Натальлю Бордак дапыталі ў міліцыі

Натальлю Бордак дапыталі ў міліцыі

Актывістку аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Натальлю Бордак дапыталі ў адзьдзеле крымінальнага вышуку Нясвіжскага РУУС.

У міліцыі цікавіліся, ці ўдзельнічала яна ў дабрачыннай акцыі «Дапамажы беларускаму салдату» для ваюючых на Данбасе беларусаў на баку Ўкраіны. Таксама сьледчы Аляксандр Васілевіч хацеў ведаць, хто яшчэ ўдзельнічаў у дабрачынным мерапрыемстве, якое ў студзені было арганізавана Маладым Фронтам.

Актывістка адмовілася адказваць на пытаньні, якія тычыліся дабрачыннага маратону і падпісваць любыя дакуманты.

— Акрамя таго, яны цікавіліся, чым я займаюся, з кім жыву, дзе працую, як часта ўдзельнічаю ў выставах і аўкцыёнах. Напрыканцы размовы сьледчы Васілевіч зачытаў паперу (магчыма, пратакол допыту) ў прысутнасьці двух панятых, на якой распісаліся невядомыя мне мужчыны, — паведаміла Натальля Бордак.

Натальля сказала, што вайна, якую цяжка было ўявіць, больш чым рэальная, працягваецца. Народ Украіны мужна змагаецца за сваю зямлю, дзяржаўнасьць зь імпэрыяй-агрэсарам.

— Імпэрыя пераўзыходзіць Украіну па колькасці зброі ў некалькі разоў. Побач з нашымі братамі-ўкраінцамі змагаюцца і беларусы. Яны ведаюць: захопніцкая палітыка Крамля пагражае Беларусі і постсавецкім краінам. Усім, хто абірае шлях самастойнасьці і дэмакратыі. Беларусь не акупавана, бо Ўкраіна мужна змагаецца дагэтуль, — заявіла Наталля Бордак.

Гэта ўжо ня першы выпадак рэпрэсыяў у дачыненьні беларускіх патрыётаў. Пачынаючы ад сакавіка адбыліся ператрусы й допыты ў маці Эдуарда Лобава, Зьмітра Дашкевіча і іншых актывістаў патрыятычнага руху.

Падзяліцца:

Каментары