Акцыя салідарнасці з Дашкевічам у Кіеве

Акцыя салідарнасці з Дашкевічам у Кіеве

20 ліпеня, у дзень народзінаў Змітра Дашкевіча акцыю падтрымкі ў Кіеве арганізавалі Рух салідарнасці “Разам” і Беларускі цэнтр у Украіне. Удзельнікі акцыі трымалі партрэты Дашкевіча,бел-чырвона-белыя беларускія сцягі і вялікі плакат з надпісам “Чырвоная чума — тэрор і турма”.

Актывісты патрабавалі ад цяперашняй улады Беларусі неадкладна вызваліць Дашкевіча. Асаблівае абурэнне тых, хто сабраўся выклікала паведамленне аб узбуджэннi новай крымінальнай справы супраць палітвязня ўжо ў турме за парушэнне рэжыму.

У беларускага пасольства ў гэты вечар гучалі заклікі “Свабоду Дашкевічу!”, “Жыве Беларусь!”, “Верым, можам, пераможам!”, “Свабоду палітвязням!”, “Свабоду не спыніць!” У завяршэнне акцыі для імянінніка выканалі гімн “Магутны Божа”.

Па словах старшыні Руху салідарнасці «Разам» і «Беларускага цэнтра» ва Украіне Вячаслава Сіўчыка, рэжым Аляксандра Лукашэнкі не адчувае гэтага процідзеяння з боку заходніх дэмакратый.

«У праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі няшмат саюзнікаў на Захадзе. Гэтая барацьба, можна сказаць, ідзе ў адзіночку. А краіны, якія купляюць беларускія нафтапрадукты, тым самым падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, хоць і кажуць, што ён “апошні дыктатар Еўропы”. За 16 гадоў ва ўладзе з дыктатара ён даўно ператварыўся ў монстра, які загубіў грамадзянскія каштоўнасці і свабоды ў рэспубліцы »

Паводле яго слоў, у дзень, калі Зміцер Дашкевіч за кратамі адзначае чарговы дзень нараджэння, хацелася б выказаць салідарнасць з гэтым маладым беларусам без палітычнага пафасу.

«Сёння Дзмітрыю спаўняецца 31 год — ён мой сапраўдны сябар і калега, мне вельмі балюча, што ён, як і іншыя беларускія патрыёты, знаходзіцца пад прэсам улады. Вельмі балюча, калі твае сябры і калегі знаходзяцца за кратамі ў Беларусі і немагчыма як-небудзь паўплываць на іх вызваленне », — кажа Вячаслаў Сіўчык.

“Гэтай акцыяй мы жадаем яго падтрымаць і пераканаць, што не забыліся пра яго. Зьміцер Дашкевіч — сапраўдны герой, ён вельмі мужны чалавек. З усяго часу знаходжання ў турме ён правёў паўгода ў адзіночнай камеры. Гэта вельмі нялёгка. Але чалавека не зламалі. Ён ўсё вытрымаў. І просьбу аб памілаванні, якую з яго выбіваюць ўжо два гады, не падпісвае “, — сказала каардынатар Беларускага Цэнтра ў Украіне Юлія Шаўлоўская.

Падзяліцца:

Каментары