Беларусы, співаемся?

Беларусы, співаемся?

Пры канцы СССР пляшка гарэлкі каштавала столькі ж, як 4 кг добрага мяса. Цяпер за 1 кг свініны можна набыць 2 бутэлькі, і яшчэ застануцца грошы. Ад пачатку года цэны на большасць тавараў і прадуктаў — ад дызпаліва да алею — выраслі прыкладна ўдвая. Толькі на гарэлку цэны выраслі на сціплыя 25%.Людзям, схільным да спажывання алкаголю, у такіх умовах псіхалагічна цяжка ўтрымацца. Усё падаражэла, дык хоць вып’ю.

Співаюцца будаўнікі, співаюцца калгаснікі. Гэта становіцца нацыянальнай трагедыяй, нацыянальнай безвыходнасцю. Іншаземцы жахаюцца, калі трапляюць у беларускую правінцыю.

Белстат сабраў звесткі, якія дактары называюць шакуючымі: за першыя 6 месяцаў гэтага года гарэлкі прадалі на 10,5% больш, чым за першае паўгоддзе летась.

Доля гарэлкі ў агульным спажыванні алкаголю, у пераліку на чысты спірт, склала 43,8% (у студзені-чэрвені2010 году — 44,6%).

І расце спажыванне не толькі гарэлкі.

Піва за паўгоддзе прадалі на 22,8% больш, чым у мінулым годзе.

(Доля хмельнага напою ў агульным аб’ёме алкаголю склала 13%, што на 1,1% вышэй, чым у 2010-м).

Доля нават такога таннага алкаголю ў рознічным тавараабароце складае больш чым дзясятую частку — 10,4%.

Пры гэтым выдаткі на здарэнні і траўмы, выкліканыя алкаголем, на дзяцей-сіротаў, на зніжэнне якасці работ і прадукцыі, абцяжарваюць бюджэты аховы здароўя, дыскрэдытуюць нашу краіну. Прыкладна кожнае трэцяе злачынства здзяйсняецца асобамі ў стане алкагольнага ап’янення, і амаль палова пацярпелых у грамадскіх месцах таксама знаходзяцца ў нецвярозым стане.

Алкаголь у Беларусі, асабліва моцны, у разы таннейшы, чым у краінах Еўрасаюза,

дзе высокімі цэнамі на спіртное і цыгарэты людзей адахвочваюць ад нездаровага ладу жыцця.

Мяркуючы па дынаміцы росту, за гэты год спажыванне алкаголю ў краіне дасягне новага гістарычнага рэкорду.

Дагэтуль рэкорднымі былі 2008 і 2010 гады.

Паводле ацэнкі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, кожны беларус у пераліку на чысты спірт ў 2010 годзе спажыў 15,13 літра алкаголю. Гэта выводзіць нашу краіну ў дзясятак найгоршых па гэтым паказчыку ў свеце. Прычым у Беларусі пераважаюць кепскія формы п’янства, бо людзі п’юць моцныя напоі.

За апошнія 20 гадоў спажыванне алкаголю вырасла больш чым у 2 разы.

www.nn.by

Падзяліцца:

Каментары

  1. Сяржук Саладухін (Jul 18, 2011:13:10)Адказаць

    Я на сабе адчуў гэтую асаблівасць “Беларускага эканамічнага цуда” калі быў у Менску на сесіі. Мабыць так бы і не заўважыў калі б не з’ехаў з бацькоўскай хаты і з бацькоўскіх хлябоў хаця б на месяц.
    Першае што мы заўважылі гэта тое, што каўбаса адна з самых танных каштуе 19 з капейкамі тысяч, а бутэлька Брэндзі 9 з капейкамі тысяч. І гледзячы на студэнтаў здавалася што гэта на сам рэч генацыд таму,што калі было спякотна студэнты хадзілі ў краму і ў гэты раз набывалі не марозіва за дзьве з паловай тысячы ,а нейкі алкагольны напой за той жа кошт з ледавіку і гэта ўсім падавалася лагічным,бо 85 грамаў марозіва за дзьве з паловай тысячы і паў літра напоя за той жа кошт…Дык што танней абыходзіцца ? Правільна ,тое чаго болей…

  2. Раман (Jul 19, 2011:18:24)Адказаць

    Жах, але гэта сапраýды бачна, асаблiва ý працоýнага класу, бухаюць як старыя так i маладыя i, амаль, усе 🙁