Алесь Дзянісаў: Лічу ўдзел у Маратоне Салідарнасьці з палітвязьнямі справай гонару

Алесь Дзянісаў: Лічу ўдзел у Маратоне Салідарнасьці з палітвязьнямі справай гонару

26 студзеня на сядзібе БНФ адбылася чарговая вечарына Маратону Салідарнасьці “За нашую й вашую Вольнасць!”. 

Алесь Дзянісаў — гарадзенскі музыка, рок-паэт, заснавальнік музычных праектаў “Людзі на балоце”  і “Dzieciuki”(Дзецюкі), сёньня выступіў зь вялікім, амаль двохгадзінным, канцэртам у гонар сучасных беларускіх палітвязьняў, у гонар паўстанцаў-каліноўцаў (150–годзьдзе вызвольнага паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага адзначаюць у гэтыя дні ўсе патрыёты Беларусі). Алесь выканаў песьні з азначаных праектаў, а таксама й з наступнага, новага альбома з працоўнай назвай “На белых аблоках сноў”, у тым ліку й на цудоўныя вершы гарадзенскай паэткі Дануты Бічэль.



Кастусь Каліноўскі. Каляндар Таварыства Беларускай Мовы з арыгінальнага фота Ахілы Банольдзі, 1863.

Трэба згадаць, што падчас сёнешняга выступу Алеся на Маратоне прыйшла й непрыемная навіна — улады забаранілі канцэрт групы “Дзецюкі”, які павінен быў адбыцца сеньня-ж а 19-й у адным з клюбаў Менска, пры чым забаранілі пасьля тэлефанаваньня з КГБ у дырэкцыю клюба. Да клюбу нават прыгналі два аўтазакі.  Людзі, якія прыйшлі на Маратон Салідарнасьці, выказалі музыкам сваю падтрымку і павагу: “Правільны шлях абралі ў сваей творчасьці музыкі, калі іхнія канцэрты забараняе сам “камітэт””. Улады баяцца  папулярнасьці “Дзецюкоў”,  бо баяцца нават ценяў паўстанцаў-каліноўцаў, іншых Змагароў за незалежную Беларусь, баяцца сваіх-жа палітвязьняў, баяцца змаганьня народа за Вольнасьць, за права Беларусамі звацца. Чытаць: У Менску забаронены выступ гродзенскага гурту Dzieciukі.


Прамова вядоўцы на пачатку імпрэзы. Швэдар у яе выкананы ў колерох нацыянальнага сьцягу “Беларусь пад акупацыяй”.

Пасьля вечарыны удзельнікі падпісалі палітвязьням паштоўкі. Віншавальныя паштоўкі са 150–годзьдзем паўстаньня касінераў і кішэнныя календарыкі з выявай Кастуся Каліноўскага было вырашана даслаць кожнаму з 14 беларускіх палітвязьняў. Асобна адзначылі Міколу Статкевіча, над партрэтам якога прышпілілі легендарны значак з выявай народнага правадыра, нескаронага расейскімі акупантамі, і бел-чырвона-белым сьцягам, нагадаўшы прысутным, што сябры Беларускага Згуртаваньня Вайскоўцаў, стваральнікам якога быў Мікола Статкевіч, насілі такія значкі разам з Пагоняй.

Пытаньне да Ганны Шапуцькі, адной з куратарак Маратону: Ганна, калі не сакрэт, распавядзіце, як вы на гэных гарадзенскіх дзецюкоў выйшлі?

— Алеся Дзянісава, былога вакаліста “КальЯна”, які грае фолк-панк на беларускай мове, я вырашыла запрасіць адразу, калі пачула іхні (“Дзецюкоў”)  новы альбом “Людзі на балоце”, прысьвечаны антыбальшавіцкаму супраціву. Я падумала, што калі людзі выконваюць такія песьні, то яны вельмі любяць Беларусь, перажываюць і за палітвязьняў, за іхных родных — і не памылілась. Запытала ўАлеся Кіркевіча пра іх, і ён таксама параіў запрасіць да ўдзелу ў Маратоне Салідарнасьці. Далей я зьвязалась праз Фэйсбук з лідэрам групы Алесем Дзянісавым і той адразу даў згоду. Складанасьць была толькі ў тым, што хлопцы самі з Горадні. Але-ж якраз у гэтыя дні, 25-26 студзеня, у іх былі заплянаваныя канцэрты ў Менску. І мы з Алесем дамовіліся, што паміж канцэртамі ён прыедзе на сядзібу і падтрымае палітвязьняў. І ён стрымаў свае слова. Канцэрт адбыўся.


У правым баку фота, на нацыянальным сьцягу — “Лісты з-пад шыбеніцы” Кастуся Каліноўскага.

— А колькі ўжо разоў была падхопленая эстафэта Маратону?

— Юрась, я палічыла, гэта як раз 25-я вечарына Маратона Салідарнасьці. Распачаўся ён 10-га верасьня. Дзякуй усім беларускім творцам — музыкам, мастакам, паэтам і г.д, якія, не гледзячы ні на якія перашкоды, прынцыпова адкрыта змагаюцца за свабоду палітвязьняў. Гонар ім і пашана. Жыве Беларусь!

— Жыве ў вольнай Эўропе!

Fota navicki. Аll rights reserved.

Бонус: Мой конік. Сьпявае Алесь Дзянісаў.

Паводле “Беларускі Партызан”

Падзяліцца:

Каментары