«Арт Сядзіба» распачынае акцыю салідарнасці #ПагоняПобач

«Арт Сядзіба» распачынае акцыю салідарнасці #ПагоняПобач

У Беларусі вакол нацыянальнага сімвала «Пагоня» адбываюцца дзіўныя рэчы: герб занесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, а за шалік з «Пагоняй» на футболе даюць штрафы. «Пагоня» ёсць на гербах гарадоў і абласцей Беларусі, а хлопцаў, якія апранулі з ёю цішоткі, выганяюць са школы.

А між тым пра «Пагоню» пісаў вершы класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч. Пра «Пагоню» спяваў Уладзімір Мулявін з ансамблем «Песняры», а Аляксандр Лукашэнка клаў руку на канстытуцыю Беларусі з «Пагоняй», калі прымаў першы раз прысягу на пасаду прэзідэнта.

Для нас «Пагоня» — гэта нацыянальны сімвал, пад якім Беларусь атрымала незалежнасць. І ганебнымі выглядаюць шматлікія выпадкі, калі за публічнае выкарыстанне нацыянальных сімвалаў беларусы становяцца ахвярамі незаконных дзеянняў дзяржаўных структур.

«Пагоня побач — будзем жыць», — гэта слоган кампаніі салідарнасці, якую пачынае «Арт Сядзіба».

Калі «Пагоні» няма на дзяржаўных будынках Беларусі, то гэта не значыць, што яе няма ў беларусаў!

Мы заклікаем:

  • З хэштэгам #ПагоняПобач публікаваць уласныя фота з «Пагоняй» і распавядаць пра сваё стаўленне да герба!
  • Самастойна распаўсюджваць «Пагоню» ў выглядзе налепак, магнітаў, значкаў, бранзалетаў, цішотак і любых іншых рэчаў.

«Арт Сядзіба» адмыслова сабрала 14 варыянтаў герба ў вектарным і растравым фарматах для вашай творчасці і самастойнага стварэння рознай прадукцыі для распаўсюду, якія вольна можна спампаваць тут.

  • Падтрымаць кадэтаў Ястрэмбельскай школы-інтэрната: падпісаць петыцыю ці напрамую звярнуцца да міністра адукацыі.

pahonia2

Калі вы хочаце фінансава падтрымаць кампанію #ПагоняПобач, каб выпусціць налепкі акцыі з «Пагоняй» для бясплатнага распаўсюду іх па Беларусі, то звяртайцеся да нас на e-mail: artsiadziba@gmail.com альбо прыходзьце ў офіс. Шчыра кажам: «Арт Сядзіба» забяспечыць хуткі выраб і распаўсюд налепак салідарнасці з «Пагоняй» па ўсёй Беларусі.

І памятайце, што «Пагоня» не забаронены сімвал, а гістарычная каштоўнасць Беларусі!

Поспехаў усім нам!

Галоўная задача акцыі адна — каб любы пераслед за выкарыстанне «Пагоні» спыніўся, і ўсе дзяжаўныя службоўцы, міліцыянеры ды чыноўнікі ўсвядомілі, што гэта нацыянальны сімвал, які трэба паважаць, а не зневажаць.

Паводле artsiadziba.by

Падзяліцца:

Каментары