Ці магла Плошча стаць Майданам, калі б не разгон?

Ці магла Плошча стаць Майданам, калі б не разгон?

«Выйшла 50 тысяч чалавек – і ўсе ў шоку! І Лукашэнка ў шоку, і апазіцыя ў шоку – не ведаюць, што рабіць…».

Пра тое, як развіваліся б падзеі, калі ўлады не разагналі б Плошчу-2010, – «Размова Калінкінай» з лідарам «Маладога фронту» Змітром Дашкевічам.

Госць праграмы перакананы, што на постсавецкае прасторы пры адсутнасці адладжаных прававых механізмаў змены ўлады і абароны сваіх правоў магчымая толькі вулічная дэмакратыя. У Беларусі і ў 2001-м, і ў 2006-м і ў 2010-м колькасць людзей, якія выйшлі на вуліцу, была параўнальнай з першым днём пратэстаў ва Украіне. Аднак сярод апазіцыі, паводле Змітра Дашкевіча, гэтак і не знайшлося лідараў, якія б узялі на сябе адказнасць за Плошчу.

Украіна адрозніваецца ад Беларусі наяўнасцю грамадзянскай супольнасці, нацыянальнай самасвядомасці, незалежных судоў, а таксама сілавікамі, якія могуць адмовіцца разганяць мірныя пратэсты. А найгалоўнейшае – апазіцыя ў асноўных пытаннях дасягнула кансенсусу.

«Выснова простая: беларускай апазіцыі трэба быць паслядоўнай – у гэтым наша асноўная праблема. […] Мы бачым гэтых лідараў, якія па тэлебачанні заклікаюць на Плошчу, рвуць партрэты, выходзяць на гэтую Плошчу – і ўсё, бедненькія, не ведаюць, што рабіць», – мяркуе Зміцер Дашкевіч.

Госць праграмы падкрэслівае, што людзі выходзілі на Плошчу пасля кожных прэзідэнцкіх выбараў, разумелі ўсе наступствы сваіх дзеянняў: «…Украінцам не пагражаюць ні турмы, ні пераслед, ні звальненне з працы. У нас людзі выходзяць, ведаючы, што ім пагражае. Я ведаю людзей, у якіх быў бізнес, яны пісалі жонкам нататкі: мяне не чакай, тое і тое зрабі… Яны ішлі свядома прыносіць ахвяру. Гэтым людзям трэба было браць Карла Маркса 38, гэтак званы парламент, гарсавет – што заўгодна. І потым мільён менчукоў, якія сядзяць на «Тут.баях», «Хартыях», «Партызанах», яны б паглядзелі: бел-чырвона-белы сцяг над Менскім гарсаветам – і паўмільёна [выйшлі б] на вуліцы».

Кіраўнік «Маладога фронту» мяркуе, што беларускія апазіцыйныя лідары баяцца браць на сябе адказнасць за тых людзей, якія выйшлі на вуліцу: «Ім падаецца: няхай выйдзе паўмільёна, тады нам нічога не трэба будзе рабіць. […] А Саня паглядзіць на гэтыя паўмільёна, сядзе ў самалёт і з’едзе».

Але ці можна ахвяраваць людзьмі дзеля нават самай высокай ідэі? «Трэба быць гатовым прынесці ахвяру любой велічыні, самай вялікай нават: заплаціць сваім жыццём. Хто гатовы – выходзьце, хто не гатовы – сядзіце дома. […] Я заклікаю прыносіць гэтую ахвяру і, адпаведна, я ў першых шэрагах іду і першы яе прыношу. А вы ідзіце і глядзіце потым: што з ім зрабілі – пойдзеце вы на гэта ці не».

АК, belsat.eu

Падзяліцца:

Каментары