Анатоль Сідарэвіч: Гісторыя паўтараецца

Анатоль Сідарэвіч: Гісторыя паўтараецца

Такія навіны-чуткі распаўсюджваюцца сярод “сваіх”, давераных. І даверлівых. Не ведаю, ад каго – ад прадстаўнікоў кіроўнай групоўкі ці ад пасрэднікаў – стала вядома, што ў 2016 годзе ўлада прапусціць у свой парламент чатырох або пяцёх прадстаўнікоў “канструктыўнай апазіцыі”.

Чуткі распаўсюджвае дзеяч, з якім у першай палавіне ХХ стагоддзя за тое, што ён учыніў у снежні 2010-га, абышліся б так, як звыйчайна абыходзіліся з правакатарамі. Дзеяч, які ў нармальным грамадстве стаў бы нерукапаціскальным. Дзеяч, які дзеля прывіднага мандата зрабіў усё залежнае ад яго, каб не дапусціць Кангрэсу дэмакратычных і вылучэння адзінага кандыдата на пасаду Прэзідэнта Беларусі. І знайшліся легкаверныя ды апантаныя кар’ернымі памкненнямі грамадзяне, якія паверылі чуткам-абяцанкам і ўжо гатовыя стаць “канструктывістамі” ды гуляць у сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі паводле правілаў рэжыму: слабенькі кандыдат, адсутнасць праграмы радыкальных рэформаў, слабенькая крытыка ўлады і нібыта змаганне.

Мне ўспамінаецца, як у 2000-м  уплывовыя замежныя грамадзяне сталі пасрэднікамі паміж кіроўнай групоўкай і адным прыкметным дзеячам апазіцыі. Яны шапнулі на вушка гэтаму дзеячу, што за ўдзел у выбарчай кампаніі рэжым дасць яму і яго партыі 3-4 месцы ў сваім парламенце. І лідэр партыі, які яшчэ нядаўна наладжваў шумныя вулічныя акцыі супраць улады, пайшоў супраць аб’яднанай апазіцыі, якая на Кангрэсе дэмакратычных сілаў вырашыла не ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі.

Гісторыя паўтараецца. Гегель казаў, што першы раз адбываецца трагедыя, а другі раз – фарс. У нашым выпадку трагедыі няма – ёсць драма. Той дзеяч, які ў 2000 годзе паверыў замежным пасрэднікам і ўладзе наконт абяцаных 3-4 мандатаў, страціў партыю і страціў свабоду. Таму ж дзеячу, які дзеля прывідных мандатаў ці то мандата для сябе, сарваў сёлета правядзенне Кангрэсу дэмакратычных сілаў і вылучэнне адзінага кандыдата на пасаду Прэзідэнта Беларусі, “хімія” і турма не пагражаюць. Але грамадзяне, якія паверылі яму і вырашылі пайсці за ім, горка расчаруюцца і выступяць супраць яго. Так было з адным дзеячам, апанаваным кар’ернымі памкненнямі. Так будзе і з другім. На жаль, Беларуская справа ад гэтага аніколькі не выйграе.

Анатоль Сідарэвіч,
25 чэрвеня 2015 г.

Падзяліцца:

Каментары