Адышоў у вечнасьць Рыгор Барадулін

Адышоў у вечнасьць Рыгор Барадулін

Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін адышоў у лепшы сьвет увечары, 2 сакавіка 2014 году.

Рыгор Барадулін памёр на 79-ым годзе жыцьця. Шмат гадоў гэты выдатны паэт, цудоўны і сьціплы чалавек ды вернік, які належыў да грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа ў Менску, шчыра служыў сваім мудрым і ўзьнёслым словам сваім суайчыньнікам і братам па веры.

Прымі яго, Божа! Вечная памяць!

Рыгор Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 году, на хутары Верасоўка, Ушацкі раён, Віцебская вобласьць.

Працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданьнях (сярод іх — газета «Советская Белоруссия», часопісы «Бярозка», «Полымя»), а таксама ў выдавецтвах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура». У выдавецтве «Мастацкая літаратура» працаваў больш за 20 гадоў, працаваў рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі. У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР прымаў удзел у 39-й сэсіі Генеральнай Асамблеі ААН (1984).

Пачаў друкавацца з 1953 году, першыя вершы былі зьмешчаныя ў газеце «Чырвоная змена». Першы зборнік паэзіі — «Маладзік над стэпам» — выйшаў у 1959 годзе.

Да 25-годдзя пантыфікату Папы Яна Паўла II Рыгор Барадулін пераклаў на беларускую мову яго кнігу паэзіі «Рымскі трыпціх» і меў магчымасьць пабачыцца з пантыфікам на асабістай аўдыенцыі ў Ватыкане 28 чэрвеня 2004 г. У 2005 годзе выйшаў зборнік малітоўнай паэзіі «Ксты». Зборнік «Руны Перуновы» (2006), у які ўвайшла выбраная лірыка, таксама насычаны духоўнымі вершамі.

Пераклаў на беларускую мову п’есу «Вей, вятрок!» Яна Райніса (1980), зборнікі твораў «Блакітны звон Грэнады» Гарсія-Лоркі (1975), «Мелодыя каліны» Івана Драча (1981), «Ветраліст» Габрыелі Містраль (1984), «Рубаі» Амара Хаяма (1989); «Слова пра паход Ігараў» (1986), кнігу Яна Паўла II, а таксама асобныя творы Шэксьпіра, Байрана, Неруды, Гільена, Міцкевіча, Бранеўскага, Ясеніна, Гамзатава.

Рыгор Барадулін — апошні беларус, якому надалі званьне Народнага паэта (1992). Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы (1976) за зборнік вершаў «Рум» і пераклады з Фэдэрыка Гарсіі Лоркі, Ордэнам Дружбы народаў, Ордэнам Знак Пашаны, латышскім Ордэнам Трох Зорак (атрымаў званьне Афіцэра Ордэна (4 ступень) 23 красавіка 1997 г.) і медалём Францыска Скарыны. Барадулін зьяўляецца Ганаровым доктарам БДУ й ганаровым грамадзянінам Ушацкага раёну.

У 2006 годзе кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры (за зборнік вершаў «Ксты»).

МАЛАДОМУ ФРОНТУ у дні народзінаў

Маладафронтаўцы!
Ваш голас чую
І перад вамі галаву сьхіляю
Вы —
Незабытая надзея тая,
Што мусіць ратаваць
Зямлю сьвятую.

Зямля завецца
Беларусьсю нашай.
Яна як маці просіць заступіцца.
Хай лёс не абміне вас
поўная чашай,
Дзе пераможцу дадзена напіцца.

Хоць да свабоды вузкая дарога,
Вам суджана
Яе зрабіць гасьцінцам.
І толькі той
Заслужыць ласку ў Бога,
Хто не дазволіць
панаваць чужынцам.

Фронт Малады,
З Народным Фронтам
Разам
У заўтра йдзі ў
Змагарніцкім хаўрусе!
Фронт Малады,
Ты будзеш першым сказам
У гімне Незалежнай Беларусі!

Народны паэт Беларусі, Рыгор Барадулін. 17 траўня, 1997 г.

Падзяліцца:

Каментары