Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі з трывогай адзначае актывізацыю наступу на праваабарончую супольнасьць краіны з боку дзяржаўнай улады. Арышт і крымінальны перасьлед лідэра Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага зьяўляецца дэманстратыўнай акцыяй, якая скіраваная на застрашваньне і зьнішчэньне беларускага праваабарончага руху.
Праваабарончыя няўрадавыя арганізацыі – адзін з найбольш дзейсных і эфэктыўных кампанэнтаў беларускай грамадзянскай супольнасьці, якая ганарыцца іх прафэсіяналізмам і сьмеласьцю.
Праца беларускіх праваабаронцаў заўжды сутыкалася з супрацьдзеяньнем з боку дзяржаўных уладаў Беларусі, якія не прызнаюць унівэрсальнай каштоўнасьці правоў чалавека і грэбуюць сусьветнымі гуманітарнымі стандартамі.
Пасьля падзеяў 19 сьнежня мінулага году, ва ўмовах рэзкага пагаршэньня становішча з правамі чалавека і грубага парушэньня падставовых прынцыпаў законнасьці з боку беларускіхуладаў, праваабронцы апынуліся ў авангардзе змаганьня за чалавечую годнасьць і дэмакратыю на тэрыторыі Беларусі. Беларускія праваабарончыя арганізацыі і праваабаронцы, што дзейнічаюць у індывідуальнай якасьці, прынялі выклік і здолелі эфэктыўна і пасьлядоўна супрацьстаяць машыне аўтарытарнай улады.
Менавіта самаахвярная і мужная дзейнасьць сябраў і валянтэраў праваабарончага руху стала цяпер галоўнай перашкодай для пабудовы ў Беларусі паліцэйскай дзяржавы.
Мы з трывогай адзначаем, што ў ліпені-жніўні 2011 году праваабарончыя арганізацыі сталіся мішэньню для комплексных рэпрэсіўных дзеяньняў уладаў Беларусі. Жорсткі і ўсеабдымны характар гэтай кампаніі выклікае надвычайную занепакоенасьць: пад удар патрапілі арганізацыі, што зьяўляюцца флагманамі нацыянальнага праваабарончага руху і складаюць найбольш дзейснае ядро айчыннай грамадзянскай супольнасьці.
У прыватнасьці, Рэспубліканскаму праваабарончаму грамадзкаму аб’яднаньню “Беларускі Хэльсінскі Камітэт” былі вынесеныя пісьмовыя папярэджаньні і паўторна прад’яўленае патрабаваньне выплаціць вялізарныя эканамічныя санкцыі за дзейнасьць па назіраньні за выбарамі дзесяцігадовай даўніны. Гэта арганізацыя, таксама як і асьветніцкая ўстанова “Цэнтар прававой трансфармацыі” сутыкнулася з санкцыямі за збор інфармацыі па правах чалавека і яе прадстаўленьне ў міжнародныя інстанцыі, у тым ліку ў органы Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Шэраг праваабаронцаў з арганізацыяў, якія былі пазбаўленыя афіцыйнай рэгістрацыі, знаходзяцца пад пастаяннай пагрозай крымінальнага перасьледу паводле артыкулу 193-1 крымінальнага кодэкса.
Аднак асаблівую трывогу і абурэньне выклікае ўзбуджэньне крымінальнай справы і затрыманьне лідэра беларускага праваабарончага руху, заснавальніка і кіраўніка Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага, які адначасова зьяўляецца віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека. Гэтыя дзеяньні ўладаў супярэчаць духу Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, міжнародна-прававых абавязацельстваў і Канстытуцыі Беларусі, яны зьяўляюцца недапушчальнымі і ганебнымі для ўсёй краіны.
Праўленьне Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі
— патрабуе ад дзяржавы вызваленьня Алеся Бяляцкага і спыненьня распачатай супраць яго крымінальнай справы,
— заклікае ўсе структуры грамадзянскай супольнасьці Беларусі да салідарнасьці і падтрымкі праваабарончых арганізацыяў і праваабаронцаў, што сутыкаюцца цяпер зь перасьледам,
— заклікае міжнародную супольнасьць і міждзяржаўныя арганізацыі ўжыць усе магчымыя палітычныя і прававыя захады для прыпыненьня атакі на праваабаронцаў у Беларусі.
Асобна Праўленьне Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі зьвяртаецца да дзяржаваў Эўразьвязу, якія аказваюць падтрымку разьвіцьцю дэмакратыі і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, устрымацца ад дзеяньняў, якія спрыяюць рэпрэсіўным органам беларускай дзяржавы ў іх супрацьпраўным і палітычна матываваным ціску на праваабаронцаў.
05.08.2011
Заява Праўленьня Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі
(афіцыйна зарэгістраваная ў Літве)
Каментары