Чарговы суд над Дашкевiчам

Чарговы суд над Дашкевiчам

У судзе Першамайскага раёна Мінска 30 студзеня адбылося слуханне адміністратыўнай справы былога палітвязня Змітра Дашкевіча.

Актывіста абвінавачвалі ў парушэнні парадку прэвентыўнага нагляду (п.1 арт.24 — 12 КаАП), гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры ад 6 да 10 базавых велічынь. Рашэнне суда — штраф у 10 базавых велічынь.

Сустаршыня міжнароднага грамадскага аб’яднання «Малады фронт» ( Чэхія) Дзмітрый Дашкевіч атрымаў папярэджанне за парушэнне правілаў адбыцця прэвентыўнага нагляду пасля таго, як 19 снежня не з’явіўся ў крымінальна-наглядную інспекцыю Першамайскага РУУС, дзе павінен адзначацца першы, трэці і чацвёрты чацвер кожнага месяца.

Як растлумачыў Дашкевіч, ён проста забыўся пра тое, што трэці чацвер месяца выпаў на 19 снежня. На наступную раніцу яму патэлефанаваў інспектар з прапановай з’явіцца ў РУУС, што Дашкевіч адразу ж зрабіў, але ў міліцыі ў яго дачыненні склалі пратакол аб парушэнні парадку прэвентыўнага нагляду.

Як адзначыў палітык, у падобных выпадках (калі чалавек адзін раз забыўся прыйсці ў міліцыю, але зрабіў гэта на наступны дзень) пратаколы, як правіла, не складаюць. Аднак інспектар сказаў Дашкевічу, што скласці гэты пратакол яму загадала начальства.

Падзяліцца:

Каментары