Бацькам Насты Палажанкі працягвае цікавіцца падатковая

Бацькам Насты Палажанкі працягвае цікавіцца падатковая

У фірму, дзе працуе Уладзімір Палажанка, прыйшоў ліст з падатковай інспекцыі Першамайскага раёна Мінска . Там паведамляецца, што ў дачыненні Уладзіміра Палажанкі ладзіцца падатковая праверка. У сувязі з чым падатковая інспекцыя просіць кіраўніцтва фірмы не пазней, чым праз тры працоўныя дні пасля атрымання ліста, прадставіць даведку пра даходы гэтага супрацоўніка. Прычым прадставіць “за ўвесь перыяд, што маецца” — гэта значыцца, болей, чым за тры гады, што Уладзімір Палажанка працуе ў дадзенай установе.

У давесак Уладзіміра Палажанку памылкова назвалі ў канцы “вышэйпазначанай грамадзянкай”.

Гэты ліст стаў працягам падвышанай увагі падаткавікоў да сям’і Палажанкі. Спачатку ад самой маладафронтаўкі Насты Палажанкі патрабавалі паведаміць, на якія сродкі яна жыве. Нават прыклалі да патрабавання раздрукоўкі тэлефонных рахункаў за тры гады. Наста шчыра прызналася, што прыбытку не мае і знаходзіцца на ўтрыманні бацькі. Тады падаткавікі ўзяліся за бацьку — спачатку прыслалі позву яму самому, а цяпер вось вырашылі зайсці і з боку працадаўцы.
“Гэты ліст азначае тое, што цяпер ёсць небяспека, што бацькавы працадаўцы могуць спужацца дзейнасці ягонай дачкі. Іх можа напружыць, чаму падатковая інспекцыя цікавіцца заробкам бацькі, і якім чынам гэта можа падзейнічаць на іх фірму”, — мяркуе Наста Палажанка.

Раней ужо Уладзімір Палажанка цярпеў з-за актыўнасці сваёй дачкі. У 2007 годзе ён быў звольнены з кіраўнічай працы ў дзяржаўнай будаўнічай фірме.

Чытаць далей: http://euroradio.fm/report/batskam-nasty-palazhanki-pratsyagvae-tsikavitstsa-padatkovaya-fota-102002

Падзяліцца:

Каментары