Чаму варта размаўляць па-беларуску?

Чаму варта размаўляць па-беларуску?

Мова – сродак зносінаў паміж людзьмі. Кожны дзень мы сутыкаемся  з ёю. Груба кажучы, страціўшы здольнасць размаўляць, мы страцім увогуле прагу да жыцця.  У адпаведнасці з прыналежнасцю да той ці іншай нацыі мы атрымліваем «у падарунак» ад нашых папярэднікаў мову зносінаў, якую яны баранілі, адстойвалі, каб дзеці іх змаглі годна працягнуць свой род. І так сталася, што мову, як і прыналежнасць да нацыі, мы атрымліваем ад сваіх бацькоў, дзеля таго каб у поўным сэнсе разумець сваё асяроддзе і перадаць усю тую культуру, свядомасць сваім нашчадкам. Гэта ў пэўным сэнсе вялікая адказнасць з самага нашага нараджэння… Кожная нацыя дбае пра сваю культуру, робіць усе намаганні дзеля працягвання яе існавання.  Давайце ж разбярэмся, што ёсць гэтая культура ў межах нашага  існавання і што за мова наша беларуская.

На мой погляд, вельмі выразна раскрыў гэту тэму Францішак Багушэвіч у  прадмове да сваёй кнігі «Дудка беларуская» :

Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маёй! Вам ахвяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, да і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя «мужыцкай»  завуць, а завецца яна  « беларускай ». Я сам колісь думаў, што мова наша — «мужыцкая »  мова, і не больш. Але, паздароў божа добрых людцоў, як навучылі мяне чытаць, пісаць, з той пары я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і пераканаўся, што мова наша ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо іншая якая. Ці ж ужо нам канечне толькі на чужой мове чытаць і пісаць можна? Яно добра, а навет і трэба знаць суседскую мову, але наперш трэба знаць сваю. Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так, як той чалавек прад скананнем, катораму мову зойме, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; от ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы… Можа, хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець.

Тут нават дадаць няма чаго… Наша мова насамрэч адметная, гэта тое, што нас яднае і ў той жа момант вылучае сярод іншых нацыяў. Размаўляючы на ёй, ты аддаеш даніну памяці тым, хто ахвяраваў сваім жыццём дзеля таго, каб зараз ты проста меў магчымасць хадзіць па вуліцы і казаць :

«Я Беларус! А не прыдатак там чагосьці да кагосьці».

Зараз зразумела, што ўсе краіны трапяюць пад глабалізацыю. Існуюць і іншыя аспекты, якія спрыяюць увядзенню ў некаторых краінах шматмоўя. Але ж мы з вамі беларусы і павінны быць вартымі нашых папярэднікаў. Сярод натоўпу паўстае пытанне сарамлівасці перад выкарыстаннем беларускай мовы… Ну як жа можа быць сорамна размаўляць так, як размаўляў Кастусь Каліноўскі? Хіба мала наша Беларусь зведала герояў? Памятай, хто ты і дзякуючы каму ты жывеш. Рабі высновы, спрабуй і вучыся – дарогу здужае той, хто ідзе па ёй.

Жан Гарбачоўhttp://kli4nik.info

Падзяліцца:

Каментары

  1. Кость Кисіль, м. Калінінград (Apr 05, 2012:01:35)Адказаць

    Тримайтеся, своєї мови, бо це найперше, що робить людино самим собою. Мова народу — перлина найдорожча. Не соромтеся своєї мови, навпаки — пишайтеся нею, брати-білоруси! Хай вам пан Бог допомагає у вашім прагненні до волі. Як писав Т. Шевченко у поемі “Кавказ”: “Борітеся — поборете”. Тож не опускайте рук, тримайте свій біло-червоно-білий прапор високо над головами своїми. За вашу і нашу свободу, як казали попередники. Хай живе вільна Білорусь! плекайте мову Калиновського і Купали, нехай надихає вона вас на боротьбу.