Аляксандр Сінкевіч: актуальнае інтэрв’ю

Аляксандр Сінкевіч: актуальнае інтэрв’ю

Прапануем вашай увазе інтэрв’ю з вядомым эканамістам Аляксандрам Сінкевічам.  Аўтар  сваімі шматлікімі публікацыямі апошняга часу прыцягнуў значную грамадскую ўвагу, падняў шмат пытанняў,  на якія спрабуе адказаць на старонках нашага сайта

Распавядзіце крыху пра сябе, чым Вы займаецеся?

15 гадоў таму я скончыў Беларускую Політэхнічную Акадэмію, атрымаўшы дыплом інжынера-эканаміста. У адрозненне ад большасці аднакурснікаў, мне пашанцавала ўвесь час працаваць паводле атрыманай спецыяльнасці: я быў заняты ў фінансава-эканамічнай сферы ў буйных кампаніях, а апошнія 10 гадоў узначальваю ўласную фірму, якая займаецца аўтаматызацыяй кіраўніцкага ўліку і бюджэтавання. Мы здолелі стварыць лінейку інтэлектуальных прадуктаў, якія дагэтуль запатрабаваныя на беларускім рынку, і ўтрымліваюць лідарскія пазіцыі ў сваім сектары. На эканамічную тэорыю я таксама не забываюся — чытаю лекцыі па фінансавым аналізе, міжнародных стандартах фінансавай справаздачнасці і г.д.

У гэтым годзе Вы акрамя сваёй асноўнай дзейнасці пачалі распрацоўваць праблематыку беларускай і нават сусветнай эканомікі. Некаторыя чытачы бачаць у гэтым спробу спадабацца беларускаму кіраўніцтву і нават увайсці ва ўладны пул – ці так гэта?

Зусім не. Проста калі чалавек “адбываецца” ў жыцці, дасягае чагосці, як прафесіянал,бізнэсовец, сем’янін, — то яму ўжо хочацца не толькі браць ад грамадсва, але наадварот – нешта даваць. То-бок дзяліцца сваймі ведамі, досведам, неяк дапамагаць суайчыннікам. Гэта натуральная з’ява – калі пачынаеш разумець старажытных рымлянаў і літвінскую шляхту, якія лічылі ганаровым абавязкам бескарысліва служыць сваёй Бацькаўшчыне – ведамі, маёмасцю, нават жыццём.

Таму я, прафесійны эканаміст, не магу спакойна маўчаць, калі бачу маштаб выклікаў, якія паўстаюць зараз перад чалавецтвам. Усведамленне адказнасці за сям’ю, сяброў, суседзяў прымушаюць мяне шукаць шляхі ратавання нашага краю і ўсяго кантыненту. Можа гэта гучыць даволі пафасна, але насамрэч гаворка ідзе пра практычную неабходнасць яднання, бо выжываць ці гінуць нам давядзецца разам. Менавіта таму ўжо зараз мы працуем разам у групе аднадумцаў і паплечнікаў, каб выпрацаваць агульную старатэгію дзеянняў.

Што да ўлады – яна, дзякуй Богу, існуе для мяне ў паралельным свеце, хоць часам і ўплывае на маё жыццё. Ведаючы норавы, што існуюць ва ўладных калідорах, аніякага жадання трапіць туды у мяне не ўзнікае. Іншая справа, што я не збіраюся дэманізаваць усіх людзей, што там працуюць. Упэўнены, што ва ўладзе ёсць багата не толькі прафесіяналаў, але і сапраўдных патрыётаў сваёй зямлі. І вельмі важна не адштурхнуць іх, а даць знак, што грамадства разлічвае на іх. Трэба дагрукацца да іхных сэрцаў, даць ім правільны арыентыр дзеянняў – у гэтым і палягае адна з мэтаў маіх публічных выступаў.

У сваім нядаўнім інтэрвію Вы агучылі ідэю нейкага “чацвёртага” праекту — замест капіталізму, фашызму і камунізму. Няўжо Беларусь можа стаць стартавай пляцоўкай для рэалізацыі падобных ідэй?

Мяркую, магла б яшчэ ў нядаўнім мінулым. У нашай краіне была створана магутная і досыць папулярная вертыкаль улады, рэанімавана і прымножана дзяржаўная эканоміка, зямля захавана ў грамадскай уласнасці. Было б цудоўна, калі б у гэтыя механізмы ўдалося ўдыхнуць новую сур’ёзную ідэалогію, здольную ўзвысіць чалавечы дух над прымітыўным спажывецтвам, мабілізаваць і кансалідаваць людзей вакол вялікіх звышмэтаў. Толькі такім чынам можна надаць народу волю да жыцця і да барацьбы за яго.

Аднак нашу дзяржаўную машыну, нажаль, заправілі няякаснай ідэалогіяй і эстэтыкай. Я памятаю, як у 90-я гады народ замбавалі сацыяльнай рэкламай: “Вып’ем па чарачцы, з’ядзім па шкварачцы”. Гэты лозунг у выніку звёўся ў пахабны слоган: “Чарка-шкварка-іншамарка”. Нядзіва, што Беларусь захапіў зараз дух нястрымнага спажывецтва, які ўрэшце ўвайшоў у супярэчнасць з дзяржаўнымі механізмамі – і зараз знішчае іх, як знішчыў 20 гадоў таму СССР. Зрэшты, падобныя працэсы маюць глабальны характар, і супрацьстаяць ім у адзіночку – усё адно, што далонямі спрабаваць спыніць снежную лавіну.

Але Вашы артыкулы накіраваны на спыненне гэтай лавіны, а менавіта на выратаванне беларускай дзяржавы, ці ня так?

Так, я і мае аднадумцы спадзяемся неяк паўплываць на ўладу, падштурхнуць яе да пераасэнсавання дзяржаўнай місіі. Адзін з такіх праектаў — процідзеянне тупіковаму замыканню на нацыянальным хутары пад назвай “мадэль суверэннага развіцця”, якая асуджана на правал, як кожная іншая “ідэя чучхе”. Калі Беларусь усур’ёз жадае выжыць, то ёй давядзецца прайсці гэты складаны шлях разам з суседзямі і партнёрамі па былым Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай — Літвой, Латвіяй, Украінай і Польшчай. Гэта як мінімум. І пачынаць трэба ўжо зараз — праз дыялог і супрацу патрыятычных сіл нашых краін.

А як жа расейскі фактар? Ці дапусціць Расея падобнай інтэграцыі Ўсходняй Еўропы?

Трэба разумець, што рускі народ адыгрываў і будзе адыгрываць надзвычай важкую ролю ў будучыні Ўсходняй Еўропы і ўсяго кантынента.

Таму ва ўсходняй палітыцы мы павінны не паўтараць мінулых памылак, якія ўжо абярнуліся смерцю мільёнаў лепшых еўрапейцаў з абодвух бакоў. Час перагледзець зашмальцаваныя штампы пра дзікунскіх туранскіх варвараў, альбо пра ратавальную місію святой Русі, накінутыя нам старадаўняй парадыгмай супрацьстаяння еўрапейскіх Захаду і Ўсходу, — каб паспрабаваць сінтэзаваць з абодвух традыцый нешта прынцыпова новае і больш велічнае. Інакш смерць нашай цывілізацыі стане непазбежнай.

Для пачатку давядзецца дапамагчы рускім выбрацца з той прорвы, у якую іх штурхнулі ў мінулым стагоддзі, — інакш ім не выстаяць ва ўмовах шалёнага ціску Захаду, Усходу і Поўдня. Для беларусаў гэта справа гонару – занадта шмат мы аддалі Расеі ў свой час крыві і поту, каб дазволіць зараз загінуць нашай агульнай спадчыне. Трэба шукаць там адэкватных патрыётаў, усталёўваць з імі стасункі, працаваць над агульнымі праектамі.

Вернемся да Беларусі. Цікава пачуць Вашае стаўленне да Аляксандра Лукашэнкі?

А.Лукашэнка, як кожны палітык, — фігура недназначная. На маю думку, ацэнкі пакуль рабіць зарана.

Увогуле, дзеянні ўлады трэба разглядаць праз прызму канкрэтных гістарычных абставін. У мірных умовах лепш да дзяржаўнай улады ставіцца без асаблівых эмоцый — амаль, як да надвор’я: калі вецер спрыяе чалавеку, ён гэтым мусіць карыстацца, а калі замінае — улічваць гэты фактар і рабіць на яго папраўку падчас сваіх дзеянняў.

А ў надзвычайных варунках ацэнкі будуць іншыя. Напрыклад, я ніколі асабліва не захапляўся Кадафі і ягонай Джамахірыяй, але апошнія падзеі, тое, як ён разам з са сваім народам бараніць сваю Радзіму, прымушаюць мяне выказваць яму безумоўную павагу. Падобна, для Беларусі набліжаецца падобны момант ісціны, і тое, як павядзе сябе Лукашэнка і ягоны дзяржапарат ў крытычных умовах, і вызначыць тое, як ён ўвойдзе ў гісторыю — як Панятоўскі, ці як Кадафі.

У кожным разе, зараз, ва ўмовах неабвешчанай эканамічнай вайны, развязанай супраць Беларусі расійскай і сусветнай плутакратыяй, стабільнасць улады робіцца сінонімам стабільнасці дзяржавы, і таму ацэнкі асобы прэзідэнта губляюць сваю актуальнасць.

Куды важней памятаць, што разбурэнне дзяржаўнай улады ва ўмовах эканамічнага калапаса будзе азначаць руйнацыю краіны з усімі звычайнымі наступствамі: уцёкамі найбольш кваліфікаванай часткі насельніцтва, актывізацыяй крыміналу, нелегальнай міграцыі і г.д. Да гэтых выклікаў і трэба рыхтавацца зараз, замест таго, каб разам з інфантыльнымі “лібероідамі” смяцца, назіраючы, як хістаецца беларускі дзяржаўны будынак.

То-бок Вы за захаванне моцнай дзяржавы?

Я прыхільнік моцнай дысцыпліны — у народзе, сям’і, а перадусім — у самім сабе. Раней цэнтралізацыю дысцыпліны і кіравання ажыццяўляла дзяржава — гэта і была яе асноўная карысная функцыя. Але зараз інстытут нацыянальных дзяржаў сыходзяць у нябыт, а чалавецтва ўваходзіць у зону турбулентнасці. Глабальны крызіс, арабскія паўстанні, выбухі і пагромы ў Еўропе павінны пераканаць ў гэтым нават тых, хто дзесяцігоддзямі хаваў галаву ў пясок спажывецкіх задавальненняў.

І тое, што Беларусь пакуль захоўвае інстытут моцнай дзяржаўнай улады, дае нам пэўную фору. Гэты фактар трэба зберагаць так доўга, як толькі мажліва, — прынамсі, пакуль уладныя персаналіі згодны працаваць на стабілізацыю дзяржавы — хоць бы з эгаістычных прычын. І пад гэтым парасонам трэба экстрана рыхтаваць прынцыпова новыя атрактары і інстытуцыі, здатныя адэкватна адказаць на выклікі будучыні — нават калі з часам дзяржаўны інстытут будзе знішчаны варожымі сіламі. Пад атрактарам я разумею самаарганізацыю грамадства у сетку груп узаемадапамогі і самаабароны, аб’яднаных трайной мэтай: выжыванне, перамога і пераўзыходжанне. Сеткавая структура павінна забяспечыць належны ўзровень мабілізацыі і дысцыпліны, а агульная бясспрэчная мэта замяніць дзяржаўныя інстутыты, як стрыжань грамадства.

Такім чынам, патрэбны захады па стварэнні грамадзянскай супольнасці з моцным духам калектывізму замест сучаснага індывідуалізму?

Безумоўна. Гісторыя XX ст. ведала шматлікія пошукі мадэлі грамадства, альтэрнатыўнай так званай “ліберальна-капіталістычнай”. У адным шэрагу тут стаяць розныя варыянты фашызму і камунізму, якія акрамя добра вядомых памылак здолелі прадэманстраваць неверагодныя здатнасці да калектыўнай мабілізацыі і выжывання ў крытычных умовах. Хто б мог падумаць, што СССР здолее ўтрымаць Маскву і Ленінград, маючы ўсяго адну траціну дзеючай прамысловасці? А фантастычная жыццяздольнасць нямецкай эканомікі, якая некалькі гадоў выносіла цяжар бесперспектыўнай вайны пад бясконцымі бамбардаваннямі? Падобныя здольнасці “свабоднаму свету” нават і не сняцца.

Таму я лічу, што гэтыя прыклады варта падрабязна вывучаць і пачынаць выпрацоўваць практычныя механізмы калектыўнай мабілізацыі і дысцыпліны, бо, здаецца, менавіта яны спатрэбяцца нам у бліжэйшы час. Толькі ўжывацца гэтыя інструменты будуць ў прынцыпова новых умовах, якія нагадваюць сеткавы феадалізм, дзе інстытут нацыянальных дзяржаў будзе знішчаны, а разлічваць давядзецца толькі на сябе. Час дзяржаўнага патэрналізму сыходзіць у нябыт, і будучыня выклікае мужных і актыўных людзей, здатных узяць на сябе адказнасць за лёс еўрапейскай цывілізацыі.

Крыніца: http://aljans.org

Падзяліцца:

Каментары

  1. Рыгор (Sep 01, 2011:14:29)Адказаць

    Стваральнік “чацьвертага” праекту замест капіталізму, фашызму і камунізму,. Прыхільнік Кадафі і моцнай дысцыпліны. Чалавек, ня здольны ацаніць Лукашэнку за 17 год кіраваньня. Чытайце на mfront.net

  2. 2Рыгор (Sep 01, 2011:14:58)Адказаць

    Во-во! На Маладым Фронце павінны быць толькі праекты капіталізму, фашызму ці камунізму, напісаныя прыхільнікамі НАТО і анархіі, а перадусім — асабістыя ворагі Лукашэнкі! :))

  3. Рыгор (Sep 01, 2011:17:02)Адказаць

    Шаноўны(шаноўная)! (Наагул пішыце калі ласка сваё імя, бо ня ведаю, як нават зьвярнуцца) Вы ня так мяне зразумелі! Я насамрэч таксама прыхільнік экспертнай лініі і часам нават шкадую, што на сайце не хапае думак такіх разумных людзей, як Гігін, Кізіма, Шаўцоў, Мусіенка, расейскіх рэпрэзэнтантаў кшталту Дугіна ці прынамсі Праханава! а паглядзіце на захад — там жа таксама можна цікавую кліентуру знайсьці!
    зы. а наагул, канешне гэта сумны працэс, калі выдатныя, сапраўдныя эксперты ў сваіх галінах пачынаюць займацца фіг ведае чым