Аліна Фартуна: улада Беларусі баіцца добраахвотнікаў

Аліна Фартуна: улада Беларусі баіцца добраахвотнікаў

Ня так даўно КДБ затрымала ў Менску маладую добраахвотніцу з Украіны Аліну Касоўскую. Ёй пагражалі 10 гадамі пазбаўленьня волі, аднак адпусьцілі, папярэдне скраўшы беларускую нацыянальную сымболіку.

Аб тым, што адбывалася, мы паразмаўлялі зь дзяўчынаю пад пазыўным «Фартуна» асабіста. Уразіла ейная спартанская ляканічнасьць і вайсковая сухасьць. Усё ж вайна мяняе людзей.

— Аліна, распавядзі калі ласка трохі пра сябе?

— Што распавядаць? Баец АТА ў складзе «Правага сэктару». Сама з Краматорску. 19 год. Колішняя гімнастка, алімпійскі рэзэрв Украіны. Родных увогуле ня маю.

— Што гэта было з боку беларускага КДБ, на тваю думку: асабістая нянавісьць да патрыётаў, што ваююць за Ўкраіну, ці загад Масквы?

— Думаю, улада Беларусі баіцца добраахвотнікаў, бо гэта ідэйныя людзі, матываваныя, яшчэ й з баявым досьведам. Мабуць, і не без удзелу РФ.

— Чаму, як ты мяркуеш, цябе не пасадзілі, а загадалі ехаць? Можа, ад таго, што беларускія ўлады ў сваёй гульні ня хочуць вельмі сварыцца з паўднёвым суседам?

— Не пасадзілі, бо пэўна ж, не жадалі скандалу. Мажліва, ім папросту трэ’ было ўзяць яґ га больш інфармацыі ад мяне і адабраць усё, што везлася зь Беларусі ў АТА. Ня толькі не пасадзілі, але й не далі мне пратакол ды не паставілі ў пашпарце забарону на ўезд.

— Як пра гэты выпадак пішуць на Радыё Свабода, ты падчас свайго адпачынку сабрала невялікія сродкі і сымболіку для нашых ва Ўкраіне. Ці пыталіся яны (кдбэшнікі) на словах запатрабаваць іх у цябе?

— Сымболіку яны ўпотай забралі, нават не сказалі. Пляншэт меліся забраць, але я іх пераканала. За грошы вымусілі купіць авіяквіток.

— Ці не пагражалі яны табе фізычнаю расправаю?

— Фізычнаю расправаю не пагражалі. Нават ня білі. Акрамя некалькіх гематомаў пры затрыманьні.

— Яны загадалі табе зьязджаць і не вяртацца? На чым грунтавалася іхнае патрабаваньне?

— Забарону на ўезд не далі, але пагрозьліва загадалі: «Лепш ня едзьце, бо тое будзе ўжо крымінальная адказнасьць, пасадзім на 10 год». Прычыну не патлумачылі.

— І апошняе. На тваю думку, хто мог дакласьці, што ты ў Беларусі?

— Пра тое, што знаходжаюся ў Беларусі, я пісала сама. Але дакладнае месца дыслякацыі не пазначала.

Падзяліцца:

Каментары