Спекуляцыя і неабʼектыўнасць сучаснай «нацдэм» журналістыкі

Спекуляцыя і неабʼектыўнасць сучаснай «нацдэм» журналістыкі

Умовы франтоў інфармацыйных войнаў часцяком змушаюць да гіпербалізацыі. У адэптах абодвух бакоў. Гэта накаляе супрацьстаянне і павялічвае прорву між імі. У пагоні за кропляй сенсацыі многія нашы СМІ забываюць, што моцная нацыя і дзяржава мае будавацца на прызнаках еднасці.

Цяжка сказаць чым кіруюцца прыхільнікі дыктатуры, бо яна ёсць нелагічным ды неэфектыўным ладам панавання (prooflink). Але ў многіх каля-дэмакратычных навіновых рэсурсаў назіраецца сіндром «Хартыі97»  — «чым горш – тым лепш»: большы прыгнёт з боку дыктатуры будзе лепшай сенсацыяй.

Да справы

Дзіўна, калі прыхільнікі нацыянальных сымбаляў пачынаюць «сікацца кіпнем» і распаўсюджваць любы намёк на ўціск з боку рэжыма. Нібы маюць адмысловае заданне запужаць народ. Нядаўні прыклад: хлопец з «Пагоняй» на целе на «Купальскім коле». Добрая частка «дэмакратычных» СМІ напісала пра ягоныя праблемы з праваахоўнікамі праз майку. Што апынулася няпраўдаю. Надоячы сам хлопец распавёў, што гісторыя з міліцыяй ― хлусня, ніхто яго не прыціскаў.

Памыляецца кожны. Так бывае. Беззаганных няма. За гэта няма чаго сароміць людзей. Паказальна, як суб’ект паводзіць сябе, калі ўсплывае праўда. Заўсёды важна, як чалавек падымаецца пасля падзення, якія высновы выносіць з непрыгожай сітуацыі.

Нават пасля публікацыі словаў непасрэднага героя артыкулаў, не шмат хто кінуўся прасіць выбачэнні ў чытача за памылку. «Канфлікты з міліцыяй» не зніклі з «змагарскага» наратыву.
screen01

Многія рэсурсы слепа даверылі пачутай інфармацыі ды скарысталіся перадрукоўваннем без праверкі фактаў. Нават не запыталі арганізатара мерапрыемства.

screen02

Мы не журналісты, толькі аматары, але маем крыху пытанняў да «профі»:

  • Як можна па паказанням адной ананімнай крыніцы стварыць артыкул і не запыць героя артыкула?
  • Дзе аб’ектыўнасць, калі апісаны толькі адзін бок канфлікту?
  • Чым такі спосаб падачы адрознівае Вас ад заангажаваных рэсурсаў?
  • Каму выгадна нагнятаць канфлікты вакол «Пагоні»? І чаму?

Першапачаткова навіну падаў фэйзбук Symbal.by, прадстаўнік якога пазней у інтэрв’ю да Еўрарадыё зазначыў, што яны не вінаватыя. Паводле каментара, «ніхто не ведаў дакладна, што ды як, яны ўвогуле не СМІ».

89f55f97d2

І што з таго?

Прыкра і сумна, што для многіх арганізацыяў (дый нават для нашай — чаго граху таіць) падобны крок ёсць зручнай адмазкаю: «мы не СМІ», не нясем адказнасці ні прававой ні маральнай. У такім разе пакрысе нівелюецца адказнасць за свае словы і ўчынкі.

Нас гэта хвалюе, бо мы маем надзею бачыць каля-дэмакратычнае грамадства эталонам і прыкладам для іншых. Бо мы жадаем ўдасканальваць сябе. Спрабуем змагацца з дыктатураю выключна праўдаю, з чыстым сэрцам і з годнасцю спавядаць свае прынцыпы. Мы, супольнасці, што прэтэндуюць спалучаць прыметнік «дэмакратычны» з саманазваю, мусім паказваць прыклад усім. Прынамсі, мы лічым так. І глупа чакаць, што так зробіць дыктатура.

Таму таксама прыкра бачыць як адныя з «нацдэм» лагеру выгароджваюць іншых.

Ад Рэдактара «НН»
Вось класічны прыклад, калі мілы жарт «Хлопца папрасілі зняць майку з «Пагоняй», вось ён і зняў» «сапсаваным тэлефонам» ператварыўся ў памылковую інфармацыю.
http://nn.by/?c=ar&i=172814

Цяжка сказаць ці гэта класічны, ці мілы, ці ўвогуле жарт. Не сутнасна.

Дэ-факта: была апублікавана непраўдзівая навіна. Паведамленне проста было не праверана, бо «свае» давяраюць «сваім». Хто ж з «дэмакратаў» мог падумаць, што symbal.by напіша выдумку?

Аднак нават у такой сітуацыі мадэратары фэйзбука symbal.by настойваюць, што то была проста паўпраўда, а не хлусня.

screen03

Чаму тады нідзе не было пазначана імя аўтара фота і спасылкі на яго як на крыніцу?

Такім чынам

Магчыма, мы не разумеем базавых прынцыпаў сучаснай «нацдэм» журналістыкі ў Беларусі. Але не гэта ёсць важным. Нам, прыхільнікам старадаўняй крывіцкай «Пагоні» важна данесці паспалітаму люду зямлі-маткі Беларусі нашай простыя рэчы: Зараз ніхто не прэсуе за «Пагоню»! Асабліва пасля сітуацыі з кадзетамі. Яе можна насіць і не хавацца. Не верыце нам? Паверце міністру Шуневічу! 🙂

Нам важна гэта паказваць, а не раздзьмуваць канфлікт і канфрантацыю ў грамадстве. Па вуліцах Менску свабодна ездзяць аўто з бел-чырвона-белымі налепкам — пофігу і ментам, і ДАІ, калі ты не парушаеш ПДР і не нахабнічаеш. Гэта самавыражэнне, нацыянальная каштоўнасць, прыгажосць, мода. На вакзале сталіцы кожны соракпяты* мінак — з «Пагоняй» ці ў вышыванцы.

Варта заўважыць, у гэткай блытаніне знайшліся ньюзмэйкеры, якія падыйшлі да справы з большай журналісцкай адказнасцю. Яны прынамсі выбачыліся і разабраліся, «хто ўрот». Нам бы ўсім заўсёды прызнаць свае памылкі…

А чытачам, на шляху пошуку аб’ектыўнасці, варта чытаць некалькі крыніцаў, каб мець магчымасць параўноўваць, ацэньваць факты і аб’ектыўнасць.

Гэтая мілая жартоўная «паўпраўда», а на справе — хлусня — зрабіла шкоду нацыянальнаму руху. Ад гэтага брыдка робіцца многім свядомым беларусам, якія носяць спрадвечную «Пагоню» і не маюць праблемаў з міліцыяй, арганізатарам падобных мерапрыемстваў, сумленным журналістам ды міліцыянтам, якія разумеюць розніцу між нацыянальнымі ды апазіцыйнымі сымбалямі.

Часам падаецца, людзі спецыяльна нагнятаюць абстаноўку ці чыняць акцыі дзеля глупых мэтах кораткатэрміновага піяру. Або дэманструюць міліцыянтам з вулічных плакатаў свой непрыстойны “f*ck gesture” побач з святым для многіх нацыянальным Сцягам… Але на раз’яднанні шмат не здабудзеш. Варта шукаць паразуменне і не культываваць канфлікты, тым болей не выдумляць іх.

Мы толькі жадаем папрасіць Вас задумацца наконт уласнай годнасці, адсутнасці аб’ектыўнасці ў кожным з нас: як у чалавеку, так і ў нашых супольнасцях. Як практыкаванне: паразважайце, калі ласка, наколькі аб’ектыўны дадзены артыкул:-) Каментары пад артыкулам — адкрытыя для Вас. У выпадку чаго: вы ж разумееце, «мы не СМІ», не журналісты нават, толькі сайт невялікай арганізацыі, які часам агучвае асобныя думкі. Спраўджвайце звесткі, каб вас! 😎

МВ


* кожны сорак пяты — дадзеныя не статыстычныя, памылка рэспандэнцыі адвольная, просьба не чапляцца да словаў, лепш праверце самастойна.

 

Падзяліцца:

Каментары