Адваюем права на выбар! Падтрымаем Рамана Пратасевіча!

Адваюем права на выбар! Падтрымаем Рамана Пратасевіча!

Жарсці вакол кандыдата ў дэпутаты менскай Моладзевай палаты Рамана Пратасевіча накаляюцца. Арганізатары выбараў усімі сродкамі стараюцца не дапусціць хлопца да ўдзелу ў выбарах.

Раней мы пісалі пра тое, што анкета Рамана Пратасевіча яшчэ не размешчаная на сайце для галасавання, хаця ўласна галасаванне пачалося 2 дні таму. У панядзелак адміністратары паабяцалі выправіць памылку і абнуліць вынікі галасавання на наступны дзень, аднак у  аўторак нічога не змянілася.Больш за тое, адміністратар Сяргей Юрчук заявіў, што Раман Пратасевіч наўпрост не падаў заяўку. Гэтая хлуслівая тэза абвяргаецца скрыншотам, зробленым Раманам, на якім дакладна бачна, што заяўка была адасланая яшчэ 4 снежня (фота ніжэй).

Відавочна, што БРСМ, які праводзіць выбары ў Моладзевую палату, усімі праўдамі і няпраўдамі спрабуе пазбавіцца ад незалежнага кандыдата Рамана Пратасевіча. У суполцы “Укантакце” адміністратары ігнаравалі пытанні хлопца, заўвагі і скаргі ягоных паплечнікаў выдалялі, а людзей банілі.

У адказ на дзеянні арганізатараў у дачыненні Рамана Пратасевіча “Укантакце” распачала працу суполка “Мы супраць дыскрымінацыі Рамана Пратасевіча на выбарах у Моладзевую палату”.

“Мы заклікаем Вас, калегаў Рамана Пратасевіча па выбарах, быць салідарнымі з ім! Вы можаце паспрыяць таму, каб нарэшце была выпраўлена гэтая недарэчнасць, і анкета Рамана Пратасевіча з’явілася сярод удзельнікаў выбараў. Проста дашліце наступнае пытанне ў суполку “Укантакце” (http://vk.com/mp2011by) у выглядзе каментара пад апошнім постам: “Чаму няма анкеты Рамана Пратасевіча?”, — звяртаюцца адміністратары суполкі да іншых кандыдатаў у дэпутаты Моладзевай палаты.

Заклікаем і Вас, нашых чытачоў і прыхільнікаў, актыўна далучацца да дзейнасці суполкі і рэклямаваць яе ва ўсіх даступных сацыяльных сетках. Калі Вы не зарэгістраваныя ў сацсетках,Вы можаце напісаць скаргу па емэйле mp2011by@mail.ru.

Калі мы не здольныя абараніць малага, дык і вялікае будзе нам не па сілам. Мы мусім адваяваць права на месца ў Моладзевай палаце!

Дзейнічаем! Паставім БРСМ на месца!

 

Падзяліцца:

Каментары