Чаму ў Мінску знялі рэкламныя плакаты “ма-ма=мо-ва”?

17.01.2013:10:09
0
880
Беларусь, Навіны
Чаму ў Мінску знялі рэкламныя плакаты “ма-ма=мо-ва”?

Мінкульт, які замовіў рэкламу мовы, сам здзіўлены яе знікненнем.

У пачатку новага году Асацыяцыя Рэкламных Арганізацый на замову Міністэрства культуры развесіла па краіне плакаты з рэкламай беларускай мовы. Білборды пратрымаліся каля 10 дзён, расказвае старшыня асацыяцыі Ігар Самкін:

“90 прац з першых дзён году былі размешчаныя па ўсёй рэспубліцы, у тым ліку ў горадзе Мінску. А на выхадных мне стала вядома, што паводле рашэння асобы ці групаў асобаў было прапанавана гэтыя працы зняць. Пакуль гаворка ідзе пра “ма-ма=мо-ва” і пра горад Мінск”.

Хаця, згодна са словамі Ігара Самкіна, Мінгарвыканкам зацвердзіў гэтыя плакаты. Правісець яны мусілі хаця б паўгода.

Акрамя рэкламы “ма-ма=мо-ва. Любіш маму?” на білбордах з’явіліся цыклы прац “Маё першае слова”. Гэты варыянт яшчэ можна бачыць у Мінску.

Гэта была не першая спроба размясціць такія білборды. Летась плакаты таксама знялі без афіцыйных пацверджанняў.

Проба пяра была не зусім удалая, бо на змену “Купляйце беларускае” мы прапанавалі праект “Беларускае — самае маё”. Гэтую рэкламу было прапанавана зняць, з невядомай прычыны”, — тлумачыць Ігар Самкін.

У Мінкульце, які выступаў заказчыкам праекту, здзіўляюцца, што рэкламу знялі. Там не могуць патлумачыць Еўрарадыё прычыну…

“Вядома, што гэта сацыяльная рэклама, мы яе замаўлялі. Але не бачылі, каб яе знялі. Вы мяне здзівілі”, — шчыра здзіўляюцца ў міністэрстве.

У Мінгарвыканкаме, які ставіў станоўчыя штампікі з узгадненнем, таксама не могуць сказаць, чаму рэклама знікла:

“Ніякай інфармацыі па гэтым пытанні. Не ў курсе, што адбываецца”.

Правяраем, што ж павесілі замест рэкламы мовы. На прыпынку “Гасцініца “Спадарожнік”, дзе яшчэ нядаўна вісеў плакат “ма-ма=мо-ва” — цяпер плакат ад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях на рускай мове.

У кампаніі “Бігборд”, якой належыць гэтая рэкламная пляцоўка, Еўрарадыё сказалі загадкавае: “Замянілі іншай сацыяльнай рэкламай”. Без удакладненняў, хто так вырашыў.

“Ма-му=мо-ву” каля Акадэміі навук замянілі на экалагічную рэкламу сартыроўкі смецця.

Дарэчы, у інтэрнэце выказвалася шмат крытыкі на адрас такой рэкламы. Нават такія эпітэты: “трэшава-сентыментальная” і лепш “ніякага клопату, чым такі”.

Можа і дагрукаліся да ўладаў гораду: цяпер маем антытытунь і экалогію.

 

euroradio.fm

Падзяліцца:

Каментары