Ад Аўтуховіча прыйшоў першы ліст пасля ўскрыцьця венаў

Ад Аўтуховіча прыйшоў першы ліст пасля ўскрыцьця венаў

Палітвязень Мікалай Аўтуховіч даслаў на волю віншаваньне з Калядамі ды Новым Годам.

Прыгожую паштоўку з выяваю Чырвонага касьцёла атрымалі ўдзельнікі штодзённых малітваў ля таго самага менскага храма. Паводле словаў малітоўнікаў, яны былі надзвычай радыя атрымаць віншаванку ад Аўтуховіча найперш таму, што гэта сьведчыць пра паляпшэньне ягонага здароўя.

Паштоўка датаваная 22 сьнежня, гэта значыць, што яна была падпісаная ўжо пасьля трагічнага інцыдэнту з ўскрыцьцём венаў. У сваёй паштоўцы Мікалай Аўтуховіч піша: “Сардэчна віншую ўсіх сяброў ініцыятывы “Нельга забыць” са сьвятам Божага Нараджэньня й Новым 2012 годам. Прыміце шчырыя словы падзякі за тое, што робіце дзеля Беларусі, за нашу падтрымку. Усім жадаю моцнага здароўя, шчасьця. Посьпехаў ва ўсіх справах! Жадаю як мага хутчэй жыць у Свабоднай Беларусі”.

Нагадаем, два тыдні таму з Івацэвіцкай калёніі ад вязьняў паступіла трывожнае паведамленьне, што Мікалай Аўтуховіч ускрыў сабе вены на руках. Паводле словах зэкаў, палітвязьня пасьпелі выратаваць, ягоны стан нармалізаваўся, зараз яму робяць перавязкі. Напачатку адміністрацыя калёніі адмаўляла інцыдэнт, але потым пацьвердзіла сваякам Аўтуховіча гэтую інфармацыю. Начальства калёніі адмовілася назваць прычыны здарэньня.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі ад вязьняў, Мікалая Аўтуховіча пасадзілі ў камеру для “апушчаных”. З турэмных звычаяў вядома, што з такой камэры трэба выйсьці любымі шляхамі цягам дзесяці хвілінаў, іначай асуджаны сам пераходзіць у статус “апушчанага”. Зь ім перастаюць камунікаваць іншыя зьняволеныя, яму забаронена сядаць за агульны стол пад час абедаў ды карыстацца агульнымі побытавымі рэчамі.

Таксама выказваецца вэрсыя, што супраць Аўтуховіча была зьдзейсьнена правакацыя, і жылы яму пашкодзіў нехта іншы. У сваім калядным лісце вязень піша выключна віншаваньні, не ўзгадваючы гэтую шумную гісторыю.

Паводле “Польскага Радыё для Беларусі”

Падзяліцца:

Каментары