Бег, або як перспектыўны дзяржаўніцкі праект ператварыўся ў павальнае бегства

Бег, або як перспектыўны дзяржаўніцкі праект ператварыўся ў павальнае бегства
“Уезжайце, учіцесь, жывіце там, вам жэ тут не нравіцца…” Улада, менты, КДБ – яны ўсе хочуць, каб мы з’ехалі. Каб нас наўпрост НЕ БЫЛО.

Пытанне “каб не было” раней, за Сталіным, вырашалася значна прасцей. Дастаткова вывезці туды, “дзе нічога няма”. Палова нават дарогі не перажыве… Зараз вывозяць туды, “дзе ўсё ёсць”. Так надзейней: менш вернуцца ды і праз 50 год ніхто не будзе ставіць крыжоў па з’ехаўшых на збор цытрусавых у Партугалію альбо на “Праграму Каліноўскага” ў Вроцлаў. Сэнс адзін: чалавек для Беларусі згублены.

Годзе ў 44-м шмат для каго ў Беларусі выбар быў невялікі: Заходняя Нямеччына альбо Усходняя Сібір. Быў, праўда, яшчэ адзін варыянт: запісацца палякам і ад’ехаць на “этнічную Радзіму”. Ён аказаўся самым трывалым, як паказала практыка.

Для тых жа, хто не вывучыў усіх польскіх каралёў і аднаго польскага Папу на памяць для экзамену на “карту”, сёння застаецца яшчэ адзін варыянт – “Праграма Каліноўскага”. Ідэя праграмы – цудоўная, як і сам прынцып салідарнасці, высунуты Мілінкевічам у 2006 годзе: выхаванне эліты, якая з часам зойме кіруючыя пасады ў Новай Беларусі.

У ідэале “каліноўцы” маглі б стаць “прэтарыянскай гвардыяй” Аляксандра Уладзіміравіча, як пэўная частка МФ будзе пажыццёвай гвардыяй Паўла Севярынца, за што б ён не браўся. З той розніцай, што паплечнікі Паўла Канстанцінавіча больш падобныя да хрысціянаў першых стагоддзяў, загартаваных у ганеннях ды турмах. “Прэтарыянцы” Мілінкевіча больш адпавядалі б хрысціянам ХVII стагоддзя – вучням езуіцкіх калегіўмаў: адукаваным, выхаваным, усведамляючым уласную элітарнасць. Але гэта ў ідэале…

Каму патрэбна “Праграма Каліноўскага”? Для Польшчы гэта імперскі праект. У дачыненні да каго Польшча можа пачуваць сябе імперыяй? Да Украіны і Беларусі, ясна ж, што не да Нямеччыны. У свой час аўстрыйцы прыклаліся да стварэння ўкраінскай нацыі, падтрымліваючы нацыянальныя праекты на Галіччыне. У міжваенны перыяд палякі яшчэ не разумелі патрэбу ў падобных кроках, зараз разумеюць. Мажліва, гадкоў праз 30 беларусам будзе варта падтрымліваць лакальныя рускія “патрыятычныя” праекты ў Смаленску ці Бранску насуперак кітайцам ці мусульманам – гэта таксама этап сталення нацыі.

Для Беларусі, нажаль, “Праграма Каліноўскага” з перспектыўнага дзяржаўніцкага праекта ператварылася ў павальнае БЕГСТВА. Студэнты, якія не здаюць экзаменаў, на наступны дзень ужо просяць палітычнага прытулку – абы не вяртацца. Дадзеных аб колькасці рэальна скончыўшых польскія ВУЗы “каліноўцаў” у публічным карыстанні няма.

Але ўсё яшчэ можна змяніць:

— увесці “самакіраванне”, адмысловую карпаратыўную культуру

— сканцэнтраваць студэнтаў у некалькіх вялікіх гарадах, замест дзясятка маленькіх

— адфільтроўваць асоб, дыскрэдытуючых як “праграму”, так і Беларусь (заўважаных на наркотыках, дэбошах, супрацы з КДБ, “левых пасажыраў” з падробнымі дакументамі аб пераследзе ў Беларусі)

— арганізаваць стажыроўкі ў еўрапейскіх структурах для скончыўшых праграму (два наборы 2011 і 2012), каб людзі не заставаліся незапатрабаванымі

Слова “парадак” шмат для каго сёння мае карычневае адценне, але каб перагрупоўка войскаў не ператварылася ў павальнае бегства, патрэбен менавіта парадак. Для асабліва ўражлівых раім наўзамен ёмістае слова “культура”. Як вядома, “культура пачынаецца з забаронаў”.

Калісці я спытаў у аднаго былога палкоўніка:

— Што рабіць з масай непатрэбных сілавікоў пасля падзення рэжыму? Яны ж пойдуць у крымінал…

— Завядзіце на ўсіх справы, але не саджайце. Самі з’едуць… – усміхнуўся непаголены афіцэр.

Але каб гэты дзень прыйшоў, камусці пажадана было б заставацца тут.

Алесь Кіркевіч

t-styl.info

Падзяліцца:

Каментары