Ці патрапяць анархісты пад хвалю вызваленняў?

Ці патрапяць анархісты пад хвалю вызваленняў?

Калі асуджаныя па справе 19 снежня адназначна лічацца палітвязнямі, дык у дачыненні зняволеных анархістаў меркаванні раздзяліліся – маўляў, яны наўмысна ўжывалі гвалт у сваёй дзейнасці. Асуджаныя па справе анархістаў Мікалай Дзядок, Аляксандр Францкевіч, Ігар Аліневіч, Павал Сырамолатаў, Арцём Пракапенка і Яўген Васьковіч дагэтуль не прызнаныя Вязнямі сумлення найбуйнейшай праваабарончай арганізацыяй свету “Міжнародная Амністыя”.

Уплыў гэтай арганізацыі ў наданні статуса “палітвязня” вельмі значны: менавіта на меркаванне праваабаронцаў найперш арыентуюцца замежныя палітыкі, фармуючы свае патрабаванні да беларускіх уладаў.

Пакуль “Міжнародная Амністыя” вызначае, ці справядліва далі 7 год турмы 19-гадоваму бабруйскаму анархісту Васьковічу за нанясенне шкоды будынку КДБ памерам у 253 тыс. рублёў, у Беларусі распачалася кампанія за прызнанне маладых людзей палітвязнямі.
Кампанія не ў сэнсе праекту нейкай палітычнай структуры, а шэраг акцый розных людзей і супольнасцяў, якія намагаюца вярнуць добрае імя анархістам. Родзічы арыштантаў пачалі збіраць подпісы за прызнанне юнакоў Вязнямі сумлення – ужо сабрана больш за 600 подпісаў. У Інтэрнэце кожны можа падпісаць петыцыю за вызваленне анархістаў, створаную паплечнікамі па вучобе Мікалая Дзядка, студэнта Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта.

Грамадскасць таксама не засталася ўбаку – удзельнікі ініцыятывы “Нельга забыць” (ініцыятары штодзённай малітвы за палітвязняў ля Чырвонага касцёла ў Мінску) перадалі ў 12 амбасадаў еўрапейскіх краін звароты з заклікам пільна паставіцца да справы анархістаў. “Мы просім вас не дзяліць нашых вязняў на “добрых” і “дрэнных”, на “палітычных” і “крымінальных”, бо ўсе яны – змагары за Беларусь, ахвяры гэтага рэжыму”, — гаворыцца ў лісце. Аўтары зварота, сярод якіх Галіна Сіўчык, Таццяна Кім, Марына Лобава, Алена Ліхавід і яшчэ некалькі дзясяткаў малітоўцаў, узгадваюць прыклад Міколы Аўтуховіча, калі фактычна з-за абыякавасці і празмернай асцярожнасці палітыкаў прадпрымальнік патрапіў у турму: “Калі будзе лічыцца, што адныя павінны быць вызваленыя ў першую чаргу, а іншыя – у другую, дык хлопцы па справе анархістаў будуць адбываць увесь тэрмін зняволення. А мы ўсе будзем адчуваць віну перад імі, як адчуваем віну перад Аўтуховічам, якога не толькі не падтрымалі, а ледзь не самі аддалі ў рукі лукашэнкаўскіх катаў з-за недаверу і страху быць запэцканым у крымінале”.

Сярод палітыкаў найбольш прынцыповую пазіцыю датычна анархістаў заняў Анатоль Лябедзька, старшыня “Аб’яднанай грамадзянскай партыі”. Гэта і не дзіўна – Лябедзька нейкі час сядзеў у адной камеры “амерыканкі” з Ігарам Аліневічам, які зараз адбывае 8-гадовае пакаранне ў калоніі. Анатоль Лябедзька публічна заявіў пра палітычны падмурак справы анархістаў падчас нядаўняй вандроўкі ў Вашынгтон, дзе агучыў імёны анархістаў сярод іншых беларускіх палітвязняў.

Парадаксальнае тое, што беларускія ўлады даўно ўскосна прыраўнялі анархістаў да іншых палітвязняў праз прапанову напісаць прашэнні аб памілаванні. Калі ж іх прызнала палітвязнямі дыктатура, дык чаго чакаюць дэмакраты?

Таццяна Шапуцька, “Новы Час”

Падзяліцца:

Каментары