25 САКАВІКА — СЫМБАЛЬ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БЕЛАРУСІ

25 САКАВІКА — СЫМБАЛЬ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БЕЛАРУСІ

Ідэя Незалежнасьці беларускага народу зарадзілася гэтак даўно, як даўно жыве беларускі народ. Успомнім глыбокія часы сівое мінуўшчыны, калі нашыя продкі называліся крывічамі, дрыгавічамі, радзімічамі, вяцічамі, севяранамі, дзераўлянамі, калі вольны дух Незалежнасьці высока лунаў над іхнымі селішчамі. Толькі зьяўляўся адкуль-небудзь вораг, як сьмела хапаліся яны за зброю і адважна выходзілі яму насустрач. І калі варожыя сілы былі куды большыя, і ў адчыненай барацьбе разьбіць іх было немагчыма, дык нашыя продкі зварочваліся да свайго найвярнейшага хаўрусьніка — лясных пушчаў. Хаваючыся ў непралазных нетрах, нашы харобрыя ваякі пільна сачылі за кожным крокам ворага, і, як толькі зьяўляўся спрыяльны момант, раптоўным ударам зьнішчалі яго. «Ворага кожны за плечы браў сьмела, Цемра чужынцаў ня страшна была…» (Я. Купала).

І перадалі нашыя слаўныя продкі сваім нашчадкам Вялікі Запавет, Сьвяты Запавет, Запавет у крывавых бойках бараніць Незалежнасьць свае дарагое Радзімы. І не надарэмна перадалі. Балонка за балонкай героікі, славы, адвагі ўносіліся ў гісторыю беларускага народу.

Каму ня ведама слаўнае змаганьне за Незалежнасьць нашае Радзімы Крывіі, як раней называлася Беларусь, харобрага полацкага князя Рагвалода? А лягэнды аб княгіні Рагнедзе, аб князі Ізяславе? А слаўныя бойкі з ноўгарадзцамі князя Брачыслава? Неўміручыя балонкі героікі, славы і магутнасьці нашае Краіны зьвязаны з выдатным імем славутага князя Ўсяслава Чарадзея.

Нават грозная сваёю дзікасьцю татарская арда, хутка паняволіўшы Масковію і Кіеўскую Русь, ня здолела паняволіць Крывіі.

Балонкі славы, героікі і магутнасьці ў гісторыю нашае Бацькаўшчыны ўпісалі і наваградзкія князі Рынгольд, Міндаўг і віленскія — Гэдымін, які злучыў ня толькі беларускія землі, але заваяваў і частку ўкраінскіх ды амаль усе літоўскія, і Альгерд, які да маскоўскіх сьценаў прысланяў сваю дзіду, вымушаючы маскалёў падпісаць выгадны для Вялікага Літоўскага Княства, як у той час называлася Беларусь, мір, перасоўваючы беларускія граніцы па Мажайск і Каломну. Слаўныя балонкі ў гісторыю Беларусі ўпісалі Вітаўт ды іншыя князі, у крывавых змаганьнях баронячы незалежнасьць нашае Бацькаўшчыны. Славутая бойка нашага гэтмана Канстанціна Астроскага з маскоўскім войскам пад Воршаю і да апошняга часу апяваецца беларускім народам. Яго буйныя перамогі як над маскоўцамі, гэтак і над іх хаўрусьнікамі-татарамі, унесьлі новыя балонкі гэроікі ў гісторыю змаганьня за незалежнасьць нашага народу.

А змагацца было за што. Яшчэ з часоў Чарадзеевай унучкі Прадславы (Еўфрасіньні Полацкай), стараннай перапісчыцы кніг, з часоў высока вучонага філёзафа Кліма Смаляціча, геніяльнага пісьменьніка і цудоўнага прамоўцы, празванага «Новым Залатавустам» — Кірылы Тураўскага, выдатнага культурнага дзеяча, пісьменьніка і маляра Аўрама Смаленскага ды іншых таленавітых людзей нашае Бацькаўшчыны засталася вялікай каштоўнасьці культурная спадчына.

25.03.94_yudik.org_

Асабліва значным дасягненьнем ў галіне разьвіцьця культуры ўважаецца друкаванае слова, і наш першы беларускі друкар, вучоны доктар Францішак Скарына ўжо ў 1517 г. друкуе ў Празе Чэскай першую ў беларускай мове друкаваную кніжку — Псалтыр. Зрабіўшы даступным для простага люду друкаванае слова (псалтыр прызначаўся для навучаньня грамаце дзяцей), Францішак Скарына ў працягу 1517—1519 гг. выдае 22 кніжкі Старога Закону. Біблія Ф. Скарыны была першай друкаванай Бібліяй на ўсходзе славянства. У гісторыі сусьветнай друкаванай кнігі гэта была трэцяя кніга ў мове народу, для якога яна прызначалася. Першай была нямецкая Біблія (1445), другой — чэская (1488), а трэцяй — беларуская (1517—1519). Праславіўшы беларускую культуру на чужыне, Францішак Скарына варочаецца на Бацькаўшчыну і ў 1525 г. закладае ў Вільні беларускую друкарню. У хуткім часе адчыняюцца друкарскія філіі ў Полацку, Менску, Магілёве, Нясьвіжы, Заслаўі, Слуцку, Любічах, Пінску, Заблудаве, Еўі, Горадні, Супрасьлі, Куцеінску, Буйніцку і інш. месцах. Беларускія кнігі шырока разыходзяцца як на Беларусі, так і на Украіне, у Маскоўшчыне, у паўдзённых славян і нават у заходне-эўрапейскіх дзяржавах. Беларуская мова пануе ня толькі на вёсцы, але і ў сьвятынях, урадах, літаратуры, княжых замках. Беларуская мова становіцца дыпляматычнай на ўсім усходзе Эўропы.

У 1529 г. выдаецца ў беларускай мове Літоўскі Статут, а ў 1588 г. ён выдаецца друкам. У яго апошняй радакцыі выдатную ролю адыграў вялікі канцлер Леў Сапега. Дзякуючы яго тонкай дыпляматыі ў Літоўскім Статуце ня былі зьмешчаны ні Люблінская вунія, па якой Вялікае Беларуска-Літоўскае Княства і Польшча ў 1569 г. злучаліся ў адно непадзельнае цэлае, ні якая-небудзь іншая, нявыгадная для Беларускага Княства, умова. Адначасна Літоўскі Статут абавязваў ужываць беларускую мову ва ўсіх земскіх урадах Княства. Гэтым забясьпечваліся надалей правы беларускае мовы, што было важна дзеля культурнага разьвіцьця беларускага народу. Гэтым юрыдычна ўняважвалася сіла акту Люблінскае вуніі.

Друкарскую дзейнасьць Францішка Скарыны працягваюць беларускія пісьменьнікі Сымон Будны, Васіль Цяпінскі і шэраг беларускіх магнатаў, як князі Слуцкія, Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы, Валовічы ды іншыя, якія ў сваіх дварох адчыняюць друкарні. Друкуюцца школьныя падручнікі, граматыкі, лемантары, слоўнікі, сярод якіх заслугоўваюць асаблівай увагі граматыка Лаўрэна Зізанія (Вільня, 1596) і Мялета Сматрыцкага (Еўе, 1616), а таксама «Лексіс» Зізанія і Слоўнік Памвы Бярынды (1627). Беларуская культура дасягае такое вышыні, што маскоўскі цар Аляксей, каб павысіць асьвету ў сваёй дзяржаве, запрашае беларускага вучонага і пісьменьніка Сымона Полацкага ў Маскву.

У 1634 г. памёр вялікі канцлер Леў Сапега. Зь яго сьмерцю Вялікае Княства страціла аднаго з найвыдатнейшых абаронцаў беларускай мовы, культуры і нацыянальнасьці. Частка беларускіх магнатаў і шляхты, паквапіўшыся на розныя асабістыя прывілеі, здрадзіла беларускаму народу і пачала палянізавацца. Беларускае палітычнае жыцьцё і культура занепадаюць. Але жыве беларускі народ, а разам з ім жыве і ідэя Незалежнасьці. Беларускі народ, нават будучы пазбаўлены інтэлігэнцыі, рашуча выступае ў абарону свае веры, культуры, звычаяў, свае незалежнасьці. Па ўсім Краі шырока разьліваюцца народныя паўстаньні. Адзьдзелы Нябабы, Няпаліча, Хвеські, Крывашапкі, Гаркушы і Міхненкі авалодваюць гарадамі і ваколіцамі Гомеля, Лоева, Брагіна, Мазыра, Турава, Чэрыкава, Магілёва і Бабруйска.

Калі ж Польшча пачала ў 1655 г. вайну са Швэцыяй, беларускі магнат князь Януш Радзівіл спрабуе выкарыстаць міжнародную сытуацыю і стварыць незалежнае беларускае гаспадарства — Вялікае Беларуска-Літоўскае Княства. На жаль, князь Я. Радзівіл загінуў у часе змаганьня з палякамі. Пасьля Яна Радзівіла спробу вызваліць і ўнезалежніць свой край робіць беларускі магнат гэтман Павал Сапега. Ён меркаваў выкарыстаць вайну Польшчы з Турцыяй, але, на жаль, і гэта спроба не ўдалася.

Як народныя паўстаньні, так і спробы князя Яна Радзівіла і гэтмана Паўла Сапегі вызваліць беларускі народ

з-пад польскае апекі і стварыць дзяржаву, зьяўляюцца яркім довадам глыбокай жывучасьці ідэі незалежнасьці Беларускае Дзяржавы.

Час ідзе, і хвалі змаганьня за незалежнасьць заціхаюць. Палянізацыя беларускага народу ўзмацняецца. Польскія соймы намагаюцца зьнішчыць беларускую мову, абрады, звычаі, культуру, падняволіць край, спалянізаваць народ. Забараняецца ўжываць беларускую мову ва ўрадах, судах і іншых установах.

Неразумная палітыка польскага ўраду прыводзіць да трох падзелаў Польшчы, у выніку чаго Беларусь апынаецца пад новым акупантам — Расеяй. Пачынаецца яшчэ больш жудасны нацыянальны гнёт. Ужо пасьля 2-га падзелу (1793) Масква забараніла беларускія заканадаўчыя органы, беларускае войска і беларускія грошы. Забараняецца карыстацца Літоўскім Статутам, гарады пазбаўляюцца самаўрадаў, паншчына ўзмацняецца. Зачыняюцца беларускія навучальныя ўстановы, беларуская інтэлігенцыя або высылаецца з роднага краю, або пазбаўляецца працы, школы беларускія ліквідуюцца. У беларускіх сьвятынях забараняецца чытаць казаньні ў беларускай мове. Беларускія кнігі бязжаласна нішчацца.

Маскоўскі акупант пачынае спадзявацца, што і народ беларускі хутка асымілюецца ў расейскі. Ды ня гэтак лёгка накінуць чужацкія ланцугі на душу беларускага народу. Зьнішчаючы беларускую інтэлігенцыю, беларускую культуру, маскоўскі акупант ня мог зьнішчыць беларускага народу. Беларускі народ жыве, а зь ім жыве і яго найкаштоўнейшы скарб — мова, звычаі, абрады, песьні.

Паўстаюць новыя фабрыкі дываноў, габэленаў і слуцкіх паясоў. Шоўкавыя, рознакаляровыя, ператканыя сярэбранымі і залатымі ніцямі, слуцкія паясы набылі сабе сусьветную славу.

Нараджаецца новая беларуская інтэлігенцыя. У беларускай літаратуры зьяўляюцца імёны Вінцуся Равенскага, Яна Баршчэўскага, Яна Чачота, Францішка Савіча, Аляксандра Рыпінскага, Паўлюка Багрыма, Вінцука Дуніна-Марцінкевіча. На месца зьнішчаных беларускіх кніжак друкуюцца новыя. Узьнятая на Захадзе хваля адраджэньня паняволеных народаў дакочваецца і да Беларусі. І Беларусь нараджае новых сыноў, сыноў, якім дарагія мінулая воля і слава Бацькаўшчыны, сыноў-змагароў за зямлю, за праўду, за незалежнасьць. Нараджаюцца Кастусь Каліноўскі і Францішак Багушэвіч. Апрануўшыся ў сялянскую сьвітку, Каліноўскі ідзе ў народ і пачынае заклікаць сялянскі люд на змаганьне з расейскім царызмам і польскімі панамі. У 1862 г. у Беластоку Кастусь Каліноўскі закладае нелегальную друкарню і пачынае выдаваць беларускую газэту «Мужыцкая праўда». З балонак «Мужыцкае праўды» льюцца гарачыя словы і глыбока западаюць у сэрца мужыка-беларуса.

«Ад маскаля і паноў няма чаго спадзявацца…»

«Каб народ наш век векаў быў вольны і шчасьлівы…»

«Станьма дружна, разам за нашую вольнасьць!..»

І народ паўстаў. Ды мацнейшымі аказаліся сілы рэакцыі. Ранены ў час баёў Францішак Багушэвіч перахоўваецца ў сялян, а потым, ня маючы магчымасьці перабываць на Бацькаўшчыне далей, вымушаны выехаць на Ўкраіну. Кастусь Каліноўскі схоплены і ўкінуты ў вязьніцу, дзе прасядзеў некалькі месяцаў, чакаючы сьмяротнай кары. Але ніякія зьдзекі, ніякія мучэньні не маглі зламаць яго цьвёрдае веры ў лепшую будучыню беларускага народу. Нават седзячы ў вязьніцы і чакаючы сьмяротнага прысуду, ён не пакідае думаць аб вызвольным змаганьні свайго народу і двума лістамі, напісанымі ў вязьніцы да сяброў, заклікае народ да далейшае барацьбы.

10.3.1864 г. Кастусь Каліноўскі быў павешаны расейскай уладай у Вільні. Пачалося жорсткае перасьледаваньне ўдзельнікаў паўстаньня. Нацыянальны гнёт узмацняецца. Ліквідуюцца беларуская нацыянальная царква, друк у беларускай мове. Урады, царкву, школы і наагул усе ўстановы расейскі ўрад абсаджвае сваімі людзьмі. Пачынаецца жудасная, сыстэматычная русыфікацыя нашае старонкі Беларусі.

Некаторыя расейскія навукоўцы даходзілі да такое бязглузьдзіцы, што рабілі няўдалыя спробы доказаў, быццам Беларускае Дзяржавы ніколі не існавала, а беларуская мова ёсьць мова мужыцкая, некультурная. Расейскія настаўнікі туманяць нашу моладзь, забіваюць галовы «самадзяржаўнай» маною, беспрасьветнаю заслонаю зацяняюць нашу слаўную мінуўшчыну. Нашы помнікі каштоўнай культурнай спадчыны або прысвойваюцца маскоўскім акупантам, або зусім зьнішчаюцца. Робіцца ўсё, каб беларускі народ не аджыў.

Але ніякая сіла ня зможа зьнішчыць народнай вольнасьці. 1 сакавіка 1881 г. малады беларускі змагар Ігнат Грынявіцкі кідае бомбу ў расейскага цара Аляксандра II. Гэта была помста расейскаму манарху за сьмерць Каліноўскага, за сьмерць беларускіх паўстанцаў, за ўсе зьдзекі, якія давялося цярпець беларускаму народу ад маскоўскага панаваньня. І хоць загінуў Грынявіцкі, ды не спынілася вызвольнае змаганьне. Зычней і зычней разносяцца галасы Адраджэньня, зычней і зычней заклікаюць яны любіць і шанаваць сваю мову, свае звычаі, пазнаць самога сябе, свой народ. У сваіх надзвычайных прамовах да зборнікаў вершаў «Дудка Беларуская» і «Смык Беларускі», якія з прычыны забароны беларускага друку былі надрукаваны за мяжою, Францішак Багушэвіч зварочвае ўвагу на беларускую мову, якая для нас ёсьць не «мужыцкая, а сьвятая, ад Бога даная». Трэба моцна трымацца свае мовы, бо мова — душа народу, і калі народ страціць сваю мову, дык загіне.

Адначасна з Багушэвічам, бацькам Беларускага Адраджэньня, на гэтай жа ніве працавалі і Адам Гурыновіч, і Аляксандар Ельскі, і Ян Няслухоўскі (Лучына), якому ўдалося абдурыць расейскую цэнзуру і пад выглядам баўгарскае мовы выдаць зборнік беларускіх вершаў «Вязанка».

Цяжка адбілася на разьвіцьці беларускай літаратуры забарона беларускага друку. Шмат каму даводзілася пісаць і распаўсюджваць свае творы ў рукапісах. І Ялегі Франціш Вуль, і Ю. Ляскоўскі, і Н. Караткевіч, і Ф. Тапчэўскі зь Віцебшчыны, і Альгерд Абуховіч з Случчыны, і Апанас Кісель з Магілёўшчыны, і Ян Шамет з Полаччыны — усе яны ўкладалі сваю дзель у скарбніцу літаратуры. Шырокую дзейнасьць на ніве Адраджэньня разгарнуў і Карусь Каганец — паэта, пісьменьнік, мастак і нацыянальны дзеяч.

Беларускім пытаньнем пачынаюць цікавіцца і навукоўцы. Зьяўляюцца каштоўная капітальная праца праф. Карскага «Беларусы», працы ведамага праф. гісторыі Доўнар-Запольскага, пр. Эпімах-Шыпілы, Лібаўскага, Пічэты і інш.

У Варшаве, Пецярбургу, Маскве, Кіеве, Харкаве, Адэсе і Кракаве беларуская моладзь арганізоўваецца ў гурткі. У 1902 г. у Менску паўстаюць Беларуская Сацыялістычная Грамада, Беларуская Рэвалюцыйная Грамада і шэраг іншых партыяў. Высоўваюцца новыя дзеячы браты Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі, Алёіза Пашкевіч (Цётка). Выдаецца нелегальны часапіс «Свабода».

Незадаваленьне царскай палітыкай нарастае ўсё больш і больш, прычым ня толькі сярод паняволеных народаў, але і сярод самога рускага народу, і пачынае прымаць пагрозьлівыя формы. Напалоханы расейскі цар мусіў ісьці на саступкі і ў 1905 г. выдаў маніфэст аб рэлігійнай вольнасьці і грамадзкіх свабодах.

Беларусы гэта выкарысталі, і ў 1906 г. у Вільні пачынае выходзіць легальная беларуская газэта «Наша Доля». Аднак «Наша Доля» на 6-м нумары была забаронена, а яе месца заняла «Наша Ніва». Нягледзячы на тое, што яна існавала толькі да 1915 г., яе роля ў адраджэньні народу была надзвычайная. Газэта нарадзіла магутных волатаў беларускага пісьменства Янку Купалу і Якуба Коласа. Яна дала нам вялікіх пісьменьнікаў празаікаў Вацлава Ластоўскага, Язэпа Лёсіка, Цішку Гартнага, Максіма Гарэцкага, Каруся Каганца, Цётку, драматургаў Ул. Галубка і Фр. Аляхновіча, гумарыстых Ядвігіна Ш. і А. Паўловіча. Яна выхавала вялікіх мастакоў М. Багдановіча, Алеся Гаруна, З. Бядулю. Яна ўзгадавала нам пісьменьніцу каханьня К. Буйло. Газэта адыграла велізарную ролю ў адраджэньні беларускага народу, які пасьля векавога гнёту зноў пачаў разумець, што і ён ня горшы за іншыя народы, гэтаксама, як і другія і ён хоча «людзьмі звацца». Нараджаецца новы чалавек, чалавек-барацьбіт за нацыянальнае адраджэньне.

Але пачынаецца 1-я Сусьветная вайна. Беларусь рэжацца на акопы, насельніцтва выганяецца ў бежанцы, інтэлігенцыя расьцярушваецца ў расейскім войску, і праца выдавецтваў, часапісаў і розных арганізацый спыняецца. Працуе толькі Беларускі Камітэт дапамогі пацярпелым ад вайны ды некалькі паходных бежанскіх камітэтаў.

Аднак і ў такіх немагчыма цяжкіх умовах беларускія студэнты ў Пецярбургу спрабуюць выдаваць новыя часапісы «Сьветач» і «Дзяньніцу».

Надыходзіць 1917 г. Народны гнеў выліваецца ў Вялікую Рэвалюцыю. Зьлятае царскі трон, і пачынае развальвацца штучна зьлепленая з прымусова падпарадкаваных народаў Расейская імпэрыя.

Кожны народ, вырваўшыся з чужацкіх ланцугоў, пачынае жыць сваім новым жыцьцём. Ахопленыя сьвятой ідэяй адраджэньня свае мінулай славы, пачынаюць жыць новым жыцьцём і беларусы. Па ўсёй краіне адбываюцца розныя нарады, сходкі, зьезды.

Шырока адчыняюцца беларускія школы, друкуюцца беларускія газэты, кнігі, арганізуюцца беларускія камітэты, беларуская армія. Паўстаюць Беларуская Цэнтральная Рада і Беларуская Вайсковая Рада, якія ў хуткім часе зьліваюцца ў агульны орган Беларускага народнага прадстаўніцтва — Вялікую Беларускую Раду.

Гістарычныя падзеі хутка разьвіваюцца, і перад Вялікай Беларускай Радай паўстаюць пытаньні надзвычайнай важнасьці: «быць ці ня быць», якія можа вырашыць толькі сам народ. Надыходзіць пара, калі «час склікаці ўжо грамаду на вялікую нараду, на вялікі сход!..» (Я. Купала).

І Вялікая Беларуская Рада выдае адозву, у якой заклікае беларускі народ выслаць сваіх дэлегатаў на 1-ы Усебеларускі Кангрэс.

Гучна разносіцца па ўсёй краіне магутны, грозны заклік:

На сход, на ўсенародны бурны сход
Ідзі аграблены, закованы народ.
Як роўны йдзі жыхар між роўных жыхароў,
Аддай на суд свае ўсе крыўды, сьлёзы, кроў…
Я. Купала

Заклік быў пачуты. Зь Меншчыны, Магілёўшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Віленшчыны і Горадзеншчыны ў Менск зьяжджаюцца 1872 дэлегаты, і 5 сьнежня 1917 г. адчыняецца 1-ы Усебеларускі Кангрэс. Ён працаваў каля 2-х тыдняў. Была абрана Рада Зьезду і абгаворана шмат пытаньняў палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага зьместу.

Але не драмалі ворагі Беларусі. Калі стала відавочна, што Зьезд стаіць на грунце дзяржаўнасьці, маскоўскія бальшавікі ўначы з 17 на 18 сьнежня акружаюць будынак Зьезду панцырнікамі і кулямётамі, каб збройнай сілай перашкодзіць плённай працы Кангрэсу. Дэлегаты забарыкадаваліся і бараніліся, чым толькі маглі, пакуль не ўхвалілі 1-ы параграф рэзалюцыі аб утварэньні Беларускай Дэмакратычнай Рэспублікі.

На другі дзень дэлегаты, якія засталіся яшчэ не арыштаваныя, сабраліся ў чыгуначным дэпо і ўпаўнаважылі Раду Зьезду, як вярхоўны заканадаўчы орган Беларусі, на правядзеньне далейшай барацьбы за беларускую дзяржаўнасьць. Рада Зьезду выбрала Выканаўчы Камітэт, які адразу прыступае да працы. Ува ўсіх правінцыях арганізоўваюцца выканаўчыя камітэты. Беларускі народ становіцца сам сабе гаспадаром.

Ды нялёгкай была адбудова беларускай дзяржавы. На ўсходзе маскоўскія бальшавікі, а на захадзе польскія легіёны Доўбар-Мусьніцкага пільна сочаць за кожным рухам беларускага народу, стараюцца задушыць маладую Рэспубліку. І беларускі народ зноў бярэцца за зброю, а 19 лютага над Менскам высока ўздымаецца бел-чырвона-белы сьцяг. Уладу бярэ ў свае рукі Выканаўчы Камітэт Рады Першага Усебеларускага Кангрэсу і 21 лютага стварае Народны Сакратарыят, у які ўвайшлі: Язэп Варонка — старшыня і кіраўнік замежных спраў, І. Макрэяў — кіраўнік нутраных спраў, К. Езавітаў — вайсковых спраў, Э. Бялевіч — юстыцыі, А. Смоліч — асьветы, д-р І. Серада — народнае гаспадаркі, В. Рэдзька — шляхоў зносін, Т. Грыб — земляробства, Белкінд — фінансаў, Карач — пошты і тэлеграфаў, П. Бадунова — сацыяльнай апекі, П. Крачэўскі — дзяржаўны кантралёр, Л. Заяц — дзяржаўны сакратар, П. Злобін — па справах расейскай нацыянальнай меншасьці.

Таго ж дня Выканаўчы Камітэт Рады зварочваецца да насельніцтва Беларусі з сваёй 1-ай Устаўной Граматай:

«Да Народу Беларусі.

Родная Старонка наша апынулася ў новым цяжкім стане.

Дзе цяпер улада, што была тут, невядома, мы стаімо перад тым, што наш Край можа быць заняты нямецкімі войскамі. Мы павінны ўзяць свой лёс ува ўласныя рукі.

Беларускі Народ павінен зьдзейсьніць сваё права на поўнае самаазначэньне, а нацыянальныя меншасьці — на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію.

Права нацыі павінна знайсьці сваё зьдзяйсьненьне шляхам скліканьня на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сойму.

Але і да скліканьня Устаноўчага Сойму ўся ўлада на Беларусі павінна належаць тым народам, якія ў ёй жывуць.

Выканаўчы Камітэт Рады 1-га Усебеларускага Зьезду, папоўнены прадстаўнікамі рэвалюцыйнай дэмакратыі нацыянальных меншасьцяў, зьдзяйсьняючы мэты Зьезду, абвяшчае сябе часовай уладай на Беларусі для кіраваньня Краем і скліканьня, як можна хутчэй, Усебеларускага Устаноўчага Сойму, на аснове агульнага, простага, роўнага, тайнага і прапарцыянальнага выбарчага права для ўсяго дарослага насельніцтва, ня лічачыся з нацыянальнасьцю, веравызнаньнем і полам.

Часовую народную ўладу Краю, якая ставіць сабе мэтай абарону і зацьверджаньне заваяваньняў рэвалюцыі, будзе зьдзяйсьняць створаны намі Народны Сакратарыят Беларусі, які з гэтага дня пачаў выконваць свае абавязкі. Пэрсанальны склад Сэкратарыяту будзе апублікаваны пасьля.

Дана ў Менску-Беларускім 21(8) лютага 1918 г.

Выканаўчы Камітэт Рады Усебеларускага Зьезду».

Але неўзабаве на Беларусь зьяўляецца новы акупант — немцы. Да Беларускага Ураду аднесьліся яны варожа: дзяржаўную касу сканфіскавалі, беларускія вайсковыя фармацыі распусьцілі, самога ж Ураду хоць і не зачапілі, але афіцыяльна не прызналі.

У цяжкім становішчы апынуўся Беларускі Урад. Але не спынілася арганізацыйная праца. Шчыльней навязваецца сувязь з правінцыяй, ствараецца нелегальнае беларускае войска і адначасна, з поваду перашкод, твораных нямецкім войскам у адбудове Беларарускай Дзяржавы, пасылаецца ў Нямеччыну пратэст за пратэстам.

9.3.1918 г. Выканаўчы Камітэт Рады выдае ІІ-ю Устаўную Грамату:

«У часе Сусьветнай вайны, што бурыць адны моцныя дзяржавы і аслабаняе другія, абудзілася Беларусь да дзяржаўнага жыцьця. Пасьля 3-х з паловаю вякоў няволі зноў на ўвесь сьвет кажа Беларускі Народ аб тым, што ён жыве і будзе жыць. Вялікі Народны Збор — Усебеларускі Зьезд 5—17 сьнежня 1917 г., дбаючы аб долі Беларусі, зацьвердзіў на яе землях рэспубліканскі лад. Выпаўняючы волю Зьезду і баронячы дзяржаўнае права народу, Выканаўчы Камітэт рады Зьезду гэтак пастанаўляе аб дзяржаўным ладзе Беларусі і аб правох і вольнасьцях яе грамадзян і народаў:

1. Беларусь у рубяжох расьсяленьня і лічэбнай перавагі беларускага народу абвяшчаецца Народнай Рэспублікай.

2. Асноўныя законы Беларускай Народнай Рэспублікі зацьвердзіць Устаноўчы Сойм Беларусі, скліканы на асновах агульнага, роўнага, простага, патаемнага і прапарцыянальнага выбарчага права, не зважаючы на пол, народнасьць і рэлігію.

3. Да часу, пакуль зьбярэцца Устаноўчы Сойм Беларусі, заканадаўчая ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Радзе Усебеларускага Зьезду, дапоўненай прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцяў Беларусі.

4. Выканаўчая і адміністрацыйная ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Народнаму Сакратарыяту Беларусі, які назначаецца Радаю Зьезду і перад ёю трымае адказ.

5. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчаюцца вольнасьць слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў, безумоўная вольнасьць сумленьня, незачэпнасьць асобы і памяшканьня.

6. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі ўсе народы маюць права на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію, абвяшчаецца роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі.

7. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі права прыватнае ўласнасьці на землю касуецца. Зямля перадаецца бяз выкупу тым, хто сам на ёй працуе. Лясы, вазёры і нутро зямлі абвяшчаюцца ўласнасьцю Беларускай Народнай Рэспублікі.

8. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі ўстанаўляецца найбольшы 8-гадзінны рабочы дзень.

Абвяшчаючы ўсе гэтыя правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларускай Народнай Рэспублікі, мы, Выканаўчы Камітэт Рады Зьезду, абавязуемся пільнаваць законнага парадку жыцьця ў Рэспубліцы, сьцерагчы інтарэсы ўсіх грамадзян і народаў Рэспублікі і захаваць правы і вольнасьць працоўнага люду. А таксама даложым усіх сілаў, каб склікаць у найбліжэйшым часе Устаноўчы Сойм Беларусі.

Усіх верных сыноў беларускай зямлі клічам памагчы нам у цяжкой і адказнай нашай працы.

Выканаўчы Камітэт Рады І-га Усебеларускага Зьезду.
Выдана ў Менску Беларускім
9 сакавіка 1918 г.».

Папоўніўшыся прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцяў, гарадзкіх і земскіх самаўрадаў і Беларускай Віленскай Рады, Выканаўчы Камітэт Рады Зьезду на паседжаньні 19 сакавіка 1918 г. перамяноўваецца ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі.

Ідэя незалежнасьці Беларускай Дзяржавы сярод сяброў Рады пашыраецца ўсё больш і больш. За фэдэрацыю з Расеяй выступаюць толькі прадстаўнікі расейскай і жыдоўскай меншасьцяў.

Аднак пакуль народ ня стане вольным і незалежным, ніякай гутаркі ні аб фэдэрацыі, ні аб якой бы лучнасьці ці то з Расеяй, ці то з іншымі чужынцамі ня можа быць. Бо «без незалежнасьці паасобных народаў ня можна прыступіць да фэдэрацыі іх. Толькі той народ можа ўступіць у фэдэрацыйную лучнасьць, у дагаворныя зносіны з суседзямі, каторы арганізаваўся як дзяржава і мае ўладу, якая можа заявіць, чаго гэты народ хоча і чаго ня хоча. Да фэдэрацыі праз незалежнасьць!» (д-р А. Цьвікевіч).

Пакуль Беларуская Народная Рэспубліка не была яшчэ абвешчана незалежнай, дык і бараніць свае інтарэсы на міжнароднай арэне яна ня мела юрыдычных правоў. Тым часам немцы і бальшавіцкая Расея паводле так званага Брэсцкага міру дзеляць беларускія землі паміж сабою. Некалькі беларускіх паветаў аддаюць Украіне, Вільню і частку Віленскіх і Горадзенскіх паветаў — Літве, амаль 1/3 Беларусі застаецца Нямеччыне і крыху ня 2/3 — бальшавіцкай Расеі.

Каб выйсьці для абароны сваіх правоў на міжнародны форум, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі на паседжаньні з 24 на 25 сакавіка прагалошвае Беларускую Народную Рэспубліку незалежнай і сувэрэннай дзяржавай. Выходзіць ІІІ-я Устаўная Грамата:

«Год таму назад народы Беларусі разам з народамі Расеі скінулі ярмо расейскага царызму, якое найцяжэй прыдушвала Беларусь. Царызм кінуў наш Край у пажар вайны, якая дашчэнту зруйнавала гарады і вёскі беларускія. Цяпер мы, Рада БНР, скідаем з роднага Краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якое было накінута расейскім царызмам на наш вольны і незалежны Край.

Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай. Народы Беларусі самі, у асобе свайго Устаноўчага Сойму, пастановяць аб будучых дзяржаўных зьвязках Беларусі.

На падставе гэтага трацяць сілу ўсе старыя дзяржаўныя зьвязкі, якія далі магчымасьць чужому ўраду падпісаць за Беларусь трактат у Берасьці, што забівае на сьмерць Беларускі народ, дзелячы зямлю яго на часткі. На падставе гэтага Урад Беларускай Народнай Рэспублікі мае ўвайсьці ў зносіны з зацікаўленымі старанамі, запрапанаваўшы ім перагледзець тую частку Берасьцейскага трактату, якая датычыць Беларусі, і падпісаць мірную ўмову з ваяваўшымі дзяржавамі.

БНР павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічэбную перавагу беларускі народ, а ўласьне: Магілёўшчыну, беларускія часьці Меншчыны, Віленшчыны, Гродзеншчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часткі суседніх губэрняў, заселеных беларусамі.

БНР пацьвярджае ўсе тыя правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларусі, якія абвешчаны Устаўной Граматай ад 9 сакавіка 1918 г.

Абвяшчаючы аб незалежнасьці БНР, яе Рада ўскладае надзеі на тое, што ўсе любячыя волю народы памогуць беларускаму народу ў поўнай меры зьдзейсьніць яго палітычна-дзяржаўныя ідэалы.

25 Сакавіка 1918 г. Менск

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі».

Гэты вялікай важнасьці гістарычны акт напоўніў беларусаў невычэрпнай радасьцю. З усіх канцоў беларускай зямелькі, зь Меншчыны, Вілейшчыны, Горадзеншчыны, Віцебшчыны, Магілёўшчыны і Смаленшчыны прысылаюцца на імя Беларускага Ураду павіншавальныя лісты і поўныя гарачай веры ў правую справу рэзалюцыі сялянскіх і гарадзкіх сходаў.

Пасьля прагалошаньня Радай незалежнасьці Беларусі перад яе Урадам адчыняецца шырокае поле дзейнасьці на міжнарадным грунце.

Першай прызнае незалежнасьць Беларусі Украіна. Паміж Беларусьсю і УНР навязваюцца дыпляматычныя і эканамічныя зносіны. Затым Беларускую дзяржаву прызнаюць Літва, Латвія, Эстонія, Фінляндыя, Грузія, Чэха-Славакія, Турэччына, Аўстрыя, а пасьля рэвалюцыі і Нямеччына. Беларускія дыпляматы едуць ва ўсе дзяржавы Эўропы і Амэрыкі. Навязваюцца гандлёвыя зносіны з французкай фірмай «Pichon et Cose».

Тым часам у Нямеччыне адбываецца рэвалюцыя, нямецкія жаўнеры пакідаюць Беларусь, на іх месца прысунуліся бальшавіцкія орды.

Урад БНР высылае надзвычайныя місіі на Украіну, Польшчу, Літву, Латвію, Эстонію, Фінляндыю, Нямеччыну, Швэйцарыю, Данію, Францыю, Баўгарыю, Чэха-Славакію і іншыя дзяржавы. Дэлегаты, маючы адпаведныя мэмарандумы і брашуры праф. Доўнар-Запольскага «Асновы Дзяржаўнасьці Беларусі», надрукаваныя на беларускай, французкай, нямецкай, польскай і рускай мовах, выступаюць перад урадамі эўрапэйскіх краін, дабіваючыся дапамогі ў барацьбе за незалежнасьць Беларусі.

А беларускі народ зноў хапаецца за зброю. Ды нялёгка было маладому, толькі што арганізаванаму беларускаму войску даць належны адпор захопніку, і Беларускі Урад эмігруецца.

Бальшавіцкія вандалы, ап’янелыя ідэяй сусьветнага панаваньня, кідаюцца далей на Польшчу. Пачынаецца польска-савецкая вайна. Палякі, атрымаўшы дапамогу ад Францыі, гоняць бальшавікоў назад. Варочаецца ў Менск і Беларускі Урад. Яго значэньне дзякуючы міжнародным дыпляматычным сувязям вырастае настолькі, што нават бальшавіцкая Расея запрошвае Беларускі Урад прыслаць у Маскву на перамовы сваю дыпляматычную місію. Місія на чале з В. Захаркам накіроўваецца ў Маскву. Але ў гэты час ваенныя падзеі складаюцца не на карысьць Беларусі, і нашы дэлегаты, не дасягнуўшы станоўчых вынікаў, варочаюцца назад, а маскоўскія бальшавікі зноў пачынаюць захопліваць спачатку беларускія, а потым і польскія землі. Зь вялікімі труднасьцямі, пры дапамозе заходніх хаўрусьнікаў, аслабаняецца Польшча ад чырвонае Масквы, і пачынаюцца Рыскія перамовы. Дагавор ідзе за кошт беларускіх земляў.

Не спадзеючыся атрымаць ад сваіх векавечных ворагаў — расейцаў і палякаў што-небудзь добрае, беларускі народ зноў бярэцца за зброю, і на Случчыне выбухае паўстаньне.

Ды няроўныя былі сілы. Перамаглі чырвоныя маскалі, і зноў запрацавалі суды і турмы. Тысячы лепшых людзей, краса і гонар беларускага народу, расстраляныя, сотні тысяч высланыя на Салаўкі, у Сібір, на Калыму. Рыскім трактатам разарвалі Беларусь на часткі. Адзінаццаць мільёнаў беларусаў трапіла пад панаваньне чырвонае Масквы, чатыры мільёны — пад Польшчу, сотні тысяч — пад Літву і Латвію.

Беларускі Урад апынуўся ў эміграцыі. У цяжкіх умовах яму даводзіцца бараніць інтарэсы Беларускай Народнай Рэспублікі, робячы шмат клопатаў і бальшавіцкай Маскве, і панскай Польшчы.

Залатымі літарамі ўпісаныя ў гісторыю Беларусі імёны першых прэзыдэнтаў БНР Пётры Крэчэўскага (13. 12.1919 — 8.3.1928) і Васіля Захаркі (8.3.28 — 14.3.1943), цьвёрдых, непахісных барацьбітоў за сьветлыя ідэі 25 Сакавіка, вольнасьць і незалежнась Беларускае дзяржавы.

Не спыняецца вызвольнае змаганьне і на Беларусі. Цёмны бор, спакон веку верны хаўрусьнік беларускага народу, глыбока ў пушчах сваіх захаваў найлепшых сыноў шматпакутнае Маці-Беларусі. У 1924 г. больш за 40 беларускіх партызанскіх аддзелаў (згодна з савецкай статыстыкай) дзейнічалі ў межах савецкай Беларусі. Ды ня толькі ў лясох ды правінцыях ідзе барацьба. У 1924 г. Юры Лістапад, былы сябра Слуцкае Рады, стварае ў Слуцку антыбальшавіцкую арганізацыю з мэтаю аслабаніць родную Беларусь ад чужацкага маскоўска-бальшавіцкага гнёту. Агенты ГПУ выкрылі лістападаўцаў, і ў 1926 г. бальшавіцкі акупант высылае іх на шматгадовую катаргу. Другі случчак, студэнт Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту Міхась Адзярыха арганізоўвае сярод студэнтаў антыбальшавіцкі беларускі гурток. ГПУ выкрыла яго і ўсіх сяброў бяз суду саслала ў канцэнтрацыйны лягер. Заварушылася і Заходняя Беларусь. Паўстаюць Беларускі Нацыянальны Камітэт у Вільні, Беларускі Пасольскі Клюб, узьнялося беларускае сялянства, утварыла статысячную Беларускую Сялянскую Рабочую Грамаду. І новыя тысячы ахвяраў павандравалі ў польскія астрогі, канцэнтрацыйныя лягеры, на ссылку.

Нішчацца лепшыя людзі, але жыве беларускі народ, а разам зь ім жыве і ідэя 25 Сакавіка — Незалежнасьць Беларускай Дзяржавы, а на шлях змаганьня прыходзяць новыя барацьбіты.

Паўстаюць новыя антыбальшавіцкія арганізацыі на Амсьціслаўшчыне, у Менску, на Віцебшчыне, Бабруйшчыне, Магілёўшчыне. Шырока разгортваецца праца Альтруістых (1928—1930), ахопліваючы Гомельшчыну і ўсё беларускае Палесьсе. У праграму альтруістых уваходзіла арганізацыя ўзброенага змаганьня за вызваленьне ўсходняй Беларусі ад маскоўска-бальшавіцкай апекі, зьнішчэньне калгаснай сыстэмы і адбудова Незалежнай Беларускай Дзяржавы.

Вар’яцее ГПУ, кідаецца зь месца на месца, пачынае падазраваць у беларускай нацыянальнай працы нават камуністых, а тут зьяўляецца новая антыбальшавіцкая арганізацыя — Беларускі Нацыянальны Цэнтр. Новыя арышты, расстрэлы, высылкі. Зьнішчаецца амаль уся беларуская інтэлігенцыя. Зьвярэюць акупанты. Безьліччу трупаў высьцілае беларускі народ шлях на Сібір, Салаўкі, Забайкальле.

Але высока ўзьнялася ясная зорка 25 Сакавіка. Блішчыць, асьвячае яна беларускаму народу шырокі шлях да лепшай долі, да вольнай, незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. А на тым шляху пад бел-чырвона-белым сьцягам — гордая постаць генэрала Вітушкі ды безьліч партызанскіх аддзелаў. Сьмела схапіліся за зброю вольныя сыны Беларусі, грудзьмі бароняць незалежнасьць свае Радзімы, «у крывавых муках адраджаюць жыцьцё Рэспублікі сваей».

Парыж. Выбраныя старонкі часопіса “Моладзь” (1948-1954)

Падзяліцца:

Каментары