415 год Берасцейскай Уніі

415 год Берасцейскай Уніі

16–18 кастрычніка 2011 г. грэка-каталіцкія парафіі і супольнасці ў Беларусі адзначаюць 415-ю гадавіну Брэсцкай царкоўнай уніі. Абвешчана яна была на Царкоўным Саборы ў Брэсце 6–8 кастрычніка 1596 г. (16–18 кастрычніка паводле грыгарыянскага календара).

Згодна з загадам Усяленскага Патрыярха Ераміі ІІ, епіскапы Рускай Царквы правялі ў 1590–1594 гг. шэраг сінодаў (у Брэсце і Торчыне), каб абмеркаваць спосабы задавальнення душпастырскіх выклікаў Царквы. На гэтых сінодах выспела ідэя аднаўлення еднасці з Апостальскім Пасадам.

11–12 чэрвеня 1595 г. у Брэсце адбыўся правінцыйны сінод, у якім удзельнічалі Мітрапаліт Кіеўскі Міхал Рагоза, епіскап Уладзімірскі Іпацій Пацей, епіскап Луцкі Кірыл Тарлецкі, епіскап Луцкі Лявонцій Пельчынскі, а таксама архімандрыт Кобрынскі Ёна Гогаль.

На сінодзе былі створаны два дакументы, адрасаваныя папу Кліменту VIII і каралю Жыгімонту ІІІ Вазе. У лісце епіскапы Рускай Царквы запэўнілі Папу Рымскага ў сваёй гатоўнасці далучыцца да царкоўнай уніі і прасілі аб захаванні візантыйскага абраду і царкоўных традыцый. Перадаць ліст было даручана епіскапам Іпацію Пацею і Кірылу Тарлецкаму. Выпрацаваныя на сінодзе дакументы былі падпісаны ўсімі праваслаўнымі епіскапамі Рэчы Паспалітай абодвух народаў — як прысутных, так і не прысутных у Брэсце ў чэрвені 1595 года.

25 лістапада 1595 года Уладзімірскі і Луцкі епіскапы прадсталі перад папам Кліментам VIII. Апостальская Сталіца пасля некалькіх тыдняў нарадаў прыняла  пастаўленыя рускімі іерархамі ўмовы.

23 снежня 1595 года адбылося ўрачыстае прачытанне ліста, у якім епіскапы прасілі аб вяртанні лучнасці Цэркваў. Ад імя Папы прамаўляў кардынал Сільвіо Антаніані, які засведчыў, што Святы Айцец гатовы прыняць Мітрапаліта, біскупаў і ўвесь рускі народ да поўнай царкоўнай супольнасці.

Пасля гэтага епіскап Іпацій Пацей, а за ім і епіскап Кірыл Тарлецкі ад імя ўсіх рускіх іерархаў склалі вызнанне веры па-лацінску і па-руску паводле грэцкага абраду, а таксама прысягу. Папа выказаў радасць з вяртання ва ўлонне Каталіцкага Касцёла, пасля чаго паблагаславіў сабраных.

На пачатку сакавіка 1596 года епіскапы Пацей і Тарлецкі вярнуліся ў Рэч Паспалітую разам з лістамі папы Клімента VIII да караля, а таксама да сенатараў духоўных і свецкіх і Мітрапаліта Кіеўскага і епіскапаў рускіх.

У скліканым 6–10 кастрычніка 1596 года правінцыйным сінодзе ў Брэсце Літоўскім узялі ўдзел як ініцыятары уніі, так і яе праціўнікі. (Сінод праходзіў у храме св. Мікалая). Сярод прыхільнікаў уніі быў Мітрапаліт Міхал Рагоза, епіскап Уладзімірскі Іпацій Пацей, епіскап Луцкі Кірыл Тарлецкі, архіепіскап Полацкі Гермаген, епіскап Пінскі Ёна Гогаль, епіскап Холмскі Дыянізій Збіруйскі.

Лацінскія біскупы ўдзельнічалі ў сінодзе як папскія дэлегаты. Гэта былі арцыбіскуп Львоўскі Ян Салікоўскі, біскуп Луцкі Бернард Мацеёўскі і біскуп Холмскі Станіслаў Гамалінскі, якім дапамагалі езуіты-тэолагі Пётр Скарга, Юстын Раб, Марцін Латэрна і Каспер Нагал. У выніку падтрымкі папы Клімента VIII, пасля доўгіх дыскусій, дайшло да абвяшчэння і зацвярджэння уніі.

За унію выказалася большасць праваслаўнай іерархіі (шэсць епіскапаў, у тым ліку Мітрапаліт Кіеўскі і Галіцкі Міхал Рагоза), супраць уніі былі два праваслаўныя епіскапы. Частка праваслаўных вернікаў на чале з рускім князем Канстанцінам Астрожскім таксама не прынялі ўмовы уніі.

У тым самым 1596 годзе быў скліканы праваслаўны сінод, у склад якога ўвайшлі праціўнікі уніі на чале з епіскапам Перамышльскім Міхалам Капысценскім і епіскапам Львоўскім Гедэонам Балабанам.

паводле catholic.by

 

Падзяліцца:

Каментары