Алесь Кіркевіч: “Чыясьці рука мне ўвесь час памагае”

Алесь Кіркевіч: “Чыясьці рука мне ўвесь час памагае”

Асуджаны за масавыя беспарадкі маладафронтавец Алесь Кіркевіч пачаў пісаць вершы задоўга да арышту. Публікуем два вершы Алеся, напісаныя за паўгады да падзеяў 19 сьнежня 2010.

 

Мая краіна

Я атрымаў благаславенне
За што?
Ня ведаю: слабы, нікчэмны, голы
Сваі грахі нясу ў падоле
Каб раніцай заснуць у падполлі
Казаць бясконцае: “ніколі”
Даволі…

Навошта я? Чаму?
Дзя узяці сілы?
Каб блаславенне ўтрымаць
Не здрадзіць Богу
Не патрапіці ў магілу
Сваёй распусты і граху…
Што застаецца мне?
Сказаць: “Магу”

Ідзі. Рабі. Тваё жніво.
Не маеш права
Сядзець і енчыць пад акном бясконца
Учора — пошасць, сёння — куля — твая страва
І зноў бязбожны “панскі аканом”
Ад кулі ўпадзе, бо ён — ахвяра
Каб нам закласці наш агульны дом.

Алесь Кіркевіч, Гародня, 2010 г.

 *  *  *

Гаючая ласка
Сцірае ўспаміны
Усім дараваўшы
Я невад закіну

І выцягну казкі, набоі, лістоўкі,
Свае дакументы, чужыя паштоўкі,
Дзве позвы, тры спраўкі
і фота на пашпарт
(сваё ці чужое?
— Не сёння, не важна)

Мне цяжка цягнуці
Бо бераг трымае
Чыясьці рука мне ўвесь час памагае
Чыя? — я не ведаю,
Потым спытаю…

Я выцягну сэрца,
вадой што зцякае
Я выцягну порах,
які не змакае

Я выцягну вершы,
Якім няма роўных
Я выцягну месяц,
зацменне
і поўню…

Над Нёманам хмары
Пайшлі чарадою
Іх гоніць мой Госпад
Усё той жа рукою.

Без Бога — жабрак я
Без права і волі,
Без сэнсу й любові,
Без хлеба і долі.

Але, ў кожнай ночы хапае смугі:
Ты толькі няслушнай рукі не вазьмі…

Алесь Кіркевіч, Гародня, 2010 г.

Алесь Кіркевіч — удзельнік Плошчы 19 сьнежня 2010 г., быў затрыманы за ўдзел у акцыі салідарнасці з палітвязьнямі 24 сьнежня пад сьценамі ізалятара, што па менскім завулку Акрэсціна. Асуджаны на 10 сутак. У той час пад арыштам на Акрэсьціна знаходзілася й яго будучая жонка, студэнтка Люблінскага ўнівэрсытэту Надзея Крапівіна. Іх шлюб адбыўся 22 студзеня. На волю Алесь выйшаў 3 студзеня, а праз 3 дні быў асуджаны на штраф за арганізацыю перадвыбарчай сустрэчы кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча.

Арыштаваны 28 студзеня пасьля ператрусу ў яго на кватэры і допыту ў Гродзенскім КДБ па справе аб масавых беспарадках. Адвезены ў Менск і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Юнака абвінавацілі паводле ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэксу. Асуджаны на 4 гады зьняволеньня.

Глядзіце таксама:
Вершы Алеся Кіркевіча
Малюнкі Алеся Кіркевіча

Падзяліцца:

Каментары