Беларусы Амерыкі выступаюць у абарону Змітра Дашкевіча

Беларусы Амерыкі выступаюць у абарону Змітра Дашкевіча

Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Злучаных штатах Амерыкі накіравалі ліст кіраўніку папраўчай калоніі ў Горках, дзе ўтрымліваецца Зміцер Дашкевіч.

У лісце беларусы Амерыкі выказваюць занепакоенасць з нагоды сітуацыі, якая склалася вакол Змітра Дашкевіча ў калоніі.

“Мы усур’ёз занепаконыя тым, што адбываецца на тэрыторыі горкаўскай калоніі. А дакладней, занепакоеныя тым, што Зміцер ужо не ў першы раз падвяргаецца дысцыплінарным вымовам, залічаны ў статус “злоснага парушальніка рэжыму” і неаднаразова змяшчаўся ў ШЫЗА”, — пішуць аўтары ліста.

Дзеячы беларускай дыяспары ў Амерыцы заклікаюць кіраўніцтва калоніі да адказнасці і звяртаюць увагу на тое, што “за лёсам Дашкевіча сочыць не толькі беларуская грамадскасць, але і міжнародная супольнасць”.

“Мы просім стаўлення да Зміцера Дашкевіча як да несправядліва асуджанага чалавека, які на дадзены момант вымушаны знаходзіцца ў Вашай установе”, — гаворыцца ў лісце.

Зварот падпісалі ўдзельнікі традыцыйнага беларускага фестывалю, які адбыўся 23 ліпеня 2011 г. у Беларуска-Амерыканскім Цэнтры ў Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі), агулам 19 чалавек, сярод іх такія знакавыя фігуры беларускага жыцця ў Амерыцы як Янка і Надзея Запруднікі, Вітаўт Кіпель, Ганна Сурмач, Вячка Станкевіч і інш.

Падзяліцца:

Каментары