Абалоньскі працэс

Абалоньскі працэс

12 снежня беларускі пакет дакументаў на ўступленне разгледзела працоўная група Балонскага камітэта. Вынікі працы групы будуць прэзентаваныя на саміце міністраў адукацыі 47 краін – удзельніц Балонскага камітэту ў красавіку 2012-га, калі і будзе вынесенае канчатковае рашэнне – быць Беларусі ўдзельніцай Балонскага працэсу ці не. Для тых, хто дагэтуль не вельмі дакладна разумее, што гэта за халера такая – Балонскі працэс, мы склалі падрабязную інфаграфіку.

Уладзімір Дунаеў, адзін з аўтараў альтэрнатыўнага дакладу пра стан беларускай вышэйшай адукацыі:

«У 2002 годзе, калі была зробленая першая спроба ўключыць Беларусь у Балонскі працэс, распрацоўвалася адпаведная прававая база. Тады ўпершыню зафіксавалі мадэль “бакалаўр–магістр”, распрацавалі некалькі спецыяльных законаў і нават прынялі ў першым чытанні Закон аб вышэйшай адукацыі, дзе фіксаваліся фундаментальныя прынцыпы ўніверсітэцкай аўтаноміі ды акадэмічныя свабоды.

Аднак у 2004 годзе пачаўся працэс самаізаляцыі беларускай адукацыі. Гэта было адказам на рост апазіцыйнасці студэнцтва, прычынай якога абвясцілі заходні ўплыў. Ход Закона аб вышэйшай адукацыі быў спынены, і зачынілі шэраг навучальных установаў, сярод якіх, да прыкладу, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Было абвешчанае вяртанне да савецкай мадэлі адукацыі.

У 2007 годзе Закон аб вышэйшай адукацыі быў прыняты, аднак артыкулаў пра акадэмічныя свабоды і ўніверсітэцкую аўтаномію там ужо не было.

Кодэкс аб адукацыі, які ўступіў у сілу ў 2011 годзе, толькі працягвае гэтую лінію: універсітэцкая супольнасць згодна з ім не мае ніякіх інструментаў для ўплыву на кіраванне ВНУ: рэктары, якія ёсць наўпроставай уладай ва ўніверсітэтах, не абіраюцца саветамі ВНУ або апякунскімі саветамі ды нават не падсправаздачныя акадэмічнай супольнасці.

Фактычна, адсутнасць аўтаноміі ўніверсітэтаў азначае, што кіраўніцтва ўніверсітэту не можа абараняць інтарэсы студэнтаў і выкладчыкаў, а здольная толькі выконваць даручэнні, накіраваныя зверху. Гэта вядзе нават да таго, што ВНУ ў Беларусі выкарыстоўваюцца як інструменты палітычных рэпрэсій.

Балонскі працэс – усяго толькі інструмент, і трэба разумець, навошта ён патрэбны. Гэта не панацэя, там таксама ёсць свае хібы. Аднак цяпер ён – рэальны шанец рэфармаваць сістэму адукацыі, каб яна больш суадносілася з патрэбамі сучаснага грамадства. Але цяпер рэч яшчэ і ў тым, што ніякіх працэдур выключэння з Балонскага працэсу няма, і няма нават механізмаў прымусу да выканання ў межах Балонскай сістэмы».

http://34mag.net

Падзяліцца:

Каментары

  1. Ales (Dec 17, 2011:21:17)Адказаць

    Ведаю багата палякаў, якія выступаюць супраць Балонскага працэсу, гэтая праграма разлічаная на высокі ўзровень унутранай самаарганізацыі і свядомасці студэнтаў, да чаго нам яшчэ расці і расці.