А СУДЗЬДЗІ ХТО ?

А СУДЗЬДЗІ ХТО ?

Як толькі я патрапіў на “Валадарку”, дык быў больш за ўсё ўраджаны тым, хто, у якой колькасьці й за што сядзіць. Адразу кідаецца ў вочы колькасьць моладзі, што тут знаходзіцца. Напрыклад у маёй камэры з 23 чалавек пяць васемнаццацігадовых, а старэйшых за сорак гадоў толькі два чалавекі. Ну і выходзіць, што сярэдні век жыхароў хаты нумар дзевяць два каля 25-ці гадоў. І блізу такая ж сытуацыя ва ўсёй турме, а тут дзьве з паловаю тысячы чалавек.

Што мяне ўразіла яшчэ болей, і з чым я амаль не сутыкаўся на волі, дык тое, што вельмі шмат моладзі патрапіла сюды з-за наркотыкаў. Хто ўжываў іх працяглы час, хто паспрабаваўшы пару разоў “раслабіцца” і тут жа патрапіў у рукі праваахоўных ворганаў. Артыкул 328, які і класыфікуе дадзенае злачынства, прадугледжвае ад 2 да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Сур’ёзны пачатак для таго, каб застацца ў гэтай сыстэме надоўга. Пытаньняў няма – з наркаманіяй трэба весьці барацьбу, але ж якімі мэтадамі данесьці моладзі, што залежнасьць ад наркотыкаў гэта ня кайф, а прамая дарога ў пекла. Ва ўсіх паняцьцях гэтага слова.

Дзяржава лічыць, што чым большыя рэпрэсіі ўжываць да наркаманаў, тым большы будзе вынік, але ж тэндэнцыя разьвіцьця наркаманіі пра гэта ня сьведчыць. Таму я перакананы, што заканадаўчыя меры ўзьдзеяньня трэба прымаць разам з мерамі мальна-грамадзкага заахвочваньня. Дзяржава мусіць зрабіць усё, каб моладзі было не выгодна шукаць “кайфу” стварыўшы свой эфімерны сьвет. А не выгодна гэта будзе рабіць толькі тады, калі чалавек будзе бачыць пэрспэктывы свайго разьвіцьця, пэрспэктывы добрае адукацыі і кар’еры ў цывілізаванае краіне, а не 11 гадоў штколы, 5 гадоў Унівэрсітэту і 3 гады разьмеркаваньня ў якую Чарнобыльскую зону. А пад разьмеркаваньне, дарэчы, трапляюць студэнты, каторыя адвучыліся лепш сваіх сакурснікаў. То бак вы ўявіце сабе – студэнт імкнецца вучыцца добра, сканчвае Універсітэт выдатнікам, а тут яму кажуць: “Табе прыз! – на групу ў 20 чалавек толькі 10 месцаў па разьмеркаваньню, а ты, як самы лепшы навучэнец, маеш права выбіраць першы месца сваёй працы”. І вось 10 лепшых з 20 едуць сабе ў каўгасы, саўгасы і АПК, каб адплаціць самай вялікай дэмакратыі ў трэцім сьвеце за чырвоны дыплём. Ну, карацей – ня кепскія пэрспэктывы ў нашай адукаванай моладзі, каторая ў большасьці сваёй, шчыра хацела б прыносіць дабрабыт Беларусі, а не Польшчы, Нямеччыне, ці нават ЗША.

А што ж чакае далей таго, хто здолеў пераадолець рубяжы станаўленьня асобы ў нашае краіне ? А далей палітыка жыцьця такая, што калі ты ня будзеш імкнуцца гнуць хрыбет пад свайго начальніка, дык ты ніколі ня будзеш мець пэрспэктываў кар’ернага росту. Бо шануюцца ў нас ня розум і здольнасьці, а падхалімства і бязьмежная адданасьць палітыцы партыі. Дастаткова паглядзець на нашую адміністратыўную вэртыкаль, каб раз і назаўсёды адчуць агіду да ўсяго гэтага крывадушша.
Вось і атрымліваецца, што не ўглядаючы свайго месца ў гэтай сыстэме, моладзь шукае зь яе выйсьце. І знаходзіць . Шкада толькі, што хто ў гарэлцы, хто ў наркотыках. А ў выніку, шляхі і першых і другіх сыходзяцца ў гэтым месцы.

Другая частка моладзі сядзіць за рознага кшталту разбоі, дракі і г.д. Ну да прыкладу. Сустрэў я ў першы ж дзень , у адстойніку (пра каторы пісаў у мінулым артыкуле), васемнаццацігадовага хлопца, што быў арыштаваны па гучнай справе – за драку ў прыгараднай электрацыі. Пра здарэньне гэтае шмат пісалі, але нагадаю вам агульныя моманты. На Дзень гораду, што адзначаўся ў Менску 3-4 верасьня, моладзь учыніла масавую драку ў электрацыі Менск-Асіповічы. Двух хуліганаў затрымалі, і з адным зь іх я сустрэўся ў турме. Мікалай (назавем так умоўна гэтага падлетка) распавёў мне, што некалькі маладзёнаў учынілі драку ў электрацыі, калі яна яшчэ выязджала зь Менску, а потым колькасьць удзельнікаў патасоўкі павялічылася і на адным з прыпынкаў моладзь вываліла з вагонаў, працягваючы драку на вуліцы, а частка хлопцаў пачала кідаць па вагонах каменьнямі, з-за чаго электрацы трэба было рамантаваць. Але самае страшнае тое, што некалькі пасажыраў атрымалі пашкоджаньні здароўя. Так да лекараў зьвярнулася дзяўчына, бо ў яе быў парэзаны твар ваконным шклом, у якое патрапіў камень. За гэтае і быў затрыманы Мікалай са сваім сябрам. На маё пытаньне: “Дык што, гэта ты кінуў камянём па дзяўчыне ?”, Мікола адказаў пацісканьнем плячэй, бо, маўляў, кідала іх чалавек 30. “Дык а чаму ж тады тут ты ?” – зноў запытаўся я. “Ну, — мяне злавілі” – са сьлязьмі на вачох вымавіў мой суразмоўца. Безумоўна, праваахоўным ворганам трэба было вельмі хутка знайсьці злачынцу ў гэтай гучнай справе й адказаць на пытаньне грамадзтву – дык хто ж віноўны ў гэтых жахлівых пагромах ? Хлопцаў злавілі. Адказ далі.

Не, я зусім не зьбіраюся апраўдваць майго выпадковага знаёмага, але. Але ўзьнікае пытаньне – судзьдзі хто ? А судзьдзі тыя, хто дазволіў на масавае сьвята сталіцы гандляваць гарэлкаю і ,ну як без гэтага, яе ўжываць. У сувязі з усёй гэтай гісторыяй мне спадабалася тлумачэньне аднаго высокага міліцэйскага чына (на вялікі жаль не памятаю ягонае імя), каторы казаў накштальт: “А што нас абвінавачваюць у кепскай ахове электрацыі ? Добра мы яе ахоўвалі – там быў неабходны нарад спэцназу з трох чалавек. І ня думайце, што каб у той дзень мы павялічылі іх колькасьць да 10 чалавек, дык здолелі б спыніць гэтую драку. Там жа было некалькі соцень пьяных падлеткаў!” Вось гэта дык на табе! – некалькі соцень пьянае моладзі. І гэта ў абвешчаны гарантам Канстытуцыі год мацярынства і барацьбы з пьянствам ?! Як такое магло здарыцца ? Хто ж напаіў гэтыя некалькі соцень, а разам зь імі і некалькі соцень тысячаў менчукоў ? Дзе зараз гэтыя злачынцы ? Можа ў вадной з закрытых ці забароненых Міньюстам грамадзкай арганізацыі ? А можа ў турме ? Ды не, — не сустракаў ні там, ні тут. Атрымоўваецца, што сапраўдныя злачынцы, каторыя папускаюць наркаманію і пьянства сярод моладзі, працягваюць сядзець у сваіх утульных крэслах і складаць падручнікі па ідэалёгіі дзяржавы. “X”. А ахвяры іхняе палітыкі працягваюць сядзець у турмах.

Гэтыя невясёлыя жыцьцёвыя разважаньні фармуюць пытаньні на ятолькі перад гарантам і ягоным чынавенствам, але і перад намі. Мы мусім адказаць сабе і грамадзтву – што супрацьпаставіць гэтаму злу, каторае з кожным днём руйнуе ўсё больш чалавечых лёсаў.
Маладафронтаўцы і сябры з царквы перадалі мне шмат хрысьціянскае літаратуры. І я імкнуся, каб як мага болей маіх сукамэрнікаў зацікавіліся гэтымі кнігамі і пачыталі некаторыя. І вось адзін васемнаццацігадовы хлопец, прачытаўшы некалькі жыцьцёвых гісторыяў пратэстанцкіх прапаведнікаў, кажа мне : “Ведаеш, я шмат што зразумеў і перакананы, што ўжо ня буду жыць так, як жыў раней. Разумееш, працягвае ён, — маёй маці, давала розную літаратуру такога кшталту, суседка, але раней я ня мог асэнсаваць гэтых кнігаў, а тут, з тваёй дапамогаю, адкрыў для сябе шмат якія ісьціны”.

І я падумаў – а што, калі б да яго і дзесяткаў тысячаў такіх як ён мы пасьпелі данесьці Ісьціну раней, чым гэтыя хлопцы, падштурхаемыя дзяржаваю, абралі шлях дэградацыі ? Але я перакананы, што мы можам выратаваць яшчэ многіх і многіх зь іх! І мы зробім гэта, калі супрацьпаставім злу – Жывое Божае Слова. Бо толькі Яно можа спыніць дэградацыю нашага народу! Толькі Яно здольнае адкрыць моладзі вочы і паставіць яе на шлях Праўды й Справядлівасьці!

Падзяліцца:

Каментары