Чаму не варта далучацца да МФ?

Чаму не варта далучацца да МФ?

Сярод міфічных адмазак, якія не дазваляюць усім сапраўдным інтэрнэт-патрыётам далучыцца да МФ, мы вырашылі скласці “ТОП-пяцёрку”

1. МФ – занадта правая арганізацыя. Ва ўмовах Беларусі, дзе кіруе неакамуністычны рэжым, арганізацыя апрыёры не можа быць “занадта” правай. Дэкамунізацыя, у адрозненні ад Польшчы, Прыбалтыкі альбо Заходняй Украіны, у нас так і не адбылася – праблема застаецца актуальнай. Нацыянальная свабода для карэннага народу так і не была здабытая (дакладней, была выбітая ўжо на ранніх стадыях), а мова, нацыянальныя сімвалы і героі знаходзяцца ў маргінэсе — праблема застаецца актуальнай. Атэізацыя, крызіс сямейных каштоўнасцяў, алкагалізм – усё гэта актуальныя праблемы сучаснасці, жывая спадчына “імперыі зла”. Менавіта таму УСЁ ПРАВАЕ, нацыянальнае, антыкамуністычнае – прагрэсіўная з’ява для Белрусі.

2. МФ – занадта левая арганізацыя. Так, МФ не зігуе, не парыцца колерам шнуркоў і нават любіць жыдоў… А чаму мусіць быць наадварот? Лукашызм – тыповая фашысцкая мадэль (дыктатура, якая прыйшла да ўлады дэмакратычным шляхам), таму, калі зыходзіць з гэтых рэаліяў, МФ – “антыфашысцкая арганізацыя”. Давайце і мы крыху падмажамся пад гэты модны брэнд (8 Ну, а драчыць на Адольфа, чорныя мундуры СС альбо кланяцца пням, якія раптам сталі “спаконвечнымі славянскімі багамі”, sorry, не да нас.

3. МФ – кантора для адмывання заходніх грошаў, як і ўсе апазіцыйныя структуры. Сябры, калі вы знойдзеце ў чальцоў арганізацыі нейкія “заходнія грошы”, дарагія аўто, кватэры і г.д. – тэрмінова паведамце: нам гэтых грошаў вельмі не хапае! Зборшчык мэблі, прамысловы альпініст, будаўнікі, студэнты, некалькі маргінальных журналістаў ды офісных супрацоўнікаў – вось актыў арганізацыі, які спіць і бачыць “заходнія грошы”, нажаль, толькі ўва сне… Насамрэч, маладафонтаўцы, як прадстаўнікі маргінэса (як першыя хрысціяне) найбольш зацікаўленыя ў зменах у Беларусі, у адрозненні, напрыклад, ад “офіснай апазіцыі”. Мы не займаем “нішу”, не разлічваем, што “ўсё само сабой уляжацца”, што самазванец састарыцца ды памрэ альбо лібералізуецца год праз 25… Таму і грошаў нам не даюць: Захад  даўно здаў Беларусь Расеі, для выгляду падкідваючы нейкія крыхты на “правы чалавека” ды мутныя псеўда-палітычныя сімуляцыі, якімі мы, нажаль, не займаемся — “…не дараслі яшчэ”.

4. МФ – секта.  Міф палягае на арыентацыі арганізацыі на хрысціянскія каштоўнасці. Маўляў, моладзь гэтым не прывабіш, не палітыкаў гэта справа – пра веру разважаць, ды і грамадства ў нас не надта рэлігійнае. Па-першае, моладзь, як і грамадства, трэба выхоўваць, цягнуць за сабой, а не бяздумна падпарадкоўвацца “модным трэндам”.  Бязбожны лібералізм нічым не лепшы за камунізм па сваёй сутнасці, а Вера – неад’емная частка нашай традыцыі і светапогляду: “Бог! Гонар! Беларусь!” – крэда МФ.

5. МФ нічога не робіць, трэба ствараць нешта сваё!.. Паверце, большасць заяваў наконт “ствараць нешта сваё” сканчаецца парай пляшак піва ды пафасных фразаў тыпу: “…А я – расчараваўся” “А трэба было…” “А гэты – усё сапсаваў…” Сачы за сабой ды не пар мазгі іншым! Разумны? Смелы? Нацыяналіст? Прыходзь і рабі! Нашчасце, у Беларусі атрымалася стварыць пару аўтаномных нацыянальных структураў, памажы ім Божа, якія працуюць без грантаў, агласкі ды ўвагі СМІ. Іншыя “расчараваныя” сядзяць у нэце ды ныюць, які беларускі народ – “пасіўны і нерашучы”.

Сябры, нажаль ці на шчасце МФ, з усімі сваімі хібамі, з’яўляецца адзінай нацыяйнальна-скіраванай моладзевай арганізацыяй, якая адкрыта выступае супраць самазванца. Хочаце яе ўзмацніць – дапамагайце альбо далучайцеся, не хочаце – працягвайце паліваць брудам у сац-сетках ды каментах на Хартыі. Мы не навязваемся, не лезем у кватэры са сваімі каляровымі часопісамі і глыбокімі думкамі, не гонімся за лічбай. Да МФ не далучаюцца, у МФ ПРЫМАЮЦЬ.

Мы не даем даведак для заходніх універсітэтаў аб “рэпрэсіях”, не дзелімся грантамі, не забяспечваем кар’ернага росту “у апазіцыі” альбо хаця б зніжкі на паход у клуб альбо цырульню (як Лукамол). МФ – гэта праблемы: з гэбнёй, ментамі, універам, бацькамі ды, часам, некаторымі расейскамоўнымі знаёмцамі. Гэта мажлівасць праз нягоды зразумець хто ты ёсць, хто твае сябры, а хто ворагі, што ў табе сапраўднае, а што – не. Гэта мажлівасць знайсці свой ШЛЯХі сябе праз службу Бацькаўшчыне і бліжняму — мабыць АДЗІНАЯ, але надзвычай важная прычына далучыцца да МФ.

 

Але ты не парся, Друг, далей аджыгай у каментах і рабі перапосты. Усё адно ні ў кога нічога не атрымаецца, усё гэта не мае сэнсу, а так шмат яшчэ недапітага ды недакачанага з нэту… Дзерзай, Друг, навошта табе МФ?

 

МФ, Аддзел Прапаганды

Падзяліцца:

Каментары

  1. Дабратвор (Jan 28, 2014:04:20)Адказаць

    па стылістыкі падобна на Зміцера

  2. tamboski vouk (Jan 28, 2014:09:02)Адказаць

    Тэкст — супер!!!