Беларускія сябры генэрала Ўласава

Беларускія сябры генэрала Ўласава

Гісторыя яскрава засведчыла, што расеец можа быць бальшавіком альбо антыкамуністам-манархістам, заходнікам-лібэралам альбо славянафілам-патрыётам, але заўсёды безумоўнай каштоўнасьцю для яго застанецца “великая единая и неделимая…”, прасьцей кажучы – імпэрыя.

У той час, як перад намі ўжо больш за два стогадзьдзя стаіць іншая задача – адбудова сваёй дзяржавы на сваёй зямлі.

Генэрал Андрэй Уласаў…16 верасьня 1944 г. былы генэрал-лейтенант РККА Андрэй Уласаў на сустрэчы з рэйхсфюрэрам СС Гэнрыхам Гімлерам, абмяркоўваючы ідэю стварэньня Камітэту вызваленьня народаў Расеі (КОНР) і яго Ўзброеных сілаў (ВС КОНР), высунуў шэраг прапановаў сярод якіх былі:

  • роспуск усіх нацыянальных арганізацыяў і ўлучэньне іх сяброў у склад КОНР;
  • аб’яднаньне ўсіх нацыянальных вайсковых фармаваньняў у ВС КОНР;
  • спыненьне антырасейскай прапаганды, якой займаліся прадстаўнікі вышэйзгаданых арганізацыяў.

Гімлер, які напрыканцы вайны стаў прыхільнікам г.зв. “прарасейскай” лініі ў нямецкай палітыцы, прыняў довады генэрала і абяцаў свае пратэкцыю і спрыяньне ў стварэньні КОНР.

Карнікі-ўласаўцыЛічу неабходным сказаць колькі словаў пра Рускую вызвольную армію (РОА), якая мусіла стаць асновай ВС КОНР. У 1942-1944 гг. РОА як рэальнае вайсковае фармаваньне не йснавала, а выкарыстоўвалася немцамі для прапаганды прыцягненьня добраахвотнікаў (галоўным чынам, зь ліку ваеннапалонных). Гэтак, у аглядзе “О структуре и деятельности Русской освободительной армии, возглавляемой Власовым”, падрыхтаваным ленінградзкімі чэкістамі напрыканцы жніўня 1943 г., адзначалася: “О Русской освободительной армии (РОА) и Власове ничего не слышно”. Афіцыйна 1-я дывізія РОА была сфармаваная толькі 23 лістапада 1944 г. і ўжо пазьней былі створаныя іншыя ейныя часткі.

Таксама цікава, што некаторыя дасьледчыкі адзначаюць, што ўзорам для падражаньня для А.Уласава, відаць, зьяўляўся …Іосіф Сталін. Ва ўсялякім выпадку генэрал, калі ўжо супрацоўнічаў зь немцамі, пашыў сабе кіцель а-ля “кремлевский горец” і дэманстратыўна насіў толькі яго (!) – бяз знакаў адрозьненьня, узнагародаў, нават без эмблемы РОА на рукаве. Толькі на генэральскай фуражцы – бела-сіне-чырвоная цешка.
Уласаў і расейскія дабраахвотнікі

“Нашыя шляхі розныя. Вы – за вольную Расею, а я – за вольную Беларусь!”

Радаслаў АстроўскіНагадаю, Гімлер абяцаў стваю дапамогу А.Уласаву ў стварэньні Камітэту вызваленьня народаў Расеі. Галоўнае ведамства СС пачало рэалізацыю праекта. 13 кастрычніка 1944 г. у гэтай установе адбылася канфэрэнцыя, на якой было вырашана, даручыць прэзыдэнту Беларускай Цэнтральнай Рады Радаславу Астроўскаму сяброўства ў маючым паўстаць КОНР. На думку кіраўніцтва СС, гэта не павіннае было супярэчыць ідэі незалежнасьці Беларусі. Але Астроўскі, нягледзячы на ціск уладных чыноў СС, у тым ліку начальніка Гестапа Эрнста Кальтэнбрунэра, рашуча адмовіўся. Больш таго, прэзыдэнт БЦР адкрыта заявіў Уласаву: “Нашыя шляхі розныя. Вы – за вольную Расею, а я – за вольную Беларусь!”

Альфрэд РознбергСваю пазыцію Астроўскі пастаянна даводзіў міністру па справах усходніх тэрыторый Рэйха (ОМі) Альфрэду Розэнбэргу, зь якім неаднаразова сустракаўся ў той час. Неабходна зазначыць, што сам Розэнбэрг, у адрозьненьні ад Гімлера, выступаў за стварэньне “санітарнага поясу” з нацыянальна-дзяржаўных утварэньняў вакол парэшткаў пераможанай Расеі, таму са свайго боку аказваў падтрымку Астроўскаму, прыхільніку ідэі незалежнасьці Беларусі.

Пазыцыю прэзыдэнта БЦР падзяляла абсалютная большасьць беларускіх дзеячоў, што апынуліся на эміграцыі. Больш за тое, у тыя самыя дні ў адным з прыгарадных бэрлінскіх клюбаў адбыўся шматлюдны сход прадстаўнікоў беларускіх згуртаваньняў у Нямеччыне, дэлегаты якога падтрымалі Астроўскага. Гэты факт узмацніў пазыцыі апошняга ў вачох немцаў.

“Калі не мы, то Ўласаў знойдзе іншых беларусаў…”

Яўхім КіпельАднак у беларускім асядродку існавала яшчэ адна невялікая групоўка, што сфармавалася ўлетку-ўвосень 1944 г. і выступала за супрацу з генэралам Уласавым, – г.зв. “Беларускі кіроўны камітэт”. Кіраўніком гэтай групоўкі ў той час зьяўляўся русафіл Мікалай Будзіловіч. Акром шэрагу дробных дзеячоў “камітэтчыкі” здолелі перацягнуць на свой бок старшыню ІІ-га Ўсебеларускага Кангрэсу Яўхіма Кіпеля.

У кастрычніку адбылася сустрэча прадстаўнікоў Беларускага кіроўнага камітэту з Уласавым і ягонымі бліжэйшымі паплечнікамі, на якой Будзіловіч даў поўную згоду на супрацу… Але Кіпель і іншыя сябры камітэту, што займалі патрыятычныя пазіцыі, засталіся незадаволенымі вынікамі сустрэчы менавіта праз няпэўнасьць нацыянальнага пытаньня ў кіраўнцтве ўласаўскага руху. Таму яны хутка правялі нараду (вядома, без Будзіловіча), дзе пастанавілі ўсё ж такі супрацоўнічаць з маючым быць КОНР, бо калі адмовіцца ад супрацоўніцтва з А.Уласавым, дык той “знойдзе сабе іншых беларусаў”.

Так альбо йначай, 14 лістапада 1944 г. у Празе было абвешчанае стварэньне КОНР, які меў сабой уяўляць гэткі шырокі антысталінскі фронт, што аб’яднаў розныя пласты грамадзтва і народы СССР.Фактычна Камітэт мусіў выконваць функцыі “российского правительства в изгнании”, а ў выпадку паразы бальшавікоў – “Временного правительства Новой России”. Каб надаць камітэту сапраўдны “агульнарасейскі” характар, у склад ягонага прэзыдыюма было прапанавана ўвайсьці лідарам усіх нацыянальных арганізацыяў, што знаходзіліся ў той час на тэрыторыі Нямеччыны. У склад прэзыдыюму КОНР ад беларусаў быў абраны Будзіловіч.

Палітычнай праграмай Камітэту быў прыняты ў той жа дзень Маніфэст вызвольнага руху народаў Расеі (г.зв. “Праскі маніфэст”), асноўнымі пастулятамі якога былі зрынаньне сталінскае дыктатуры, скачэньне вайны й падпісаньне ганаровага міру зь Нямеччынай.

«Народы России»?.. Выглядае на імперскую авантуру!

ulsauskaj_gazetaАле, нягледзячы на падтрымку ўласаўскай ініцыятывы Гімлерам, лідары большасьці нацыянальных арганізацыяў убачылі ў ідэі КОНР чарговую расейскую авантуру. Таму яны ўспрынялі адзін з прынцыпаў Праскага маніфэсту “равенство всех народов России и действительное их право на национальное развитие, самоопределение и государственную самостоятельность” толькі як тактычны ход расейцаў, які пры першай зручнай магчымасьці быў бы забыты.

Да таго ж, прапазыцыі накшталт “народы России навеки разуверились в большевизме, при котором государство является всепожирающей машиной, а народ – её бесправным, обездоленным и неимущим рабом. Они видят грозную опасность, нависшую над ними”, што значыліся ў маніфэсьце, гучалі адносна “народов России”, мякка кажучы, дзіўна. Бо пагроза спазнанага імі расейскага нацыянальнага й духовага прыгнёту была нічым ня лепшай за бальшавіцкую небясьпеку.

Паняволеныя народы супраць генерала Ўласава

Зыходзячы з гэтага шматлікія сапраўды ўплывовыя нацыянальныя лідары адмовіліся ад кааптацыі ў КОНР. І ў выніку ўжо 18 лістапада 1944 адбылося паседжаньне Прадстаўнікоў паняволеных Расеяй народаў, ў якім прынялі ўдзел:

  • старшыня Азэрбайджанскага Нацыянальнага Камітэту Алі Фаталібэйлі;
  • старшыня Армянскага Нацыянальнага Камітэту Вардан Саркісян;
  • прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслаў Астроўскі;
  • старшыня Грузінскага Нацыянальнага Камітэту Міхаіл Кэдзія;
  • старшыня Крымска-татарскага цэнтру Эдыгэ Кырымал;
  • старшыня Паўночна-Каўкаскага Нацыянальнага Камітэту Алі-хан Кантэмір;
  • прэзыдэнт Туркестанскага Нацыянальнага Камітэту Вэлі Каюм-хан;
  • старшыня Баёвага Саюзу Волскіх Татараў «Ідэль-Урал» Абдурахман Шафаеў;
  • прадстаўнік украінскіх нацыянальных палітічных групаў Андрэй Мельнік.

Падчас паседжаньня прысутныя падпісалі пагадненьне, паводле якога забавязаліся сумесна працаваць ў пытаньнях вызваленьня сваіх народаў і ўзаемна падтрымліваць адзін аднога. Таксама напаседжаньні быў прыняты мэмарандум да Розэнбэрга, у якім выказалі сваё непрыйманьне ўласайскай дзейнасьці (тэкст гэнага мэмарандуму прыведзны ніжэй у “Дадатку”).

На адным са сваіх паседжаньняў 12 сьнежня Беларуская Цэнтральная Рада яшчэ раз разгледзела пытаньне кааптацыі ў КОНР і зноў адкінула гэтую ідэю фактычнага падпарадкаваньня расейцам, выказаўшыся за сваё назалежнае нацыянальнае становішча і самастойную дзейнасьць.

Тым часам на другім паседжаньні Камітэту 17 сьнежня 1944 г. для вырашэньня бягучых нацыянальных пытаньняў і забесьпячэньня прадстаўніцтва народаў Расеі былі строваныя нацыянальныя рады й камітэты. І між іх – у складзе 9 чалавек Беларускі Нацыянальны Камітэт (БНК КОНР), старшынём якога быў абраны Будзіловіч. Зразумела, што сябрамі БНК КОНР былі прадстаўнікі Беларускага кіроўнага камітэту.

Пытанне аб незалежнасьці Беларусі выклікала ва Ўласава абурэньне

Але ў БНК адразу ўзьніклі супярэчнасьці. Нягледзячы на тое, што Кіпель станоўча паставіўся да Праскага маніфэту КОНР, ён лічыў ягоны нацыянальны пункт зусім беззьмястоўным для рускага кіраўніцтва Камітэту. Больш таго, ён ня раз выказваўся, што становішча беларусаў у КОНР вельмі далёкае ад палітычнай самастойнасьці.

У выніку на адным з паседжаньняў Камітэту негалосны лідар “КОНРаўскіх” беларусаў Кіпель наўпрост паставіў перад Уласавым пытаньне аб прызнаньні незалежнасьці Беларусі, што выклікала абурэньне ня толькі генэрала, але й у …старшыні БНК Будзіловіча. Усё скончылася выключэньнем апошняга зь беларускай сэкцыі КОНР, хоць той і застаўся ў складзе прэзыдыюму Камітэту. Уражаны Уласаў быў вымушаны пайсьці на саступкі, праўда, толькі …паабяцаўшы разгледзець патрабаваньні беларусаў.

Урэшце БНК КОНР фактычна спыніў сваю дзейнасьць у сакавіку 1945 г. У расейскай літаратуры звычайна пішацца, што “ввиду непрекращающихся интриг председателя БЦР Р.Островского”. Але гэта добра вядомая пазыцыя маскоўскіх гісторыкаў і розных “национал-патриотов”, што беларус (украінец, армянін, грузін і г.д.) мусіць змагацца найперш за “Ўсярусю”, не зважаючы на свае нацыянальныя інтарэсы й патрэбы.

Прадстаўнікі ж паняволеных Расеяй народаў 16 красавіка 1946 г. утварылі Антыбальшавіцкі Блёк Народаў, палітычную арганізацыю, дзейнасьць якой была накіравана на каардынацыю антысавецкага змаганьня ва Ўсходняй Эўропе і Азіі. У праграмных дакумэнтах АБН адзначалася: «Разгром бальшавізму і канчальны падзел Расеі-імпэрыі – гэта першая мэта АБН, асноўная догма нашага змаганьня». У той жа час АБН стаяў на прынцыпе поўнай незалежнасьці кожнага народу ў яго этнаграфічных межах. Працяглы час у склад Цэнтральнага Камітэту АБН уваходзіўі Радаслаў Астроўскі.

* * *
Расейскі фашызм

ДАДАТАК

Мэмарандум

паўнамоцных прадстаўнікоў Ідэль-Уралу (цюрка-татары), Каўказу (армяне, азэрбайджанцы, грузіны, паўночна-каўказцы), крымскіх татараў, туркестанцаў, украінцаў і беларусаў міністру па справах усходніх тэрыторый рэйхсляйтару А.Розэнбэргу

Генэрал Уласаў, як рускі, мусіць абмежавацца ў сваёй дзейнасьці тэрыторыяй Расеі ў этнаграфічным сэнсе гэтага разуменьня. Ён ні ў якім выпадку не павінен спрабаваць ачоліць нашыя нярускія народы, бо памкненьні гэтых народаў зусім не супадаюць з мэтамі генэрала Уласава. Генэрал Уласаў кажа пра зрынаньне савецкай улады, жадаючы устанавіць у межах ейнае цяперашняе тэрыторыі новы рэжым. Нашыя народы вядуць вядуць шматгадовую заўзятую барацьбу супраць Масквы, з мэтаю цалкам аддзяліцца ад Расеі і стварыць новыя незалежныя нацыянальныя дзяржавы. Гэтыя народы не давяраюць абяцаньням генэрала Уласава. Таму ягоны Праскі маніфэст ня можа мець падтрымкі зь іхнага боку.

Ужо зараз можна сказаць, што справа генэрала Уласава ня будзе карыстацца посьпехам сярод нашых суайчыньнікаў – добраахвотнікаў, работнікаў і ўцекачоў, якія знаходзяцца ў межах Нямеччыны – бо яны, зыходзячы з назапашанага досьведу, вымушаныя ставіцца з найвялікшай засьцярогай да кожнай ініцыятывы рускіх.

На падставе вышэйпаданага мы мяркуем, што Праскі маніфэст не адпавядае інтарэсам нашых народаў – бо генэрал Уласаў захоўвае за сабой права на іх прадстаўніцтва і таму што ён маецца іх весьці й выступаць ад іхнага імя. Жадаючы захаваць існыя ўзаемаадносіны, мы вымушаныя ў інтарэсах нашых народаў зьвярнуцца да ўрада Рэйха з наступнай просьбай:

1. Не дапушчаць якіх-кольвек дамаганьняў з боку генэрала Уласава на ачольваньне нашых народаў.

2. Неадкладна прызнаць правы нашых народаў на ўтварэньне самастойных дзяржаваў і прызнаць, нарэшце, нашыя нацыянальныя прадстўніцтвы.

3. Дазволіць нашым народам фармаваць вайсковыя злучэньні пад камандаваньнем нашых прадстаўнікоў пры ўмове, што гэтыя злучэньні апэратыўна будуць падпарадкоўвацца нямецкаму войску, а палітычна – нашым нацыянальным прадстаўнікам.

Нарэшце, мы ўважаем за свой абавязак, найрашучым чынам заявіць, што аніводнае з нацыянальных прадстаўніцтваў ня можа ўзяць на сябе адказнасьць за наступствы, што могуць надыйсьці ў выніку дзеяньняў генэрала Уласава – калі ягоныя дамаганьні на ачольваньне нашых народаў ня будуць адрынутыя з дастатковай яснасьцю.

Бэрлін, 18 лістапада 1944 г.

* * *

Зьміцер Захарэвіч

Падзяліцца:

Каментары