Чаму 65% моладзі хочуць з’ехаць за мяжу

Чаму 65% моладзі хочуць з’ехаць за мяжу

Кандыдат эканамічных навук Леанід Заіка, дырэктар ГА «Аналітычны цэнтр» «Стратэгія», не так даўно абтэлефанаваў сваіх знаёмых навукоўцаў і высветліў, што ў многіх з іх дзеці і ўнукі ўжо даўно жывуць за мяжой.

У кнізе «Моладзь і грамадзянская супольнасць у Беларусі: новае пакаленне», якую выдаў зарэгістраваны ў Вільні Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, сказана: каля 65 адсоткаў беларускай моладзі хацелі б пакінуць краіну.

«ГЭТА ВЫНІК ЦЯПЕРАШНЯЙ ПАЛІТЫКІ…»

— Добра гэта ці дрэнна, што 65 адсоткаў хочуць «зрабіць ногі»? — разважае эканаміст Леанід Заіка. — Я лічу, што гэта вынік развіцця беларускага соцыуму і палітыкі, што праводзіцца, у выніку якой палова насельніцтва жыве на сацыяльную дапамогу. А як быць, калі 65 адсоткаў маладога насельніцтва акажуцца ў сітуацыі, калі ім гарантаваны заробак толькі 220—260 долараў і трохпрацэнтны прырост даходаў у 2012 годзе на 8 долараў у год? Таму моладзь пакідае нас, з радасцю купляючы квіткі на захад…

Я нядаўна абтэлефанаваў сваіх знаёмых, сяброў — членаў-карэспандэнтаў Акадэміі навук, прафесараў і іншых, каму Лукашэнка ўручае медалі і ордэны, і высветліў, што дзеці гэтай эліты даўно жывуць не ў Беларусі. У 70 адсоткаў маіх знаёмых дзеці жывуць за мяжой! І бацькі выязджаюць у Польшчу, Германію, ЗША, для таго каб наведаць сваіх дзяцей і ўнукаў. У рэшце рэшт тут застануцца 933 тысячы пенсіянераў ва ўзросце 70 гадоў і старэй, у асноўным бабулі, таму што да 65 гадоў у Беларусі дажываюць толькі 49 адсоткаў мужчын.

МЕСЦА ЖЫХАРСТВА НЕАКТУАЛЬНАЕ. ПАКУЛЬ

Экс-кандыдат на прэзідэнцкую пасаду эканаміст Віктар Цярэшчанка кажа, што для яго дочак пытанне змены месца жыхарства неактуальнае. Пакуль.

«У мяне тры дачкі, яны ўсё жывуць у Мінску, — кажа Віктар Іванавіч. — І сярод маіх блізкіх і сваякоў не абмяркоўваецца пытанне змены месца жыхарства, нават часова. Але я выдатна разумею тых, хто сёння з’язджае з Беларусі. Людзі не маюць належнай аплаты за сваю працу, а тыя, хто працуе на двух-трох работах, усё роўна не могуць забяспечыць сабе і сваёй сям’і годны лад жыцця. Нашы рублі абясцэніліся. Амаль усе захоўваюць зберажэнні ў замежнай валюце.

А што тычыцца іншых краін, то далёка не трэба ездзіць: тая ж Смаленская вобласць, Сочы, Масква прапаноўваюць у плане заробку нашым спецыялістам у тры-чатыры разы больш, чым тут. Я ўжо не кажу пра Літву і Польшчу. Некаторыя прадпрымальнікі пераводзяць свой бізнес у іншыя краіны. Шчыра кажу: мне вельмі шкада, што так адбываецца…

Вы пытаецеся, чаму людзі з’язджаюць? Ды таму, што нават дома на кухнях становіцца страшна казаць пра тое, што адбываецца навокал. Таму і з’язджаюць…».

…У рэшце рэшт тут застануцца 933 тысячы пенсіянераў ва ўзросце 70 гадоў і старэй

Між іншым не так даўно і сам Цярэшчанка казаў пра свой мажлівы ад’езд за мяжу — гэта было пасля прэзідэнцкіх выбараў, калі некаторыя экс-кандыдаты на прэзідэнцкую пасаду ўжо сядзелі ў турмах, а тых, хто застаўся на волі, па некалькі разоў на дзень выклікалі на допыты.

«ДАЧКА ТАКСАМА ДУМАЕ З’ЕХАЦЬ З БЕЛАРУСІ»

Жанна Тарасюк ужо тры гады жыве ў Краснаярску. У Мінск прыязджае два разы ў год, і тое толькі на тыдзень. Раней яна працавала ў сферы гандлю — займала высокія пасады, была дырэктарам некалькіх крам. Яна з тых, пра каго можна сказаць «працаголік». Але за апошнія пяць гадоў Жанна змяніла больш за шэсць месцаў працы. Прычына банальная: сыходзіла, калі прапаноўвалі плаціць нават на 20 долараў больш.

«А што было рабіць? У мяне дачка паступіла ва ўніверсітэт на платнае аддзяленне, трэба было зарабляць грошы не толькі на жыццё-быццё, але і на аплату вучобы, — распавядае жанчына. — Таму, калі наймальнік у чарговы раз адмовіўся павялічыць мне заробак, прыйшлося звальняцца. Месяц была без працы, але за гэты час адаслала сваё рэзюме ў шматлікія кадравыя агенцтвы. Калі паступіла прапанова з Расіі, шчыра кажучы, вагалася — з’ехаць амаль назаўсёды, пакінуць дачку, блізкіх… Але паколькі іншых годных прапаноў не было, прыняла рашэнне ехаць. Тым больш што дзве з паловай тысячы долараў, якія мне прапанавалі, у Мінску я б не зарабіла».

Жанна гаворыць, што вельмі сумуе па сям’і, па краіне. Але…

«Я разумею, што не магу вярнуцца, — кажа яна. — Справа ў грошах. Для некага грашовае пытанне здаецца банальным, але насамрэч яно вельмі важнае. Больш за тое, мая дачка, якая ў наступным годзе павінна скончыць ВНУ, таксама думае з’ехаць з Беларусі.».

МІЛЬЁН КАНДЫДАТАЎ НА ВЫЕЗД

Прафсаюзны бос Аляксандр Ярашук мяркуе, што ў наступным годзе Беларусь могуць пакінуць не менш як мільён чалавек, у асноўным маладыя людзі.

Сам лідар Беларускагаі кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў эміграваць з Беларусі не мае намеру. Аднак адзін з яго сыноў з’ехаў.

«Прадстаўнікі нашай арганізацыі ёсць на многіх беларускіх прадпрыемствах, і мы назіраем, што ўзмацняецца міграцыя рабочых рук, — канстатуе факт Ярашук. — З аднаго боку, больш адукаваныя і маладзейшыя едуць у бок Еўропы і ЗША. Спецыялісты масавых прафесій і найбольш кваліфікаваныя кадры знаходзяць любыя спосабы і магчымасці, зрываюцца з прадпрыемстваў нафтаперапрацоўкі, энергетыкі і з’язджаюць у Расію. Уласна кажучы, гэтая праблема ў бліжэйшы час не мае рашэння, таму што ўзровень заработнай платы катастрафічна нізкі. А ў той жа Расіі ён амаль у чатыры разы вышэйшы. І сёння няма такой сілы і адміністрацыйных перашкод, якія маглі б паставіць заслон або перашкодзіць працэсу працоўнай міграцыі.

Хоць калі б мы зараз пачалі нейкія пераўтварэнні, то праз 2—3 гады ў нас з’явілася б надзея, што разрыў ва ўзроўні заробкаў скароціцца. А так, паводле майго прагнозу, у наступны год краіну пакінуць не менш як мільён маладых людзей. Дай Бог, вядома, каб я памыляўся…

Мы, людзі старэйшага пакалення, нікуды не збіраемся з’язджаць, а вось нашы дзеці з’язджаюць. І адзін з маіх траіх сыноў таксама жыве і працуе за мяжой. Я б вельмі хацеў, каб ён вярнуўся. Але куды і на што?»

А дзе вучацца і працуюць вашыя дзеці?

Вядомы сацыёлаг, прафесар Алег Манаеў не хавае — яго дачка ўжо некалькі гадоў жыве і вучыцца ў Амерыцы.

За мяжу з’ехаў і адзін з сыноў экс-міністра працы Аляксандра Саснова.

Дачка праваабаронцы Таццяны Процькі ўжо таксама даўно і шчасліва жыве ў Штатах.

Старэйшы сын сябра дзяцінства Лукашэнкі, экс-старшыні Палаты прадстаўнікоў, а цяпер — старшыні Беларускай федэрацыі гандбола Уладзіміра Канаплёва — пару гадоў таму разам з сям’ёй жыў у Кітаі. Ён працаваў прадстаўніком Ганконгскай гандлёва-прамысловай кампаніі «Глэдзіс» у Пекіне. Мікалай Канаплёў свабодна валодае англійскай і кітайскім мовамі (кітайскі Мікалай вывучаў у Пекінскім універсітэце). Малодшы сын Канаплёва Дзяніс жыве ў Мінску.

Сын прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча — выпускнік сувораўскага вучылішча. Ён скончыў маскоўскую школу ФСБ і адзін час планаваў жыць і працаваць у Маскве. Дзмітрый Міхайлавіч мае дыплом Вышэйшай школы кіравання пры Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце.

Адна з дачок першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандра Радзькова вучылася за мяжой. Праўда, нядоўга. На месяц яна ездзіла ў Англію.

Некаторы час назад сродкі масавай інфармацыі паведамлялі, што дачка рэктара БДУ Марыя Абламейка выйграла конкурс міжнародных стыпендый, і БДУ адправіў яе на навучанне ў Віленскі універсітэт у рамках праграмы Erasmus Mundus.

ПОГЛЯД ЭКСПЕРТА

Барыс Жаліба, доктар эканамічных навук: «Трэба рэфармаваць эканоміку».

«Для таго, каб людзі не з’язджалі, трэба павысіць заробкі. Але не так штучна, як гэта зрабілі ўлады перад выбарамі. Трэба сапраўды рэфармаваць эканоміку».

ТОЛЬКІ ЛІЧБЫ

У Беларусі жыве 2 345 000 чалавек ва ўзросце ад 14 да 31 года, гэта значыць кожны чацвёрты жыхар — малады чалавек.

Паводле даных перапісу насельніцтва 2009 года, у Беларусі на 1000 маладых грамадзян прыпадала 169 чалавек з вышэйшай адукацыяй (згодна з перапісам 1999 г. — 101) і 245 чалавек з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй (у 1999 г. — 204).

Вышэйшую адукацыю на ўсіх формах навучання ў 2010/2011 навучальным годзе атрымлівалі амаль 443 000 студэнтаў. У апошняе дзесяцігоддзе адзначаецца штогадовы рост іх колькасці. Па колькасці студэнтаў у разліку на 10 000 чалавек насельніцтва (467 чалавек) Беларусь апярэджвае такія развітыя дзяржавы, як Аўстрыя (314), Германія (277), Італія (343), Японія (315).

Марына Міт, svabodaby.net

Падзяліцца:

Каментары