Бабруйск: За запаленыя свечкі – 700 тысяч штрафу

Бабруйск: За запаленыя свечкі – 700 тысяч штрафу

2 снежня суддзя Таццяна Тарабуева вынесла вырак па справе затрыманых за запаленыя свечкі чацвярых бабруйчан. Арцёму Мархасёву, Алене і Дзмітрыю Тоўсцікам, Марыне Івановай прысудзілі сплаціць па 20 базавых велічынь ці па 700 тысяч беларускіх рублёў. Маладых людзей прызналі вінватымі ў парушэнні закона “Аб масавых мерапрыемствах”.

На агучванне прысуду здолеў прыйсці толькі Арцём Мархасёў, бо ў Марыны Івановай і Алены Тоўсцік зараз хварэюць дзеці, а месцазнаходжанне Дзмітрыя Тоўсціка дасюль невядомае.

-Такое рашэнне суда я лічу ўседазволенасцю, свавольствам уладаў, — заявіў Арцём Мархасёў. – Безумоўна, у самы бліжэйшы час буду абскарджваць пастанову ў абласным судзе. Бо плаціць такую суму за адну запаленую мной свечку, гэта, па меншай меры, дзіўна.

У пастанове на трох аркушах паперы суддзя прыводзіць паказанні маладых людзей, а таксама супрацоўнікаў міліцыі. І менавіта словы сведкаў з боку абвінавачвання Таццяна Тарабуева прызнала “паслядоўнымі, якія не выклікаюць у суда сумневаў у даставернасці”. Нагадаем, што на самой справе паказанні намесніка начальніка УУС Сяргея Малішэўскага і маёра міліцыі Андрэя Малахава ў нейкіх момантах не супадалі.

Таксама суддзя залічыла словы эксперта ад Бабруйскай епархіі, святара Аляксандра Палуяна як сведчанні супраць маладых людзей, негледзячы на тое, што ён відавочна стараўся абараніць іх. Таксама судом не было ўлічана і хадатайніцтва Епіскапа Бабруйскага і Быхаўскага Серафіма.
http://spring96.org/

Падзяліцца:

Каментары