000 спасылак.
  3. Суполка МФ “Vkontakteналічвае 13109 удзельнікаў.
  4. Найбольш вядомая акцыя МФ “Горад – НАШ!” – масавае вывешваньне нацыянальных сьцягоў па-над дахамі ў гарадох Беларусі.
  5. Супраць сяброў Маладога Фронту было ўзбуджана больш за ўсіх палітычных крымінальных справаў. Толькі ў 2007 годзе паводле артыкулу 193.1 крымінальнага кодэксу (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі) па ўсёй краіне у дзесятках гарадоў было ўзбуджана 43 “крыміналкі” супраць маладафронтаўцаў.
  6. Толькі кіраўніцтва МФ ад Севярынца й Скочкі да Дашкевіча й  Дземідзенкі правяло ў турмах ды на “сутках” у суме больш за 15 гадоў.
  7. З 1997 году  14 лютага ў Менску й найбуйнейшых гарадах Беларусі маладафронтаўцы ладзяць вулічныя акцыі й перфомансы з нагоды Дня Сьвятога Валянціна. У 2002 годзе сьвяткаваньні прайшлі ў 44 гарадах Беларусі.
  8. За 1997-2012 гады ў беларускіх школах, ВНУ ды  летніках было праведзена больш за 1200 “Шоў беларушчыны” – віктарынаў на тэму гісторыі, культуры, палітыкі й духоўнасьці.
  9. Больш за 120 актывістаў МФ сталі асноваю 8-месяцовай кругласуткавай “Абароны Курапатаў” у 2001-2002 гадах, якая аб’яднала дэмакратычнае грамадства й завершылася перамогай моладзі.
  10. Малады Фронт у 1997-2012 гадах стаў вялікім рэзэрвуарам для актыўнай дэмакратычнай беларускай моладзі. Тысячы тых, хто прайшоў праз МФ, зараз працуюць практычна ва ўсіх незалежных арганізацыях, хіба акрамя былой кампартыі 🙂 Сёньня маладафронтаўцы ўзначальваюць БХД, БНФ, Асамблею НДА, ПЦ “Вясна”, газэту “Наша ніва”
  11. Гісторыю беларускага незалежнага руху апошніх 15 гадоў можна сьмела вывучаць па акцыях Маладога Фронту: “Алімпіяда МФ”, “Свабоду палітвязьням!”, “Калядны фэст”, “Камунізм пад трыбунал!” і г.д.
  12. У 2000 годзе дэлегаты ІІІ Сойму Маладога Фронту прынялі хрысьціянска-дэмакратычную ідэалёгію й праграму. Менавіта заснавальнікі МФ, якія пасталелі, аднавілі Беларускую Хрысьціянскую Дэмакратыю.
  13.  МФ заснаваў ордэн “Ды-джэяў Адраджэньня” – моладзевае брацтва шоўмэнаў, гатовых раскручваць беларускасьць з хрысьціянскім зьместам.
  14. У 2006 годзе, выступаючы супраць крымінальнага перасьледу актывістаў, МФ распачаў адну з самых працяглых і самую масавую палітычную галадоўку, якая доўжылася 24 дні з удзелам болей за 100 маладафронтаўцаў.
  15. Малады Фронт – адна з нямногіх палітычных сілаў, якой прысьвечаныя кнігі: “Пакаленьне Маладога Фронту”  Паўла Севярынца і “Маладафронтаўцы”  Паўла Севярынца і Насты Палажанкі. Прачытаць іх можна на сайце МФ  www.mfront.net .

 

Падзяліцца:

Каментары