Чэхія: Заклік за вызваленьне беларускіх палітвязьняў

Чэхія: Заклік за вызваленьне беларускіх палітвязьняў

Чэская няўрадавая арганізацыя “Свабодная Беларусь” патрабуе вызваленьня беларускіх палітвязьняў і павагі да правоў чалавека ў беларускіх турмах.

Маладафронтаўскія партнэры — чэская недзяржаўная арганізацыя „Svobodné Bělorusko“ („Свабодная Беларусь”) ініцыявала адпраўку закліку змагацца за вызваленьне палітвязьняў і павагу правоў чалавека ў беларускіх турмах. Зварот дасланы да міністра ўнутраных спраў Чэскай Рэспублікі Яна Кубіцэга, міністра замежных справаў ЧР Карла Шварцэнберга, міністра юстыцыі ЧР Іржыго Поспішіла і прэм’ер-міністра Пётра Нечаса.

У тэксьце закліку паведамляецца:

“Паважаны спадар прэм’ер-міністар, паважаныя міністры ўрада Чэскай Рэспублікі, мы просім і заклікаем вас, як прадстаўнікоў вышэйшага выканаўчага органа Чэскай Рэспублікі, каб вы прасілі ад беларускага ўрада і сваіх беларускіх калегаў наступнае:

  1. Неадкладнае вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных.
  2. Захаваньне беларускага заканадаўства і забесьпячэньне яго выкананьня ў турмах.
  3. Павагу да правоў вязьняў, замацаваных у беларускай прававой сыстэме.
  4. Спыненьне выкарыстаньня бессэнсоўных незаконных пакараньняў.
  5. Спыненьне перасьледу зьняволеных і жорсткага абыходжаньня зь імі.
  6. Забесьпячэньне прафэсійнай мэдыцынскай дапамогі і рэабілітацыі для Зьмітра Бандарэнкі.”

Заклік тычыцца ўсіх палітвязьняў. Ініцыятары звароту асабліва занепакоены станам Зьмітра Дашкевіча, Мікіты Ліхавіда і Зьмітра Бандаренкі.

Заклік падтрымалі 22 чалавек, сярод каторых некалькі пастараў пратэстанцкіх цэркваў, настаўнікаў, прадпрымальнік і пэнсіянэры.

Зыходны заклік на чэскай мове можна знайсьці на сайце „Свабоднай Беларусі”: http://www.svobodnebelorusko.cz

 

Падзяліцца:

Каментары