Былы функцыянер БРСМ: я па гэты дзень адчуваю асабістую адказнасць і віну

Былы функцыянер БРСМ: я па гэты дзень адчуваю асабістую адказнасць і віну

Былы функцыянер Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Алесь Цыбульскі распавядае пра тых, хто працаваў і працуе ў “вертыкалі” БРСМ.

У апошні час Лукашэнка заяўляе аб неабходнасці прыходу ва ўладныя структуры ўсіх узроўняў новых маладых кадраў.

З аднаго боку — гэта абсалютна відавочна і неабходна для развіцця не толькі дзяржавы, а нават самага невялікага прадпрыемства. З іншага боку ўзнікае пытанне — адкуль гэтыя «кадры» зьявяцца, і ці змогуць яны сапраўды эфектыўна кіраваць? Вось на гэтыя пытанні я і паспрабую адказаць.

Адразу хачу сказаць, што ніякага аптымізму ад гэтай навіны асабіста ў мяне не з’явілася. Відавочна, што ва ўладу прыйдуць «правераныя» асобы, прафесійныя веды і здольнасці якіх выклікаюць вялікі сумнеў. Відавочна і тое, што большая частка «новых кадраў» прайшла праз “фільтр” БРСМ (БПСМ).

Мне, у свой час працавалі ў гэтай арганізацыі, які прайшоў шлях ад другога сакратара райкама да кіраўніка аддзела абкама, а потым і ЦК БПСМ, добра вядомы гэты «гадавальнік» кадраў для лукашэнкаўскай улады.

Я не кажу пра простых членах БРСМ, пераважная большасць якіх прыйшло ў арганізацыю па прымусу, каб не страціць месца вучобы або працы, каб атрымаць месца ў студэнцкім інтэрнату і г.д. Больш за тое, пераважная большасць нават у вочы не бачыла статут арганізацыі і блізка не ўяўляе якія ў яе мэты наогул. Якім я быў наіўным, калі кіруючы аддзелам па працы з першаснымі арганізацыямі ЦК БПСМ, вёў барацьбу з прыпіскамі па колькасці на месцах.

Але я хачу больш падрабязна распавесці пра тых, хто працаваў і працуе ва ўсёй “вертыкалі” БРСМ (БПСМ). Іх можна падзяліць на некалькі катэгорый. Кідалася ў вочы вялікая колькасць так званых «мажораў» — сынкоў або дачок якіх-небудзь кіраўнікоў, альбо іншых сумніўных асоб, якіх трэба было «прыбудаваць». Гэтай катэгорыі не было справы да праблем моладзі, галоўнае — каб іх не чапалі. Яны сядзелі і чакалі калі ім знойдзецца больш утульнае месца.

Другая катэгорыя — гэта «памяшаныя» на самім Лукашэнку. На шчасце, такіх адзінкі. Вядома, былі і такія, якія сапраўды верылі, што сваёй актыўнай працай сапраўды дапамогуць вырашыць праблемы і справы моладзі. Усе больш-менш карысныя справы рабіліся менавіта такімі актывістамі. Але потым, зразумеўшы ў сабе наіўнасць і ўтопію, гублялі веру, аптымізм. І наогул сыходзілі з гэтай працы, і шукалі сябе ў іншых сферах жыцця, потым успрымаючы перыяд сваёй працы ў БРСМ (БПСМ) як недарэчнасць.

Але асаблівай увагі патрабуе тая катэгорыя маладых функцыянераў, якую з усёй адказнасцю можна лічыць сапраўдным кадравым рэзервам лукашэнкаўскай улады. Яны спяць і бачаць сябе кіраўнікамі рэгіёнаў, дэпутатамі ўсіх узроўняў, міністрамі і нават прэзідэнтамі. Яны гатовыя з халопскай адданасцю слухаць кіраўніцтва, любяць капіяваць яго паводзіны ва ўсім, і ў той жа час да праблем простых людзей ім няма ніякай справы. Патрыятызм імі ўспрымаецца толькі з нейкай мілітарысцкай афарбоўкай, усё сапраўднае нацыянальнае — мова, культура, сапраўдная гісторыя ўспрымаецца з відавочным раздражненнем. Яны — актыўныя ўдзельнікі «ярмошынскіх» псеўдавыбараў як кандыдаты, як так званыя назіральнікі, так і ў выбарчых камісіях. Яны — на самой справе хлуслівыя, баязлівыя, і свайго «бацьку» здадуць пры першым допыце.

Лезуць да ўлады яны як дзеля асабістых амбіцый, так і дзеля карысці. Я яшчэ добра памятаю незразумелае становішча на радыёстанцыі «Стыль», фінансавыя таямніцы, звязаныя з будаўніцтвам дамоў для маладых сем’яў, непразрыстыя тэндэры, таксама на свае вочы бачыў што рабілася ў кемпінгу на Нарачы… Адным словам, шмат яшчэ пытанняў, якія патрабуюць незалежнага ад улады расследавання. Вось такая змена расце…

Чытачы могуць спытаць: “Навошта ты нам, Цыбульскі, зараз пра гэта кажаш? Мы і так усё бачым і гэтым «лукамольцам» ніколі не верылі.” Гэта, вядома, так, але на маю думку, нам не трэба так спакойна ставіцца да гэтых «гульняў у камсамол». Нагадаю Вам паважаныя, што грамадскае аб’яднанне БРСМ на самай справе грамадскім не зьяўляецца, так як цалкам фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту!

Палічыце самі, 118 райкамаў, 6 абласных камітэтаў і Цэнтральны камітэт, і ўсюды сядзяць маладыя чыноўнікі, і ўсім патрэбна зарплата, я ўжо не кажу пра гаспадарчыя выдаткі і фінансаванне мерапрыемстваў. Каб БРСМ існаваў толькі на ўнёскі і дапамогу спонсараў, не «з-пад палкі», то ён бы праіснаваў не больш за месяц. У нас ніхто і не спытаў ці патрэбна нам такая гіра…

Дзе-нідзе нейкія карысныя справы БРСМ ўсё-ткі робіць. Але гэта ўсё безсістэмна, кропкава, і пры такім фінансаванні выглядае хутчэй як лыжка мёду на бочку дзёгцю. Усе іх справы нагадваюць больш тусоўку нейкіх «масавікоў-забаўнікоў». Акрамя імітацыі працы з моладдзю няма.

Што рабіць? Па-першае, не жыць у хлусні. Самім не ісці ў гэтую арганізацыю, і абгрунтоўваць сваю пазіцыю пры спробах прымусовага прыняцця. Калі вы ўжо член БРСМ і ў ім расчараваліся і больш не верыце, то адразу пішыце заяву аб выхадзе. Бацькам варта таксама актыўна ўдзельнічаць у тым, каб іх дзіця не павёўся на ілжывыя лозунгі БРСМ. І наогул, калі Вы лічыце сябе моцным і таленавітым чалавекам, то павінны раз і назаўсёды зразумець, што пры сённяшняй улады ніякай падтрымкі не атрымаеце. А калі Вы лічыце сябе сапраўднымі патрыётамі і гатовыя за кімсьці ісці, то вельмі добра ўсё узважце. Патрыёты ў Беларусі ёсць, шчырыя лідэры таксама. Яскравы прыклад — Зміцер Дашкевіч.

І апошняе. Я дакладна ведаю, што ў кабінетах, як улады так і БРСМ, незалежныя СМІ чытаюць, прычым вельмі ўважліва і ў першую чаргу, а потым афіцыйную прэсу. Хачу звярнуцца да вас, так званая лукашэнкаўская змена. Я добра ведаю, што пераважная большасць з вас не верыць сённяшняй уладзе і ведае якімі сродкамі яна утрымліваецца. Я ўжо 13 гадоў як не працую ў БРСМ (тады гэта БПСМ быў), але і па гэты дзень адчуваю нейкую асабістую адказнасць і віну.

Калі ў Вас ёсць хоць кропля сумлення і шчырасці, памятаеце: доўга пражыць у хлусні самому сабе немагчыма. Падумайце добра! Жыццё не стаіць на месцы, усё рана ці позна зьменіцца. А Вы яшчэ маладыя і Вы вымушаныя глядзець людзям у вочы. Так, што не ашуквайце ні сябе і не людзей!

Алесь Цыбульскі: былы функцыянер БРСМ, цяпер працуе прадпрымальнікам.

www.belaruspartisan.org

Падзяліцца:

Каментары