“Адзіны для сваіх”.

“Адзіны для сваіх”.

Дадзеным артыкулам я не абагульняю ўсіх дзеячоў апазыцыі й ня маю на мэце навесьці на некага паклёп. Гэта проста мае меркаваньні. Я не дыплямат, таму магу казаць тое, што думаю. Адразу прашу прабачэньня, калі абражу кагосьці ці зачаплю за жывое.

Калісьці Зьміцер Дашкевіч мне сказаў, што чарговае затрыманьне перажывае як першае. Сапраўды, кожны раз затрымоўваюць па рознаму: ці то ў кватэры, якую здымаю разам зь сябрамі, ці то ў мятро. Апошнім разам затрымлівалі супрацоўнікі Службы бясьпекі прэзідэнта, якія й перадалі мяне ў рукі доблесных патрульных міліцыянтаў. Але амаль кожнае затрыманьне суправаджаецца нязьменным пытаньнем:” Ну, колькі заплацілі?”.

Падчас першых затрыманьняў я зь пенай ля рота пераконваў міліцыянтаў (калі тыя былі адэкватныя), што за тое, што я роблю, мне было б сорамна браць грошы, нават калі б і плацілі. Ідэйны я. Калі ж не было настрою, ці мянты былі “непрабіўныя”, з сур’ёзным тварам казаў, што яны за год столькі не заробяць, нават калі будуць затрымліваць мяне штодня=)

Сукамернікі таксама нярэдка закранаюць тэму “палітычнага заробку”. І якое ж зьдзіўленьне (а хутчэй нават недавер) у іх выклікае мой адказ, што на жыцьцё я зарабляю грузчыкам ці падсобнікам на будоўлі!…

Канешне, ідэялягічная “прамыўка мазгоў” на працы й з дапамогай дзяржаўных СМІ, выказваньні ў адрас апазыцыі “кіраўніка краіны” наклалі адбітак на грамадскае меркаваньне аб сёньняшніх дэмакратычных сілах. Але ёсьць адзін нюанс. Я упэўнены,  што пераважная большасьць адэкватных, псыхічна здаровых беларусаў добра калі й глядзяць які футбол (хакей, фільм) па беларускаму “Гебельс-ТВ”, а ў “чэсныя газэты” загортваюць кавалак сала ці выкарыстоўваюць іх пры адсутнасьці туалетнай паперы ў прыбіральні (ці мо як па іншаму, тут фантазію праявіць ёсьць дзе=). Мяркую, недавер да нас з боку народу выкліканы глыбейшымі прычынамі.

Бясспрэчна, што сёньня толькі маразматык можа верыць у тую бязглузьдзіцу, што нясе “Кіраўнік & Co” . Але народ ня чуў і ад г. з. “лідараў нацыі” (літару “г” можна па рознаму расшыфроўваць, у каго на колькі фантазіі хопіць) за 18 год нічога, акрамя нявыкананых абяццаньняў ды енкаў пасьля разгону чарговай акцыі. І зноў мы бачым, як нашыя “лідары” цягнуцца на Захад і ледзь ня плачуць горкімі сьлязьмі: “Зноў нас ашукалі, пабілі, кінулі за краты ;-( Але мы гатовыя далей “змагацца”, пісаць праекты на “разьвіцьцё дэмакратыіі” толькі вы іх падтрымлівайце…” Ня буду пераходзіць на асобы, не дазваляе выхаваньне. Але ж давайце глядзець у вочы праўдзе, якой мы так упарта дамагаемся…

Узгадаю нашумеўшае інтэрвію Зянона Пазьняка. Як усе нашыя “палітыкі” накінуліся на Зянона Станіслававіча: “Зьехаў за мяжу й нічога ня робіць, адно што плявузгае адтуль на ўсіх! А мы хоць “нешта” робім!” Гэтае “нешта” не дае мне спакою. Хоць я й ня маю знаёмых у КДБ, якія б мне “зьлівалі” інфу пра нашу апазыцыю, але час ад часу я думаю: як можна ня маючы працы ці бізнэсу мець па некалькі кватэраў у Менску, машыну, катацца адпачываць на курорты й г.д.? Чаму я адразу абумовіўся аб працы й бізнэсе? Ды чалавек з кляймом “змагар” ня можа мець нармальную пастаянную працу ці бізнэс, бо гісторыя нам ужо давала прыклады: чалавек, які, бы костка ў горле, перашкаджае рэжыму будзе пазбаўлены й працы й бізнэсу…

Дык мо Зянон Станіслававіч мае рацыю, наконт прадаўшайся апазыцыі? А калі так, то каму зь сёньняшніх “лідараў” патрэбныя тыя перамены? Разам зь пераменамі яны пазбавяцца й сваіх “кармушак”.

Народ у нас мо й ня вельмі кемлівы, але два плюс два скласьці можа. Дык навошта яму нейкі “правадыр”, што абяцае “сьветлую будучыню”. Зразумела, што пры замене аднаго хапугі іншым,вынік застанецца нязьменным… Адсюль і недавер, і апатыя нашага народу…

Ужо пачаліся размовы пра “адзінага”кандыдата ад апазыцыі на наступныя прэзідэнцкія выбары… Але гэты “адзіны” – ніхто, калі яго падтрымлівае толькі апазыцыя (ды й тое ня ўся, як паказвае практыка).Трэба заручыцца яшчэ й падтрымкай народа, а гэта на сёньняшні дзень вельмі складана.

Таму, дарагія нашыя “лідары”, запіхніце, калі ласка, свае амбіцыі аб “адзінакандыдатстве” куды-небудзь падалей, а дакажыце народу, што вы гатовыя робіць перамены ў Беларусі. Тады мо й народ паверыць і пойдзе за кандыдатам. А інакш, хоць сто разоў абірайцеся “адзіным”, усё роўна застанецеся “адзіным для сваіх” .

Падзяліцца:

Каментары