Чэмпіён сьвету: «Мы не беларусы, а лiцвiны!»

Чэмпіён сьвету: «Мы не беларусы, а лiцвiны!»

Чалавек, які не хавае сваіх палітычных поглядаў, падтрымлівае нацыянальныя традыцыі, не з’яўляецца аматарам паходаў па начных клубах, з алкаголю ўжывае толькі піва і можа спаць «да перамогі». Віталь Гуркоў — дзевяцікратны чэмпіён свету па тайскім боксе і лепшы баец Усходняй Еўропы па версіі К-1 распавёў пра сябе карэспандэнту Goals.by.

«Займаўся і спартыўным арыентаваннем, і футболам»

— Займацца тайскім боксам я пачаў недзе ў 14 год. Мне тады хацелася быць моцным, мець магчымасць абараніць сябе ў розных сітуацыях. Мяне цягнула да ўсходніх адзінаборстваў. Тым больш, што ў дваравым жыцці часта адбываліся канфлікты, прыходзілася біцца. Да таго ж усе хлопцы глядзелі фільмы пра тых жа Жан-Клода Ван Дама і Джэкі Чана, і таму імкнуліся займацца нечым падобным. Толькі перад тым, як прыйшоў у тайскі бокс, я займаўся іншымі відамі спорту: і спартыўным арыентаваннем, і футболам. Але менавіта тайскі бокс здолеў цалкам мяне захапіць: мой першы трэнер — Дзмітрый Пясецкі, не толькі добры настаўнік і баец, але яшчэ і выбітная асоба. І, дзякуючы яму, я застаўся ў спорце і шмат чаго дасягнуў. Проста на маёй памяці былі больш моцныя і таленваітыя хлопцы, чым я. Але яны з часам кудысьцi зніклі, а я працягваў займацца і застаўся.

«Біцца ў школе не прыходзілася»

— Бацькі мне заўжды давалі права выбару. Падлетак заўжды павінен быць нечым заняты, неяк развівацца. І я лічу, што спорт — гэта тое, што патрэбна. Жыццё — гэта рух. Мой бацька разумеў, што мне гэта патрэбна, хваліў мяне. Але ж казаў, каб я нікому не расказваў пра свае трэніроўкі. І вось усе хлопцы стаяць пад пад’ездам, паляць, піўко папіваюць, а я з сумкай туды-сюды хаджу. Увесь час прыходзілася прыдумляць нейкія гісторыі, каб не распавядаць ім, што быў на трэніроўцы. У школе таксама да апошняга ніхто не ведаў, што я трэніруюся. Біцца не прыходзілася: неяк усе справы вырашаліся дыпламатычным шляхам. Проста хтосьцi аднойчы прачытаў пра мае поспехі ў газеце, а пасля па тэлебачанні паказалі мой бой.

Вучыўся я ў двух школах. Дзевяць класаў, якія прайшлі ў першай, я скончыў без троек. А пасля, па парадзе бацькоў, перайшоў у іншую школу, да якой было доўга дабірацца. Тым больш я пачаў больш трэніравацца, і на вучобу заставалася мала часу. Таму зусім скаціўся ў гэтым плане. Правучыўся так паўтары гады, а пасля вырашыў вярнуцца ў сваю першую школу, каб нармалёва атрымаць атэстат і скончыць адукацыю. Прычына была ў тым, што пасля другой чвэрці ў 11 класе я быў не атэставаны па двух прадметах, і мне хацелася проста давучыцца без перашкодаў. А мая матуля ўсе перажывала, думала, што я ў той другой школе кагось пабіў, і мяне за гэта выгналі.

«Есць людзі, якія без прымянення сілы нічога не разумеюць»

— Бывалі сітуацыі, калі прыходзілася прымяняць сілу па-за рынгам. Трэба было паказаць чалавеку, што ён быў неправы. Рознае здаралася. Але, паколькі даволі доўга займаюся спортам, адчуваю нейкую ўпэўненасць у сабе. І людзі таксама гэта адчуваюць, калі пачынаю з імі размаўляць, таму яны не абвастраюць сітуацыю. Але ёсць людзі, якія без прымянення сілы нічога не разумеюць, і проста неабходна ў некаторых сітуацыях паставіць іх на месца. Апошні раз прыйшлося супакоіць п’янага чалавека, які быў цяжэйшы і вышэйшы за мяне: я проста падняў яго і паклаў на зямлю. А пасля ягоныя сябры забралі яго, бо ўсё зразумелі.

«У накауце бываў толькі адзін раз»

— Сам у накауце я бываў толькі адзін раз. І нават не падчас боя, а ў сваім першым спарынгу падчас трэніроўкі. Мяне тады паставілі супраць майго ж сябра, і я не разумеў, як я буду яго біць. І пакуль у мяне адбываліся гэтыя ўнутраныя змаганні, ён шмат не думаў, а ўзяў ды стукнуў першым. Недзе на пятнаццатай сякундзе ён даў мне каленам пад дых, і ўсё. А ў маёй спартовай кар’еры быў толькі адзіны накдаун, ад якога я даволі хутка ўзнавіўся і нават перамог у баі. Калі ты пераходзіш за мяжу канатаў, ты павінен разумець, што могуць быць і накдауны, і боль, і трэба будзе рабіць штось «праз не магу».

«Мне ніколі не падабалася як біць людзей, так і атрымліваць»

— Тайскі бокс для мяне — стыль жыцця. Я проста зараз не магу ўявіць сваё жыццё без тайскага бокса. Прытым не бокса як спорта, а без тых людзей, якіх я там сустрэў, усёй атмасферы. Проста ўсё вакол мяне складваецца з-за майго занятку: сябры, трэнеры, светапогляд. Хаця мне ніколі не падабалася як біць людзей, так і атрымліваць. Але, магчыма, менавіта з-за гэтага я i пачаў займацца, каб перамагчы самога сябе і свае некаторыя страхі: калі цяжка, балюча, жахліва. Гэта свайго кшталту выпрабаванне, праходзячы праз якое, ты пераступаеш нейкія межы і набываеш упэўненасць у сябе.

«Прыходзілася шмат чым ахвяраваць»

— На першых кроках прафесійнай кар’еры, канечне ж, прыходзілася шмат чым ахвяраваць. Але зараз ты ўспрымаеш гэта, не як ахвяру, а як нармалёвы ход жыцця. Проста прыходзіць іншае разуменне свету. Напрыклад, я зараз не лічу, што калі ты ў пятніцу ці суботу не «пабухаў» з сябрамі, то гэта — ахвяра. Ці напрыклад, не можаш пайсці ў начны клуб і скакаць там да раніцы, бо заўтра ў цябе трэніроўка. Проста ты жывеш згодна з іншымі жыццёвымі прынцыпамі, і для цябе гэтыя рэчы не маюць вялікага сэнсу.

Хаця жаданне ўзяць і ўсе кінуць узнікала шмат разоў. Асабліва, калі ўжо празаймаўся дзесьці гады чатыры. Мяне нешта ламала. Заўжды бываюць нейкія эмацыйныя спады, напрыклад, пасля спаборніцтваў ці калі нешта не атрымліваецца, калі ёсць нейкія праблемы ў жыцці. Чым бы ты не займаўся, у падобныя моманты хочацца ўсё кінуць і забыцца. Вярнуцца на свой шлях мне часам дапамагаў трэнер, а часам я сам разумеў, што трэба займацца. Зараз жа, наадварот, займацца стала больш цікава.

«На «Авертайме» за ўсе жыццё бываў разы тры-чатыры»

— Я трэніруюся ва ўсе дні, акрамя нядзелі. Часам нават два разы на дзень. На «Авертайме» за ўсё жыццё бываў, пэўна, разы тры-чатыры. І ніколі больш за дзве гадзіны там не затрымліваўся. Не падабаюцца мне начныя клубы, не бачу сэнсу бавіць там час: не атрымліваю аніякай асалоды. Выбіраюся ў такія месцы толькі тады, калі мне ахвота паглядзець на людзей: хто як жыве, якія ў народа каштоўнасці. Я ж не буду пад музыку скакаць ды піць гэтыя разнастайныя кактэйлі.

А вось бутэлька піва часам можа быць вельмі карыснай напрыканцы тыдня, пасля трэніровак. Увогуле піва — гэта адзіны з алкагольных напояў, які я магу ўжываць. Астатнія мне не падабаюцца. Больш схільны да цёмнага і нефільтраванага піва. Часам магу набыць і замежнае піва, бо ўсё адно п’ю яго нячаста.

Дыета перашкаджае заўседы. Часам, калі трэба скінуць вагу, каб патрапіць у тую ці іншую вагавую катэгорыю, прыходзіцца сядаць на дыету. Мне гэта вельмі не падабаецца. Хаця ў большасці ўсе проста: не еш дахалеры, не еш на ноч. Таксама не ўжываю газіроўку, не ем шмат печыва. Карацей, здаровае харчаванне: мяса, гародніна, кашы.

«Сплю я «да перамогі»

— Звычайны дзень? Хм. Калі зраніцы мне не трэба нікуды ісці, то сплю я «да перамогі» :). Гэта адна з рэчаў у жыцці, якая прыносіць мне задавальненне. Зараз прачынаюся недзе ў 11, пасля снедаю, у тры гадзіны — трэніроўка, якая канчаецца недзе а пятай. Пасля — абед, а можна нават і паспаць. Потым можна паехаць куды-небудзь, сустрэцца з сябрамі, адпачыць. І ў 12 гадзін — спаць. Хобі? Раней было шмат, а цяпер вось толькі музыку магу назваць. Проста ў мяне шмат сяброў-музыкаў, і я з імі трымаю сувязі. Прытым люблю музыку розных стыляў: рок, панк, хардкор, хіп-хоп — у асноўным, усялякі андэграунд. Таксама за апошнія два гады не прапусціў, пэўна, ніводнага канцэрту гурта «Троіца» ў Беларусі, часта нават выходжу на баі пад іх кампазіцыі.

«Пра сям’ю мне думаць ранавата»

— У асабістым жыцці ўсе нармалёва — у мяне ёсць дзяўчына. На самой справе, не ўвесь жа час знаходзіцца ў мужчынскім асяроддзі! Пра сям’ю, канечне, задумваўся, але, па-мойму, мне яшчэ ранавата. Трэба працаваць над гэтым пытаннем гадоў так у 30.

«Часам прыходзіцца ездзіць на турніры за свае грошы»

— Зарабляю я нармалёва — на жыцце хапае. Але не думаю, што атрымоўваю больш, чым кваліфікаваны спецыяліст на якім-небудзь заводзе ў нашай краіне. Магу займацца любімай справай і марыць аб дасягненні новых спартовых вяршыняў. Хоць і фінансавая сітуацыя ў краіне не лепшая — часам прыходзіцца ездзіць на турніры за свае грошы. Таксама цяжка знайсці трэніровачную базу, на якой будзе ўсё неабходнае — трэнажорная і баксёрская залы. Бо падрыхтоўка ўключае ў сябе шмат чаго: ад тактычных дзеянняў да фармакалогіі. Да таго ж рост коштаў дае аб сабе ведаць. Напрыклад, банка напою Super Pump, які патрэбен для ўзнаўлення арганізма, каштуе 50 даляраў. Дык 50 даляраў раней і зараз — гэта ж зусім розныя грошы.

«У нашай краіне зараз адбываецца культурны заняпад»

— У кожнага чалавека павінен быць нейкі здаровы нацыяналізм. Калі я нацыяналіст, то гэта значыць, што я не цураюся беларускай культуры і мовы, хоць і не карыстаюся ёю ўвесь час. Нельга не заўважыць, што ў нашай краіне зараз адбываецца культурны заняпад. Нават калі ты не размаўляеш на сваёй мове, ты павінен яе ведаць. Я намагаюся больш размаўляць па-беларуску, каб паказаць людзям, што не трэба забываць родную мову і цурацца яе. Хаця «нацыяналізм» – даволі шырокая дэфініцыя.

«Масква — гэта своеасабісты цэнтр зла»

— Зараз у мяне адбываецца нейкае пераасэнсаванне «левых» і «правых» ідэяў. У мяне ёсць нейкая свая ідэя. Нейкую частку ідэй я магу ўзяць у левых, нейкую — у нацыяналістаў. З падлеткавага ўзросту я ведаю некаторых людзей, якія нясуць ідэі роўнасці, свабоды, братэрства. Проста што датычыцца левых, то яны праводзяць сацыяльныя акцыі кшталту «Ежа замест бомбаў», калі яны кормяць бяздомных, робяць добрую справу за свае сродкі. Прытым яны не афішуюць гэтыя рэчы. У гэтым я іх падтрымліваю.

Таксама мне падабаецца іх прыхільнасць да антыфашызму, бо цяжка назіраць, як па краіне, якая страціла шмат сваіх сыноў у барацьбе з фашызмам, ходзяць прыхільнікі Гітлера, якія чытаюць «Майн Кампф». Хаця некаторых з іх я таксама разумею. Напрыклад, зразумела, чаму так атрымалася ў той жа Маскве. Расейская дзяржава-заваёўнік проста павінна была прыйсці да таго, што там зараз адбываецца. Гэта было не цяжка прадказаць. Масква — гэта своеасабісты цэнтр зла. Гэтая шматнацыянальнасць прыводзіць да канфліктаў. Там увесь час будуць канфлікты на нацыянальнай падставе. Расея зараз проста расплачваецца за сваю палітыку каланізацыі, якую яна праводзіла.

«Нас не ведаюць за межамі СНД»

— У ідэале хацелася б бачыць сваю краіну моцнай, незалежнай, дзе людзі размаўляюць на сваёй мове, ведаюць і паважаюць сваю гісторыю. Крыўдна за тое, як выглядае наша краіна за яе межамі: гэта зямля без гісторыі, традыцый. Проста краіна, якая просіць крэдыты і гранты. Няма свайго сімвала, іміджа. Наш сімвал — гэта шаткае становішча, у якім мы знаходзімся. Хацелася б узнавіць памяць слаўных гістарычных падзей. Мы заўжды былі моцнымі, незалежнымі, і прыкладам для многіх. А зараз нас не ведаюць за межамі СНД. Прыходзіцца тлумачыць людзям, адкуль ты, і дзе гэтая краіна знаходзіцца. Год таму, напрыклад, пыязджаў сюды знаёмы паляк з самага захаду Польшчы. Дык ён, калі ехаў сюды, узяў з сабою два дзясяткі яек, кілаграм мяса і хлеб, бо яму ў вёсцы сказалі, што ў нас па вуліцах ездзяць НКУСаўцы, якія цябе за няправільны погляд могуць забраць. А людзі ходзяць у фуфайках і гумовых ботах і «месяць гувно». Дык ён фатаграфаваў Мінск, каб пасля ім паказаць.

«Беларусы» — штучная назва!»

— Таксама гэты міф аб талерантнасці. Адкуль яна возьмецца, калі ў нас заўжды былі войны? Мы ж у свой час стварылі буйнейшую дзяржаву ў Еўропе — Вялікае Княства Літоўскае. Калі на тое пайшло, дык мы не беларусы, а ліцвіны! А «беларусы» – гэта штучная назва, прыдуманая ў Расейскай імперыі. З іншага боку, беларусы (ліцвіны) мелі незвычайную ўнутраную талерантнасць. З часоў ВКЛ тут бесканфліктна ўжываліся мы, татары, габрэі. У кожным мястэчку поруч будавалі храмы розных канфесій. А ў Вялікую Айчынную вайну Беларусь стала бадай адзінай краінай, дзе насельніцтва папросту не маглі справакаваць на габрэйскія пагромы. І гэтай рысай нашага менталітэту — павагай да іншых народаў унутры нашай краіны і за яе межамі — можна ганарыцца.

«Галоўны кар’ерны план — быць у абойме»

— Раней у мяне на спіне была татуіроўка проста з аднаго надпісу Muai Thai or die, а зараз яна разраслася на ўсю спіну. Цяпер пад надпісам яшчэ красуецца суровы вобраз маскі — сімвала тайскага боксу. Такія малюнкі наносілі толькі байцы ў Тайландзе. Але я разам са саім сябрам трохі стылізаваў гэты вобраз, і атрымалася даволі цікава. Зрабіць тату на нацыянальную тэму? Хм, трэба падумаць, але ўсе ж на гэта трэба пэўны час.

Галоўны кар’ерны план — быць у абойме. Нядаўна зрабіўся заслужаным майстрам спорта Рэспублікі Беларусь. Канешне, хацелася б удзельнічаць у прафесійных турнірах, якія будуць трансліравацца па тэлебачанню ў Еўропе і іншым замежжы, каб прадстаўляць нашу краіну там. ММА, канешне, цікавы від спорта, але мне ўжо пазнавата — няма барцоўскіх навыкаў. А, каб набыць неабходны мінімум, спатрэбіцца самае меншае тры гады. У мяне проста няма гэтага часу…

http://goals.by/

Падзяліцца:

Каментары