Чаму беларусам можна падвучыцца ва ўкраінцаў?

Чаму беларусам можна падвучыцца ва ўкраінцаў?

Напэўна шмат хто з беларусаў чуў пра цяперашнія жарсці на Украіне вакол законапраекта аб статусе рэгіянальных моў (згодна з Еўрапейскай хартыяй аб рэгіянальных мовах). Дзякуючы дадзенаму закону, у любой вобласці Украіны, пры наяўнасці не менш за 10% прадстаўнікоў пэўнай нацыяльнасці, можа быць зацверджана ў якасці рэгіянальнай мова гэтай нацыянальнасці. Чым гэта пагражае Украіне?

Напрыклад, у Закарпацкай вобласці можа быць уведзена ў якасці рэгіянальных моваў славацкая і вугорская мова, а ў Крыму і ва Ўсходніх абласцях расейская мова. Але, варта адзначыць, што ў абарону дзяржаўнай мовы выступаюць нават у «рускім» горадзе Адэсе. Значыць, інтарэсы ўсіх пражываючых нацыянальнасцяў задаволіць ніяк не атрымаецца.

Украіна цяпер – шматнацыяльная дзяржава. Узімку, калі я знаходзіўся праездам у самым заходнім горадзе Украіны – Вужгарадзе, я на сваё здзіўленне чуў на вуліцах горада тры мовы – ўкраінскую, расійскую і вугорскую. Сярод жыхароў Вужгарада я не заўважыў ніякай знявагі, датычнай моўнай прыкметы. Па словах Уладзіміра, карэннага жыхара Вужгарада:

«Вцілому, я до цього ставлюсь нормально. Єдине уточню: коли це побут і «вулиця». В публічних закладах, я все ж волію чути українську, бо це правило хорошого тону і ознака середовища. Якою мовою розмовляти — це питання особисте кожного.»

Бачна, як кожны вольна размаўляе на той мове, на якой ён жадае, а таму адстунічае патрэба ўводзіць дадатковыя законапраекты, якія раз’ядноўваюць народ.
Тая ж самая сітуацыя назіраецца і ў Кіеве. У сталіцы Украіны можна часта сустрэць гутаркі людзей, якія размаўляць на розных мовах – украінскай і расейскай. Хаця, яшчэ пяць год таму ў Кіеве можна было пачуць украінскую мову з вялікімі цяжкасцямі (калі я быў першы раз у Кіеве ў снежні 2006 года, доўга блукаў па цэнтру горада, але так і не змог пачуць украінскую мову). Як апавядае жыхарка Кіева, Марына:

«Помаранчева революція зробила українську не мовою села, а мовою інтелігенції. По-перше, на україномовних перестали кидатися, по-друге, українська стала престижною.»

Але самае цікавае для мяне з’яўляецца тое, што нават у Чарнігаве апошнім часам можна пачуць украінскую мову. Хаця, здавалася б, што горад правінцыйны, знаходзіцца недалёка ад мяжы з Беларуссю і Расіяй, доўгі час знаходзіўся ў складзе Расійскай імперыі і СССР, але і ён паступова пераходзіць на дзяржаўную мову.
Усё гэта паказвае на тое, што працэсы дэрусіфікацыі магчыма правесці ў сціслыя тэрміны, нават у гарадах з дамінуючай расейскай мовай. Варыянтаў моўнай палітыкі можа быць шмат, але я прывяду свой, абапіраючыся на ўкраінскі досвед. Вось што нам трэба зрабіць:

  1. Заканадаўча замацаваць абавязковае выкарыстанне ў рэкламе беларускай мовы або знізіць падаткі на такую рэкламу.
  2. Замацаваць на заканадаўчым узроўні пераважнае выкарыстанне беларускай мовы на радыё і тэлебачанні.
  3. Паступова ўвесці беларускую мову ў адукацыйных установах. Варыянтаў можа быць два: 1) пачынаць дэрусіфікацыю ад дзіцячых садкоў да вышэйшых навучальных устаноў 2) пачынаць дэрусіфікацыю ад вышэйшых навучальных устаноў да дзіцячых садкоў

Гэта толькі самыя першыя дзеянні, якія неабходны ў нашых умовах, на маю думку. Пытанні датычныя дакументазвароту, вайсковага абароту мовы, выкарыстанне беларускай мовы ў дзяржаўных установах – другасныя. Але, як паказвае ўкраінскі досвед – моўную сітуацыю рэальна змяніць на працягу некалькіх год. Галоўнае, каб быў моцны палітычны імпульс збоку кіруючай эліты, а таксама была праведзена граматная палітыка дэрусіфікацыі без значных перагібаў (каб не паўтараць беларускіх памылак пачатку 90-х). Калі беларуская мова стане прэстыжнай, моднай і запатрабаванай – большасць насельніцтва Беларусі будзе яе выкарыстоўваць. Пытанне аб эфектыўнай моўнай палітыцы ў нашай краіне даволі дыскусійнае, і таму я лічу, што толькі праз грамадскае абмеркаванне мы можам выпрацаваць эфектыўную палітыку па вяртанні мовы тытульнай нацыі ў шырокі абарот.

Зміцер Суліменкаhttp://kli4nik.info

Падзяліцца:

Каментары