Апладысменты простым людзям

Апладысменты простым людзям

Дзякуй беларускаму народу, які выйшаў на вуліцы беларускіх гарадоў у 99-ю гадавіну абвяшчэння БНР. Ва ўмовах запужвання простыя людзі, часцяком без лідараў, самаарганізоўваліся. Так у Менску адбылося нестандартнае шэсце ад Акадэміі Навук да Плошчы Перамогі без заяўнікаў акцыі, падчас якога няўзброеныя ўцякалі ад узбороеных асобаў.

Вядома, страх мелі ўсе. Па два бакі фронту. І «старажылы» акцыяў, што спрачаліся з міліцыянтамі наконт законнасці ўзаемных дзеянняў. І юнакі, што ўпершыню прыйшлі на мітынг, і салдаты тэрміновай службы, якія наспех шыхтаваліся перад натоўпам. І афіцэр з мегафонам, які прагаворваў загаданы тэкст, і адзінокія сцяганосцы з вудамі. Аднак, бадай, упершыню за апошняе дзесяцігоддзе больш страху зыходзіла ад прадстаўнікоў рэжыму, чым ад мітынгоўцаў. Вельмі недарэчна для сітуацыі выглядала спецтэхніка для пераадольвання барыкадаў і вадамёты, прыпаркаваныя на вуліцы П. Броўкі, вайскоўцы ў бронекамізэльках са стрэльбамі. Відавочна, хто ў суботняй канфрантацыі панёс большыя фінансавыя і маральныя выдаткі (калі на хвілю забыць, што ўсе мы плацім падаткі гэтаму рэжыму).

Фота: http://euroradio.fm

Вельмі масавы і досыць дзіўны пратэст за апошнія гады. Мінімальная колькасць сцягоў, адсутнасць апаратуры, кіраўніцтва. Толькі воклічы, апладысменты, маўклівыя позіркі, салідарнасць. На некалькі гадзін цэнтральныя вуліцы сталіцы напоўнілі разрозненыя натоўпы людзей. З чатырох бакоў ад Акадэміі Навук. Уздоўж праспекту і ўва дварах, ад Філармоніі да «Імпульса», ад Круглай Плошчы да Нямігі. Без атрыбутыкі, звычайныя мінакі сходу падхоплівалі вокліч «Жыве Беларусь!» ці апладысменты.

Рух грамадскага транспарту быў блакаваны ад цырку да Маскоўскай станцыі метро. Прычына – не дэманстранты, якія пачыналі ісці па тратуарах і нават спыняліся на святлафорах, але ўлады, што ўчынілі паляванне на «ворагаў», перакрылі праспект, пашыхтавалі шарэнгі вайскоўцаў, падзяляючы мітынгуючых на асобныя сектары.

Фота: http://euroradio.fm

Звыш паўтысячы затрыманых у Менску. Суразмерныя лічбы былі пасля разгону дэманстрацыі падчас апошняй імітацыі ў прэзідэнцкія выбары.

Мірна, прыгожа і канструктыўна адбылася акцыя ў Брэсце. У Менску былі тыя ж беларусы, толькі «прасеяныя» праз прэвентыўныя арышты самых актыўных. Тыя ж беларусы, мірныя людзі, якія пасля рэпрэсіяў нават сцягоў мелі менш за брэсцкіх мітынгоўцаў. Яны ўцякалі ад АМАПу, хаваліся па крамах і дварах. Глупа меркаваць, што супраць іх спатрэбіліся б вадамёты. Анягож, яны б самі і не выходзілі на праезную частку.

Дзень Волі 2017 у Брэсце. Фота: http://brestcity.com/

Дзякуй беларускаму народу, які пачынае выказваць сваю волю і думку не толькі на кухнях, але і на вуліцах нашых гарадоў. Дзякуй беларускім людзям, што не вядуцца на прапаганду ані ўлады, ані апазіцыі і кажуць пра свой боль, жадаючы мяняць будучыню да лепшага.

Што б ні казала «БелТА» ці «Радыё Свабода», пратэст адбыўся насуперак дазволу ўладаў і насуперак планам апазіцыі. Як ні прыпісвай да сябе думку народа, ён мудра змаўчыць і пазней скажа сваё ёмістае слова. Хто б што ні даводзіў: «улада спужалася апазіцыі» ці «апазіцыя не знайшла падтрымку народа», няхай ведае, што народ мала хвалююць вашыя планы. Народ мудры, мы мусім дзякаваць яму.

Падзяліцца:

Каментары