Байкот няўдзелу. Піша Алесь Кіркевіч

Байкот няўдзелу. Піша Алесь Кіркевіч

Вакол дыскусіі аб байкоце-удзеле ў сёлетніх парламенцкіх выбарах ужо зламана багата коп’яў, апошнім часам дадалася яшчэ і праламаная галава…

Ідэя «Байкоту-2012» яшчэ не мае сваіх пакутнікаў (што не замінае ім з’явіцца ў любы момант), у адрозненні ад ідэі «Удзелу»: ва Ўруччы, як вядома, на мінулым тыдні трое хлопцаў разбілі галаву дзядзьку, які на пікеце збіраў подпісы за Мілінкевіча.

Зараз кожны прыхільнік Аляксандра Ўладзіміравіча ў фэйсбуку зможа адказаць свайму апаненту: «А дзе быў ты? Каля манітора толькі сядзіш? Чаму, с…ка, у танку не згарэў?» І будзе у прынцыпе правы.

Крытыкаваць Мілінкевіча, Пашкевіча, Саранчукова і іншых удзельнікаў сёлетніх выбараў маюць права Васьковіч, Дашкевіч, Каваленка, але, на жаль, не мы з вамі, дарагі чытач.

Як ужо слушна было напісана, байкот выбараў (да нашага сораму) звёўся да байкоту ўдзельнікаў выбараў ад апазіцыі. Пра ўладу і яе людзей мы калектыўна забыліся.

Хто зараз збірае кампраматы на чыноўнікаў, якія ідуць у «палатку»? Хто фатаграфуе машыны, на якіх яны штодня ездзяць на працу? Хто іх наогул ведае?…

Канешне, лягчэй крытыкаваць «калегаў па цэху» — мы ж адзін для аднаго «як аблупленыя», ня першы год разам…

Усё, што адбываецца зараз – надзвычай сімптаматычна. Спачатку баталіі з уладай перайшлі ў сеціва, а зараз туды патрапілі і міжусобныя канфлікты. Што не кажы, фэйсбук – утульнае гетта, куды ўсе мы пайшлі дабравольна, нават з ахвотай!…

Каб камусці разбілі галаву прыхільнікі байкоту, як падчас працоўных «страйкаў» пачатку ХХ ст. рабілі са «штрайхбрэхерамі» (тымі, хто нягледзячы на рашэнне страйккама выходзіў на працу), было б значна больш цікава, з’явілася б, прынамсі, інтрыга.

Так – інтрыгі няма, як і выбараў, канешне. Усё паглынула нематэрыяльнае сеціва, якое сцерпіць любы радыкалізм. Нездарма набыла папулярнасць градацыя: «актыўны» байкот, «пасіўны», няўдзел, ігнор…

Таму давайце разбярэмся ў паняццях. Байкот – гэта выступленні, маршы, фармат 2000-га году, карацей кажучы. Не пайсці на выбары ў якасці кандыдата альбо выбаршчыка, ад’ехаць у дзень выбараў на лецішча і адтуль рабіць перапосты ў сацыяльных сетках на «байкотныя» тэмы – гэта няўдзел. Рэшта – ігнор.

«Няма адзінства…» — сумна падсумуе нехта, аднак справа не ў адзінстве, паважаны чытач. Фармальнае адзінства было ў 90-я, была «Пяцёрка +» у 2000-х, быў, урэшце рэшт, мінулагодні сумнавядомы «Народны Сход», які нібыта таксама падтрымала большасць палітычных суб’ектаў.

Ніхто не сумняецца, што і зараз будуць гучныя заявы, падпісанні дамоваў, заклікі збірацца а 20-й гадзіне…

У рэгіёны па традыцыі (хіба з 2001 г. павялося) наклад улётак з часам і месцам дзеяння даедзе роўна на наступны дзень пасля таго, як…

Не сумуй, дарагі чытач, я ведаю, што ты нікому не верыш, але ўсё адно «супраць».

Зараз, адыйшоўшы ад «палітычнай» дзейнасці альбо нават не паспеўшы да яе далучыцца, ты марыш аб нечым велічным, уражваючым, што можна і варта было б падтрымаць. А пакуль вучышся, працуеш і думаеш, як знайсці грошы ды зганяць на мора хаця б у «аксамітны» сезон.

Адсутнасць рэвалюцыі тут і зараз ніколькі не здымае з нас адказнасці за ўсё, што адбываецца на нашых вачах.

Бяздарнасць канкрэтных лідэраў не апраўдвае нас з вамі. Сённяшнія палітвязні сядзяць не за «апазіцыю», а за ідэю, замест кожнага з нас. Таму мы штодня маем рабіць хаця б нешта для іх вызвалення, роўна як і для набліжэння пераменаў ва ўсёй краіне.

Як? Бытавым нацыяналізмам – карыстайцеся беларускай мовай у краме, тралейбусе, падчас афіцыйнай перапіскі з чыноўнікамі і інш.

Салідарнасцю – знайдзіце магчымась пералічыць якую-кольвек суму родным палітвязня альбо адпраўце яе непасрэдна на ягоны рахунак у турме ці на зоне (паслуга, даступная на кожным філіяле РУП «Белпошты», усе адрэсы ёсць у інтэрнэце), напішыце ім лісты.

Дробным «сабатажам» — напішыце на бланку для галасавання ўсё, што вы думаеце пра любую з галінаў улады (іх, нагадваю, тры – судовая, выканаўчая і, канешне, заканадаўчая), сфатаграфуйце, выстаўце ў інтэрнэце.

Ну і не забываейцеся перадаваць талоны пры выхадзе з транспарту – не фіг было адбіраць ільготы ў 2007-м!

Падзяліцца:

Каментары

  1. Frontavec (Aug 19, 2012:22:56)Адказаць

    Вайна вайной, а байкот па распарадку.
    Адпішыце потым хто перамог у боксе па перапісцы. Гэта надзвычай цікава.
    P.S. фотка атлічная