Андрэй Дынько. Аўтобус у нікуды

Андрэй Дынько. Аўтобус у нікуды

Беларускі аўтобус не даехаў да Майдану.

Захацелі 53 беларусы паехаць на Майдан, выказаць салідарнасць з украінцамі, якія нам дапамагалі ў 1918-м і 1996-м. А мо і не толькі выказаць салідарнасць, але і дапамагчы. У нядзелю ў Кіеве ўсякае можа адбыцца. 

Не толькі ўкраінцам дапамагчы, але і сабе. Калі Украіна не ўвойдзе ў Мытны саюз, то большаюць шанцы, што Беларусь з яго выйдзе. Бо калі не выйдзе, цяжэй будзе нам будзе з нашай будучыняй.

Актывісты нанялі аўтобус да Кіева, але пачалі красавацца ў сацсетках: «Я еду, і мы нанялі аўтобус. І я не скажу, хто наняў, але хто хоча далучыцца, пішыце мне».

А журналісты пачалі рабіць пра гэта матэрыялы ў СМІ.

Вынік: аўтобус спынілі пад Мар’інай Горкай. Усіх высадзілі, да Кіева даехала толькі частка людзей, дый тыя вымучаныя дарогай, менш на што здольныя.

Дар’я Каткоўская, светлая душа, апраўдваецца: «Прачытала шмат каментаў на сайтах аб тым, што самі вінаватыя, што ваш аўтобус затрымалі, трэ’ было партызанскімі сцежкамі ехаць, нікому нічога не расказваць.

Хачу растлумачыць сваю пазіцыю. Я не бачу ніякіх прычын для таго, каб хаваць абсалютна законную дзейнасць: я рэалізоўвала свае канстытуцыйныя правы на распаўсюд інфармацыі, на свабоду перамяшчэння, на выказванне меркавання. Я лічу, што, як толькі мы пачынаем у такіх простых рэчах хадзіць партызанскімі сцежкамі, хавацца — мы пачынаем гуляць па правілах тых, хто хоча, каб мы баяліся, каб мы не былі чуваць і відаць».

У Дар’іных словах ёсць вялікая рацыя — нельга гуляць па правілах ворагаў і нас мусіць быць відна. Але і вынік — мы на Майдане — патрэбны тут і цяпер, а не толькі абстрактная вернасць «ідэальнаму патэрну».

Таму, Дар’я, гэта той рэдкі выпадак, калі я з табой не згодны.

Працэс — нішто, вынік — усё.

Занадта часта палітычнага запалу ў беларусаў хапае толькі на прыгожы жэст, на парыў.

Беларусаў як супольнасць усё яшчэ адрознівае фатальнае няўменне даводзіць справу да канца.

Па-мойму, гэта ідзе ад «безнадзёгі» нашай каланіяльнай, ад глыбіннага нявер’я ў свае сілы. Усё адно, маўляў, у нас нічога не выйдзе, то што і старацца.

Нашто тады ставіць рэалістычныя задачы і прагматычна іх выконваць?

Ай, хай проста застанецца прыгожы жэст для гісторыі. Гэта максімум, на што мы здольныя. Так і жывём: ад жэста да жэста.

Украінцы нарадзіліся як нацыя ў Аўстрыйскай імперыі, у барацьбе дробных украінскіх інтарэсаў з польскімі нарадзіліся, беларусы – у Расійскай. Нас па-рознаму вучылі ў пачатковай школе геаграфічнага дэтэрмінізму.

Блогеры звыклі хаяць за няўдачы палітыкаў, лідараў, ды справа, як з тым аўтобусам на Майдан, не ў лідарах – не лідары яго піярылі, наадварот.

Справа ў агульнай хаатычнасці, агульнай нескіраванасці на канцавы вынік. Ад няўмення правяраць тэорыю практыкай.

Але ёсць жа і іншыя прыклады. Ёсць Аляксей, ёсць Мікола і Алесь, якія такі даехалі.

Ёсць праграмеры тая самыя, якія знайшлі сябе ў гэтым свеце, а вечарамі робяць мільён добрых справаў за так. Можа, яны, такія як яны, сядуць за руль нашага беларускага аўтобуса?

Можа, у іх ёсць гэтая ўстаноўка: мала паехаць на Майдан. Трэба даехаць да Майдана і быць карысным там.

Андрэй Дынько

Наша Ніва: першая беларуская газета

Падзяліцца:

Каментары