Адзін дзень каля Акрэсьціна

10.07.2011:00:07
0
859
Беларусь
Адзін дзень каля Акрэсьціна

Уражаньнямі дзеліцца Міхаліна Дзятлік.

Была сёньня ўпершыню на Акрэсьціна і першы дзень у адноўленай валантарскай ініцыятыве Анёл-Ахоўнік.У валантарскай ініцыятыве я ўжо бывала пасьля падзей Плошчы, але тады займалася пакаваньнем перадач на сядзібе БНФ. Зараз БНФ у асадным становішчы, ды і ўвогуле не выказвае ніякага жаданьня дапамагчы арыштаваным падлеткам, а таму валантарскі лагер “раскінуўся” проста пад сьценамі Акрэсьцінскай турмы, у цяньку тузіна бярозак.

А вось гэта — “залатыя” бутэлькі, у якія патрабуюць пераліваць сокі з кардонных пачак. “Залатыя” яны ў двух сэнсах: па-першае, іх заўсёды не стае, а па-другое, адна такая бутэлька каштуе каля 1200 рублёў.

На завулку Акрэсьціна прабыла недзе з 11 гадзін раніцы і да 4 дня і за гэты час паспела перадаць толькі дзьве перадачы. Чэргі там аказаліся не такімі ўжо даўжэзнымі, якімі я ўяўляла іх сабе з газэтных апісаньняў. Уся праблема ў тым, што прымае перадачы толькі адзін міліцыянт — раскручвае кожную бутэльку, разглядае і нюхае вадкасьць, ператрушвае кнігі, прашчупвае вільготныя сурвэткі так, што з іх пырскае вада, падазрона разглядае мыла, быццам туды нешта заплавілі… Дарэчы, людзі ў чарзе расказвалі, што ўчора адна жанчына перадала гаспадарчае мыла, у якое умудрылася заплавіць мабільны тэлефон!!! Ня ведаю, як яго вышукалі міліцыянты, але з-за гэтага пасля абеду ўчора перасталі прымаць перадачы.

 

Праўда, сваякі і валантары не стаяць увесь час у чарзе — спякота невыносная — адыходзяць у цянёк, альбо асвяжыць твар да калонкі, валантары ўвесь час бегаюць, даюць парады, дакладваюць перадачы — таму ў чарзе за нас з большага стаялі спакаваныя перадачы))

Недзе каля абеду хлопцы злаўчыліся выкінуць з вакна камеры яшчэ адну невялічкую цыдульку. трафей дастаўся пільнаму фатографу, а моладзь з чаргі трохі ажывілася, сталі ўзірацца ў траву — а раптам дзе яшчэ што выкінутае і непрыкмечанае.
Не абыйшлося і бяз непрыемных інцыдэнтаў. Двойчы праз акрэсьцінскую пляцоўку праходзіў нейкі алкаголік — прыхільнік рэжыму, гучна абураючыся нашай незадаволенасьцю жыцьцём, акцыямі Маўклівай Рэвалюцыі. Добра, што хоць словы выбіраў, не асабліва брудна лаяўся.

Абурае, што ля размеркавальніка няма ніводнай лавы. Разумею, што чэргі, магчыма, узнікаюць толькі, калі ІЧУ і ЦІП напаўняюць удзельнікамі акцый, але ж такое напаўненьне ў нашай краіне сістэматычнае і можна б было паклапаціцца аб людзях.

http://m-dziatlik.livejournal.com

Падзяліцца:

Каментары