Асцярожна! У менскіх клубах знікае электрычнасць!

Асцярожна! У менскіх клубах знікае электрычнасць!

Збіраецеся рабіць канцэрт для студэнтаў? Будзьце асцярожнымі! Перад самым канцэртам у клубе можа знікнуць электрычнасць. З такой сітуацыяй сутыкнуліся і прадстаўнікі «Студэнцкай Рады».

Прафсаюзная група «Студэнцкая Рада» планавала адзначыць Міжнародны дзень студэнтаў (17 лістапада) рок-канцэртам. Аднак арганізатараў пераследаваў злы рок: ва ўсіх месцах, куды яны звярталіся, раптоўна знікала электрычнасць і ніякай магчымасці аднавіць яе да канцэрта не было.

«Спачатку мы планавалі канцэрт на 17 лістапада ў клубе «Анталія». Аднак за чатыры дні нам пазванілі з клуба і паведамілі, «што канцэрт прыйдзецца адмяніць праз праблемы з электрычнасцю» – распавядае актывіст «Студэнцкай Рады» Алесь Крот.

Вырашана было перанесці канцэрт у іншае месца і на іншую дату – 19 лістапада. Аднак і там арганізатараў напаткала ўжо традыцыйная перашкода.

«Літаральна за дзень да канцэрта нам паведамілі, што зноў не будзе электрычнасці. І, зразумела, выправіць да пачатку мерапрыемства гэта не атрымаецца» – расказаў Алесь.

Арганізатары дакладна ня ведаюць, чаму так адбываецца, але складваецца ўражанне, што хтосьці спецыяльна просіць клубы не праводзіць мерапрыемства для студэнтаў.

«Прызнаюся, што такая сітуацыя выклікае заклапочанасць. Атрымліваецца, што цяпер немагчыма займацца не толькі абаронай правоў студэнтаў, але і забаўляльнымі мерапрыемствамі для студэнтаў» – падсумаваў Алесь.

«Студэнцкая Рада» не пакідае надзеі такі адзначыць Міжнародны дзень студэнтаў і будзе шукаць для гэтага іншыя формы і магчымасці.

Прэс-рэліз даступны на сайце прафсаюзнай групы «Студэнцкая Рада» http://studrada.org/index.php/news/73-studkanc

www.studrada.org

Падзяліцца:

Каментары