Асобы: Яўген Скочка

Асобы: Яўген Скочка

Яўген Скочка — жывая легенда Маладога Фронту. Адзін са стваральнікаў масавага руху, Скочка ужо ў 1996-97 гг. зрабіўся лідэрам радыкальнага вулічнага крыла МФ. Пад Яўгенавым кіраўніцтвам была сфармаваная дружына МФ з 200 байцоў, пашыхтаваных на дзясяткі (потым зь яе вырасце спартова-патрыятычная Арганізацыя «Край»); 30 кіраўнікоў тае дружыны улетку 1997-га прайшлі падрыхтоуку ў Заходняй Украіне. Падчас мітынгаў 1990-х там, дзе з’яўляўся Скочка, адразу канцэнтраваўся спецназ і міліцэйскае начальства. На самых гучных менскіх акцыях 1997-99 гг. дружына МФ была на пярэднім краі падзеяў: прарывы кардонаў, сутыкненні, абарона сцягоў — заўжды трапляла ў «гарачыя кадры» навінаў.

Разам з тым, з 1997-га, з часу свайго навяртання да Бога, Скочка пачаў галоўную увагу надаваць духовай падрыхтоўцы: за вочы яго называлі «Падрэ Яўген». Бывалыя журналісты дагэтуль распавядаюць пра тое, як ён кідаў дымавыя шашкі, прыкрываючы дэманстрантаў ад спецназу на Дзень Волі’98, як рыхтаваў грузавы «Урал» для выступу адзінага кандыдата дэмакратычных сілаў «з браневіка» у 2001м…

Узімку 1998-га, падчас Алімпіяды МФ, Скочка арганізаваў самую скандальную акцыю тых гадоў — конкурс снайпераў імя Лі Харві Освальда. Старэйшых фронтаўцаў выставілі з Управы, абклалі вокны адмысловымі матамі, якія гасілі рыкашэты, выдалі удзельнікам пнеўматычныя стрэльбы — і сотня маладафронтаўцаў разам з незалежнымі 30 31 журналістамі пачала заўзята пістоніць па мішэнях. Павал Шарамет, якія тады разам са Змітром Завадскім здымаў конкурс, узяў ў кадр самога Скочку — у камуфляжы і шыкоўных чорных акулярах, з карабінам на плячы (чым не Чэ Гевара!): «Яўген, конкурс носіць імя Лі Харві Освальда, забойцы прэзідэнта Кэнэдзі. Падтэкст відавочны. Але чаму страляеце па мішэнях, а не па партрэтах?». «Прыйдзе час, — адказвае Скочка (чаканіць фразу!) — і мы будзем страляць ня толькі па партрэтах.» Сюжэт пайшоў у эфір выніковай праграмы «Время» на ОРТ. Можаце сабе уявіць, што пачалося. «Малады Фронт рыхтуе царазабойцаў!» — лямантуе дзяржаўная прэса. Беларуская генпракуратура узбудзіла крымінальную справу: «тэрарызм». Спецслужбы уварваліся ў карпункт ОРТ, шукаючы касету са здымкамі.

Скочка быў і арганізатарам самага гучнага ва усіх сэнсах святкавання Дня Святога Валянціна — 14 лютага 1999 г. Сабраўшы каля 400 удзельнікаў на плошчы Волі, ён павёў дэманстрантаў да амбасадараў прыбалтыйскіх краінаў (комплекс «Белая Вежа»). Фішкай акцыі мусіў стаць грандыёзны фаервэрк — адмыслова для яго Яўген разжыўся 30 кілаграмовай скрыняй піратэхнікі. Убачыўшы, што міліцыя і «ціхары» ужо згуртаваліся дзеля разгону, Скочка распарадзіўся распаліць на нейкай клумб вогнішча з газетаў ды кардону — і зафундырыў ў самы вагонь усе трыццаць кіляў, скамандаваўшы удзельнікам: «Лажысь!..» Выбухам скрыню падкінула на вышыню 8-га паверху, і як пачало фугасіць!.. З бліжэйшага райаддзелу высыпалі міліцыянты, узброеныя аўтаматамі — падумалі, што пачалася вайна.

Калі ў ліпені 1999-га Яўгена судзілі, ён сціпла паведаміў, што ў паветры выбухнула некалькі ракетаў. Суддзя нечакана сарваўся на крык: «Вы кажаце гэта мне?! Дык я жыву ў квартале ад «Белай вежы»! Я памятаю, як 14 лютага палыхала неба!!!» Скочка атрымаў год умоўна за злоснае хуліганства.

Дзеля сустрэчы палітвязняў на Акрэсціна Скочка замаўляў аркестр, прычым у пахавальнай канторы (гэтак было танней). Уявіце, як там зьдзіўляліся, калі рэгулярна чулі бадзёры голас: «Калі ласка, праз 10 (ці 15) сутак трэба усе вашы трубы і барабаны па поўнай праграме!». Але, як прызнаваліся сутачнікі — калі вызвалялі маладафронтаўцаў, да закратаваных вокнаў слухаць «Ваярскі марш» ці «Пагоню»у аркестравым выкананні высыпаў увесь спецпрыёмнік.

Памятаю, як у 2000м перад выбарамі, Скочка вучыў мяне пазбаўляцца страху смерці: на хуткасці 120 км высоўваешся на поўны рост з люку ягонага службовага «мэрсэдэсу» (ён тады, не паверыце, працаваў дырэктарам беларускага прадстаўніцтва аднае нямецкае фірмы, што гандлявала абсталяваннем) і раскідваеш рукі насустрач ветру.

Дробны доздж лупіць у твар зь сілаю граду, і здаецца: калі закрылкамі падымеш далоні — узляціш!.. Ніколі не забудуся выраз твару беднага даішніка, калі міма пранёсся наш кентаўр — пэўна, дзядзька не паверыў уласным вачам, бо проста ашаломлена паглядзеў услед. Зараз Яўген з сям’ёй і трыма дзецьмі жыве ў Гомелі, і працуе на лесанарыхтоўках у Смаленску ды Падмаскоўі. «Высякаем расейшчыну пад корань» — жартуе часам.

Артыкул з кнігі “Маладафронтаўцы”. Каб займець сабе кнігу ў папяровым варыянце й чытаць болей гісторыяў —пішыце на press.mfront@gmail.com з пазнакаю тэмы “Кніга Маладафронтаўцы”

Падзяліцца:

Каментары

  1. Гамельчук (Nov 16, 2011:10:44)Адказаць

    Непонял? Он если мне неизменяет память был с Гомеля. Чего про это ненаписали7