“ХОПІЦЬ КАРМІЦЬ РЭЖЫМ!” — Адключы радыёкропку!

“ХОПІЦЬ КАРМІЦЬ РЭЖЫМ!” — Адключы радыёкропку!

Малады Фронт распачынае кампанію пад назваю “Хопіць карміць рэжым” .  Мы прааналізавалі выпадкі, калі беларусы проста ад добрай душы ды ад пустога гаманца спансуюць рэжым Лукашэнкі на мільёны, а бывае і мільярды даляраў.

Першая стадыя дадзенай кампаніі — АДМОВА АД РАДЫЁКРОПАК,  якія слухаюць адзінкі, але плацяць усе. Будзем далей карміць “гебельсаўскае радыё”? — НЕ!

“Па горадзе Менску — 617 000 радыёкропак  — гэта роўна столькі, колькі ва ўсіх астатніх абласных цэнтрах рэспублікі. Калі груба скласці — гэта дзесьці 1 мільён 200 тысяч радыёкропак. Плюс “Белтэлекамаўскіх” крыху больш — 1 мільён 375 тысяч. Калі скласці, то атрымліваецца дзесьці 2,5 мільёнаў на 10 мільёнаў насельніцтва,” — спакойна распавядаў Еўрарадыё Мікалай Важнік, намеснік начальніка па эксплуатацыі “Беларускага радыётэлевізійнага перадаючага цэнтра”

Мы рэгулярна аддаем дзяржаве больш за 800 рублёў за радыёкропку — менавіта такая сума прыходзіць нам у “жыроўках” штомесяц. Па сённяшнім курсе даляра атрымліваецца, што за гэтую паслугу мы плацім 3 мільёны даляраў у год. Яшчэ некалькі месяцаў таму, калі афіцыйны курс даляра быў 3 тысячы рублёў, а паслуга каштавала тыя ж 800 з нечым рублёў, то прыбытак Перадаючага цэнтра складаў недзе 8,5 мільёнаў даляраў у год. Але ім мала…

Мікалай Важнік: “Будзем павялічваць, канешне! Павінны эканамісты прыкінуць, якая рэнтабельнасць гэтай паслугі, на якім узроўні мы знаходзімся”.

Але ёсць мажлівасць АБСАЛЮТНА ЛЕГАЛЬНА адключыцца ад радыёкропкі — для гэтага ня трэба закладаць выбухоўку пад “Перадаючы цэнтр” у вашым горадзе ці заклейваць шпалерамі разетку ў кватэры. Дастаткова напісаць заяву з адмовай без указання прычынаў, звярнуцца ў мясцовы “цэнтр” і… здабыць трошку больш свабоды для сябе і сваёй сям’і. А галоўнае — перастаць бездумна спансаваць рэжым.

 

У далучаным файле ніжэй — тэкст заявы + макет улёткі для Горадні:

 Хопіць карміць рэжым

 

Падзяліцца:

Каментары

  1. Галіна (Nov 21, 2011:19:04)Адказаць

    Першая стадыя кампаніі – АДМОВА АД РАДЫЁКРОПАК.
    Другая стадыя — усе разам пераходзім у фм-дыяпазон, дзе ўсе каналы, акрамя 1-га каналу Беларускага радыё (тая самая радыёкропка, толькі ў фм-вяшчаньні), — РАСЕЙСКАМОЎНЫЯ. Ну, канал “Культура” напалову беларускамоўны, астатнія — цалкам расейскамоўныя.
    І будзе ўсім шчасьце!
    Нашто нам усім гэты адзіны беларускамоўны канал — так?
    Ці слухаў калі хто-небудзь з ініцыятараў кампаніі гэты канал? Там вельмі шмат перадач пра нашу культуру, пра беларускія нацыянальныя каштоўнасьці. Як на мой погляд, зусім несправядліва прыраўноўваць Белрадыё да Белтэлебачаньня (дзе сапраўды — гебельсаўская прапаганда).
    Пагаджуся, што трэба нешта рабіць. Але тут трэба думаць, каб не нашкодзіць.

  2. ales (Nov 21, 2011:19:30)Адказаць

    Слушна, спадарыня Галіна!
    У самую кропку — мы падымаем шуміху вакол беларускамоўнай радыёкропкі, каб дадаць ёй вядомасці, пашырыць нацыянальны ўплыў у краіне!!!

    Насамрэч тут справа па-першае у выбары чалавека, а па другое: тое ж “Падарожжа дылетанта” не ратуе БТ, ці дзе там яго транслююць — дзярж-канал застаецца дзярж-каналам — рассаднікам хлусні і пост-бальшавіцкай ідэалогіі.

  3. Галіна (Nov 21, 2011:20:48)Адказаць

    “рассаднікам хлусні”
    Разумныя разумеюць, дзе хлусьня (выключыць радыё ня так і складана, калі штосьці не падабаецца), а дурням усё роўна.
    Вы не разумееце адной рэчы. Калі на БТ суадносіны хлусьні і рэчаіснасьці 95:5 (мо цяпер іначай, я даўно не гляджу), дык на радыё дзесьці 15:85 (гэта прыблізна, я спэцыяльна падлікам не займалася). У любым разе ад яго карысьці болей, чым шкоды. Шмат хто чуе беларускую мову выключна па радыё. Больш яе нідзе няма ў іхным асяродку.

  4. ales (Nov 21, 2011:22:24)Адказаць

    сп. Галя! Іншае зусім пытанне — хто зараз слухае радыё. большасць наогул не маюць прымачоў, але плацяць за разеткі ў сцяне. Згодзен, што сітуацыі розныя ёсць, але трэба ж бачыць агульны кантэкст — з людзей дзяруць грошы за тое, чым яны ніколі ня будуць карыстацца.
    З павагай!