Тактычная група «Беларусь» апублікавала заяву адносна затрымання 26 лістапада ў Мінску

Тактычная група «Беларусь» апублікавала заяву адносна затрымання 26 лістапада ў Мінску

Беларускія добраахвотнікі ва Украіне, аб’яднаныя ў тактычную групу «Беларусь», апублікавалі ў суполцы «Згуртаванне патрыётаў» заяву адносна затрымання 26 лістапада ў Мінску.

Тактычная група “Беларусь” заяўляе, што ўсе байцы знаходзяцца ў месцах дыслакацыi ва Ўкраiне. Загадам камандаваньня дабраахвотных батальёнаў, забаронены вываз любой зброi з зоны баявых дзеяньняў. Парушэньне гэтага загаду – злачынства, якое вядзе да дыскрэдытацыi дабраахвотнiцкага руху.

Таму затрыманьне ў Менску выглядае як правакацыя з боку спецслужбаў з мэтай абгрунтаваньня перасьледу беларусаў, якiя падтрымоўваюць украiнскi народ. Увесь паказаны маскарад нагадвае стандартную страшылку, якой пужаюць наш народ. Не выключаем, што гэта толькi пачатак правакацый супраць тых, хто змагаецца на ўкраiнскiм баку.

Адказна заяўляем, што затрыманая асоба не належыць да складу Тактычнай групы “Беларусь”. Мы мелi кантакты з затрыманым i ў нас склалася ўражаньне пра яго неадэкватнасьць. Мы не выключаем, што ён мог быць манiпуляваны спецслужбамi.

Сваёй заявай хочам данесьцi да беларускага народу, што адзiнай арганiзаванай беларускай вайсковай адзiнкай ва Ўкраiне ёсьць Тактычная група “Беларусь”. У шэрагу вайсковых адзiнак ёсьць беларускiя дабраахвотнiкi, з якiмi мы супрацоўнiчаем.

Зьвяртаемся да ўсiх, хто мае намер дапамагаць украiнскаму народу: не купляйцеся на “фэйкавыя” групы ў сацыяльных сетках (накшталт “Правы сектар Беларусь” дый iншыя). Усе гэтыя фантомы шкодзяць беларускай справе i могуць быць выкарыстаныя для правакацыяў.

Заклiкаем тых, хто жадае баранiць Украiну i Беларусь, далучацца да Тактычнай групы “Беларусь”. Мы маем досьвед, ведаем рэальную сiтуацыю ва Ўкраiне i баронiм сваiх байцоу. Нашая мэта – дапамога Ўкраiне i падрыхтоўка да абароны Беларусi. Нашыя хлопцы ва Ўкраiне з часоў Майдану, мы прайшлi баi на Данбасе.

Нагадаем, што 26 лістапада Следчы камітэт паведаміў, што на чыгуначным вакзале быў затрыманы мужчына, які прыехаў з Украіны. Былі апублікаваныя фотаздымкі канфіскаваных рэчаў: бронекамізэлька, самаробная граната, пісталет Макарава, некалькі пашпартоў.

На сайце СК быў апублікаваны здымак даведкі, што затрыманы браў удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны з 6 кастрычніка (пазыўны «Дук»). Гэта 28-гадовы ураджэнец Віцебшчыны, навучаўся ва ўніверсітэце ў Наваполацку.

Падзяліцца:

Каментары