На БТ абмеркавалі ініцыятыву стварэньня клюбу «Ваяр»

На БТ абмеркавалі ініцыятыву стварэньня клюбу «Ваяр»

У праграме АТН «Клюб рэдактараў» абмеркавалі маладафронтаўскую ініцыятыву ставарэньня спартова-патрыятычнага клюбу «Ваяр». Апроч МФ, удзельнікі перадачы асудзілі «казацкія» летнікі, якія напачатку ліпеня МФ ўнес ў сьпіс “Чорнай сотні” Беларусі.

Па дзяржаўным тэлебачаньні ня першы раз узгадваюць ініцыятывы МФ. Не ўпершыню асуджаюць апазіцыйную дзейнасьць. Цяпер важна іншае: агучаны праблема патэнцыйнай абароны і небяспека незаконных трэнінгаў з выкарыстаньнем зброі, акцэнтавана дзяржаўная бяздзейнасьць на гэтым полі.

Варта аддаць належнае, абмеркаваньне не было прасякнута татальнай дзяржаўнай прапагандаю. Вядома, рэдактары называлі маладафронаўскую дзейнасць нядобрым словам, казалі пра юнацкі максімалізм, не забыліся абзываць «бандэраўцамі», калі ўзгадалі банэр на Дзень Волі 2014 г. (насамрэч, на расцяжцы былі тры беларускія героі ды два украінскія між імі, Сцяпан Бандэра быў толькі адным зь іх).

qoute-davydzka

Усё гэта не было чымсьці новым.  Нечакана было пачуць вялікае зерне ісціны ў словах рэдактароў дзяржаўных выданьняў на дзяржаўным ТБ.

Рэдактар СБ Павел Якубовіч рапавёў вынікі журналісціх раследваньняў датычна распарадку дня аднаго з «казачых» летнікаў. Апроч стандартных для вайскова-патрыятычных збораў рэчаў — зборка/разборка аўтамата, навыкі першай дапамогі, марш-брасок ды іншых, па сутнасьці неабходных для фізічнага выхаваньня рэчаў — у раскладзе апынуліся досыць дзіўныя пункты, нкшталт «Утрыманьне лясвічнай пляцоўкі пры захопе шасціпавярховага будынку».

Мы таксама падзяляем непаразуменьне Паўла Ізотавіча тым фактам, калі вайсковыя летнікі ў Беларусі праводзіць мясцовы іерэй або замежныя кубанскія ці яшчэ якія кацапскія казакі. Вельмі дзіўна і небясьпечна, калі за такія справы ў нас бяруцца людзі, што ня маюць дачыненьня да Беларусі ці нейкія энтузыясты.

Ці вядома гэта мясцовым уладам? Хто гэта дазваляе? Хто сочыць за мэтодыкай навучаньня? Дзяржава мусіць непакоіцца — што гэта за казакі? Адкуль яны ўзяліся?

Ішла гутарка пра падзел грамадзтва, канфрантацыю супрацьлеглых моладзевых плыняў. Рэдактар штодзёньніка «Аргументы і Факты» Ігар Сакалоў зьвярнуў увагу, што ў грамадзтва і дзяржавы зараз не хапае мэханізмаў, рычагоў, каб займацца вайскова-патрыятычным выхаваньнем моладзі.

Уразілі словы  Генадзя Давыдзькі. «У мяне няма сумневаў, што гэтыя хлопцы любяць Радзіму» — павольна акцэнтавана прамоўленая фраза пра маладафронтаўцаў ад старшыні Белтэлерадыёкампаніі вельмі расчуліла нас. — «Яны любяць Беларусь так жа, як многія дзярж. чыноўнікі». Мы таксама лічым, што, нажаль, ня ўсе чыноўнікі моцна любяць Беларусь. У любым разе, пагодзімся з Генадзем Браніслававічам, што «мерацца любоўю заўжды цяжка».

«Клюб рэдактараў» — праект Агенцтва тэленавінаў. Мае на мэце быць дыскусійнай пляцоўкаю, на каторай рэдактары беларускіх выданьняў (пераважна дзяржаўных) вядуць адкрыты дыялёг пра важныя і актуальныя грамадзка-палітычныя падзеі ў краіне ды сьвеце.

Перадача транслявалася па БТ у нядзелю 29 лістапада ўвечары. Днём у панядзелак на сайце www.tvr.by зьявіўся відэазапіс.

Алесь Рагуля

Падзяліцца:

Каментары