Хто раздражняе вас больш: БРСМ ці Малады Фронт?

Хто раздражняе вас больш: БРСМ ці Малады Фронт?
Менавіта такім пытаннем задаўся  партал  “Альтэрнатыўная моладзевая платформа”. Прапануем вашай увазе гэты карысны і пазнавальны артыкул тут.

У верасні Дні народзінаў святкавалі дзве самыя знакамітыя ў Сінявокай моладзевыя арганізацыі: Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Малады фронт. Першаму споўнілася 9 год, другі адсвяткаваў 14-ыя народзіны. Што зрабілі арганізацыі за такі працяглы час, як да іх адносіцца моладзь і што яны самі думаюць пра гэта, чытайце ніжэй.

Пажаданні і віншаванні імяніннікам ад чытачоў Альтэрнатыўнай моладзевай платформы, атрута і плёткі – ўсё тут!

Градус раздражнення: БРСМ лідыруе

Ведаць-та гэтыя арганізацыі ведаюць, але як да іх адносяцца? – вось якое пытанне цікавіла нас, калі мы зладзілі апытанне ў сеціве. Мы дакалупваліся да маладзёнаў з наступным: «Хто раздражняе вас больш: БРСМ ці Малады Фронт?» і вось што атрымалася.

Амаль 85% апытаных адзначылі, што БРСМ раз’юшвае іх болей за МФ. У той жа час каля 15% рэспандэнтаў кажуць, што Малады фронт значна больш раздражняе іх, чым БРСМ.

За 5 дзён у апытанні прынялі ўдзел 120 чалавек.

 

 

 

 

Што ж так не падабаецца людзям?

Чым жа так не дагадзіў Рэспубліканскі саюз моладзі гэтай самай моладзі? Кажуць, ідэалогіяй.

«Наша арганізацыя ўвесь час падтрымлівае ідэі прэзідэнта і ўрада. Пад час выбарчай кампаніі нашы члены прадэманстравалі сваю актыўнасць на выбарчых участках, на зборы подпісаў, на масавых мерапрыемствах. Мы прэтэндуем на планавыя гранты ад дзяржавы. Гэта датычыцца выдзялення грошай на мэтавыя праекты па падтрымцы ветэранаў, таленавітай моладзі, правядзенне спартыўна-забаўляльных мерапрыемстваў», – расказваў у інтэрв’ю першы сакратар ЦК БРСМ Ігар Бузоўскі.

Аднак, зазначаюць рэспандэнты, у цэлым пра арганізацыю казаць цяжка: БРСМ шмат чаго робіць добрага пры дзяржаўнай падтрымцы. Малады Фронт – толкам нічога, акрамя спроб вывесці людзей на мітынгі. Людзі ў Малады фронт ідуць рамантыкі і ідэалісты, а ў БРСМ – кар’ерысты і рэалісты.

«У БРСМ нават у апараце не адносяцца сур’ёзна да ідэалогіі, а выкарыстоўваюць сістэму для асабістай выгоды. У Маладым Фронце ўсё наадварот. Дзейнасць МФ не дае ніякага выніка, а праца БРСМ дае. Па выніку, ні ў той, ні ў той арганізацыі няма ніводнага плюсу, акрамя таго, што туды ідуць, у цэлым, неблагія чувакі», – распавядае наш чытач, які запаліў усё, акрамя свайго імя.

Людзям, якія кажуць, што БРСМ марнуе грошы нямаведама на што, адказвае былы кіраўнік БРСМ аднаго з факультэтаў Наргаса Дар’я.

«На плечы студэнтаў кладзецца цяжар членскага ўнёску ў памеры 2 тысяч. Менавіта столькі пярвічка БРСМ збірае са сваіх членаў. Аднак менавіта БРСМ, а не хто іншы, спансуе ўсе мерапрыемствы ўнівера – Студвясна, Восеньскі марафон і іншыя. Калі вы бачыце сцяг грамадскага аб’яднання на сцэне, значыць вашы ўнёскі спансуюць яго. Грошай, сабраных з членаў БРСМ, хапае не на шмат, можа толькі на кветкі ветэранам, невялікія сродкі для дзіцячых дамоў. Пярвічка выкарыстоўвае сродкі для надбавак да стыпендый, невялікі адсотак ад іх ідзе на ўзнагароду тых нешматлікіх, хто вырашыў працаваць у арганізацыі» – жаліцца дзяўчына.

Віншаваначкі-пажаданачкі

Ніводны з суразмоўцаў не застаўся абыякавым да Народзінаў БРСМ і МФ.

Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі ў асноўным жадалі адраджэння лідэраў, каб былі яны не простымі кар’ерыстамі і ахвочымі да лёгкай нажывы, а сапраўднымі Чэ Геварамі.

Галоўная праблема гэтай арганізацыі – падыход. Трэба, каб змянілась сама ідэалогія, каб у БРСМаўцы ўступаць не прымушалі, а заахвочвалі.

«У БРСМа дастаткова грошай і рэзерваў, каб зрабіць членства прэстыжным. Можна і конкурсны ўдзел зладзіць», — мяркуе Каця, студэнтка Наргаса.

«Таксама хочацца пажадаць арганізацыі больш увагі надзяляць праблемам моладзі, а не дэклараванню сумнеўных каштоўнасцяў», — кажа Аня, малады спецыяліст у галіне маркетынга.

Важнае пытанне – рацыянальны расход грошай, лічаць нашы чытачы. Ніхто дакладна не ведае, куды і на што выдаткоўвае грошы БРСМ.

Хацелася б таксама пажадаць БРСМу стаць больш стыльным. Як мінімум змяніць лагатып, карпаратыўны стыль. Перажыткі Саўка хай адыдуць у мінулае. «У гэтым сэнсе можна раўняцца на рух «Нашы», расійскую прадзяржаўную моладзевую арганізацыю», — раіць Саша, малады спецыяліст у сферы энергетыкі.

Маладому фронту маладзёны жадаюць хаця б выбудаваць структуру, ідэалогію (каб яна не заканчвалася, як зараз, на пасыле «ШОС»). Няблага было б распрацаваць мэты, якія магчыма дасягнуць ў бліжэйшай будучыні, заняцца асветніцкай дзейнасцю. Ладзіць нейкія свае мерапрыемствы. Такія, каб ствараць інфармацыйныя нагоды, казаць пра іх.

«А то дастаткова часта ўзнікае пытанне: а ці жывы яны яшчэ? Ці адышлі ў небыццё, як ЗУБР і Белы легіён», — дзеліцца з намі Шурык, малады спецыяліст, выпускнік БНТУ.

Кірыл з Наргаса просіць нашага ды-джэя перадаць для Маладога Фронта «здароўя, паменей арыштаў і ганенняў з боку ўлады».

Мы, у сваю чаргу, далучаемся да віншаванняў! Хай хаця б частка з іх здзейсніцца – будзе ўжо выдатна.

Каментар эксперта

Мы таксама папрасілі пракаментаваць гэтую падзею і ацаніць вынікі працы арганізацый вядомага ў Беларусі палітолага, галоўнага рэдактара часопіса «Arche» Валера Булгакава.

Наконт БРСМ. «Само узнікненне БРСМ – праект шырокай прапагандысцкай кампаніі. Таму з гэтай перспектывы, зразумела, БРСМ да грамадзянскай супольнасці ніякага дачынення ня мае. Гэта хутчэй прывадны рамень лукашэнкаўскай палітычнай сістэмы. Вельмі кансерватыўнай, закасьцянелай, пазбаўленай элементаў дынамізму. Якая фактычна нагадвае нам савецкую эпоху з панаваннем акцябратаў, піянераў і камсамольцаў».

Па словах эксперта, БРСМ ня мае будучыні. «Гэтая арганізацыя была створана як кадравы рэзерв для лукашэнкаўскай вертыкалі. З сыходам рэжыму яна бясследна знікне з сацыяльнай мапы Рэспублікі Беларусь».

Наконт Маладога Фронту. «Малады Фронт, прынамсі, згодна з інтэнцыямі заснавальнікаў, кідаў выклік дэпалітызаванай сістэме шляхам кансалідацыі вакол нацыянальных сымбаляў. Безумоўна, з гэтага пункту гледжання арганізацыя зрабіла пэўны ўнёсак у развіццё дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці. З іншага боку, як старонні назіральнік, які ніколі непасрэдна ў дзейнасці гэтай арганізацыі не ўдзельнічаў, заўважыў, што развіццё МФ хутчэй за ўсё залежыла ад бягучай палітычнай кан’юнктуры. Пік папулярнасці быў дасягнуты ў другой палове 90-х гадоў, калі Павал Севярынец узначальваў арганізацыю . Пасля цягнуўся перыяд нявызначанасці. І толькі энергія Змітра Дашкевіча надала арганізацыі новае жыццё».

Эксперт таксама падкрэслівае, што адсутнасць строгай дысцыпліны і яснага бачання кірунку далейшага развіцця не дазволілі Маладому Фронту стацца масавай арганізацыяй. У сваю чаргу слабасць кіраўнічага апарата сярэдняга звяна арганізацыі не здольна адказваць на актуальныя выклікі сённяшняга дня.

Тэкст, інфаграфіка: Настасся Ероха, С.Ханьдзя

www.ampby.org

Наш каментар: Мы безумоўна далучаемся да віншаванняў БРСМ. Што можна пажадаць такой сталай і сур’ёзнай арганізацыі, выхаванай у лепшых ленінскіх традыцыях? Безумоўна, бязкроўнага самароспуску — дапамогу з вывазам і рэалізацыяй тэхнікі, дагляд памяшканняў мы абавязваемся забяспечыць!

Сп. Булгакаву выносіцца адмысловая падзяка за канструктыўную крытыку: у мерах паляпшэння ўнутранай дысцыпліны, адразу па выхадзе артыкулу, на ўсю арганізацыю была накладзена аднадзённая галадоўка, а асабліва вінаватыя неадкладна паехалі ляпіць улёткі ў Чарнобыльскую зону. Дзякуем!

 

Падзяліцца:

Каментары

  1. Frontavec (Oct 27, 2011:00:15)Адказаць

    Спачатку ў артыкуле лічаць грошы БРСМы і нейкія “іканамісты” наргаса шліфуюць аб тым, што “деніх нет дажэ віціранам на цвіты”. Дасведчаныя чувакі пэўна і не чулі, што толькі з пачатку гэтага года Бузоўскаму было выдадзена 20 мільярдаў працвітаюшчэ-стабільных рублей на блэкджек і “жэншын лехкава павідзенія”.
    Потым тыя ж шліфуны-“іканамісты” кажуць, што БРСМ — з’ява даволі дастаўляльная, зычуць лука-югендам быць як Чэ, і ўвогуле вырасці “чоткімі пасанамі”. БЛДЖАД, гэта што за вандалізм!11 Адзінае што можна пажадаць гэтаму статку баранаў, дык гэта аб’яднацца ўжо нарэшце з ЛГБТ, адседзіць па артыкуле 369 — “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь” і адправіцца следам за правадыром сусветнага пралетарыяту.
    “Прошареный пацан” Шурык паставіўшы МФ, Зубр ды Белы Легіён у адзін шэраг спрабуе задавіць сваім скілом аналітыка, але канец крыху прадказальны — “ынжынер” жа.
    Трэба быць самкай аленя(як варыянт — “іканамісткай” ці “ынжынеркай”), каб казаць што пасыл МФа пачынаецца і сканчаецца маркотным ШОСам. За такімі “пасыламі” трэба ісці ў маргіналізаваныя РЧСС ды ЕўраБелку. Нават сам(!) Ліпковіч ужо пэўна шкадуе што недзе там ляпнуў такую бязглудзіцу.
    P.S. Прашу кіраўніцтва апарата выслаць ў Чарнобыль дадатковую партыю ўлётак: у мясцовага насельніцтва наш рэйтынг складае 100%

  2. -M-F- (Oct 27, 2011:07:47)Адказаць

    На маю сьціплую думку, ня варта было гэты артыкул перадрукоўваць.
    Па-першае: ён стары й не нясе новай інфармацыі. І так усім вядома, хто каго як і чым раздражняе.
    Па-другое, няма тут нічога звышцікавага, каб копіпасьціць з amp.by і піярыць тым самым чужы рэсурс.