Чэшская перакладчыца: я не веру ў патрыятызм без роднай мовы

21.03.2012:00:08
0
1 945
Навіны, Сьвет
,
Чэшская перакладчыца: я не веру ў патрыятызм без роднай мовы

Ужо месяц, як на Тэлеграфе існуе рубрыка, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы, удзельнікамі якога з’яўляюцца грамадзяне іншых краін, якія адмыслова і самастойна вывучылі беларускую мову. Сёння вашай увазе мы прапануем інтэрв’ю чэшскай перакладчыцы, арнітолага Святланы Уранавай (Světlana Vránová).

Telegraf.by: Чым вас зацікавіла беларуская мова?

Вранава: Першае, што мяне зацікавіла, было тое, што я яе нідзе не чула. Я прыехала ўпершыню ў Беларусь і паўсюль чула толькі расейскую. Гэта было вельмі дзіўна, і мне гэта не падабалася.

Другое, чым яна мяне зацікавіла, было тое, што я магла адразу ўсё разумець. Калі я ўрэшце сустрэла беларускамоўных людзей, у мяне не было ніякіх праблемаў іх разумець.

І трэцяе, што я заўважыла з вялікім здзіўленнем, было тое, як шмат у чым беларуская мова падобная да польскай! Я вельмі добра ведаю расейскую, але таксама і польскую мову. Раней я чула (а на самой справе, сустракаюся з гэтым меркаваннем пастаянна), што беларуская мова – гэта такая “дзіўная” расейская. Але, на мой погляд, калі ўжо казаць, што яна “дзіўная” (але я яе дзіўнай зусім не лічу!), то яна хутчэй “дзіўная польская”.

Telegraf.by: Чаму вы вырашылі вывучаць беларускую мову?

Вранава: Беларусы мне расказвалі аб сваёй слаўнай гісторыі. Расказвалі таксама пра крыўды, выкліканыя рускімі. Гаварылі, што рускія скралі ў беларусаў гісторыю, культуру, рэлігію, мову, частку краіны… Гаварылі, што яны вельмі добра разумеюць, як сябе адчувалі чэхі пасля 1968 году, таму што Беларусь знаходзіцца пад пастаяннай акупацыяй. Для мяне гэта ўсё было вельмі цікава, але я не магла зразумець, чаму яны мне пра ўсё гэта кажуць на мове сваіх, як яны гавораць, ворагаў?

Калі я іх запытвала, чаму яны гавораць, што любяць сваю краіну, шануюць гісторыю, не любяць рускіх – але размаўляюць па-расейску, а не па-беларуску, я чула вельмі дзіўныя адказы: гэта ўжо немагчыма… Задоўга працягваецца русіфікацыя… Сёння ніхто ўжо не размаўляе на беларускай мове, трэба з гэтым прымірыцца… Мова не важная, важна адчуваць сабе беларусам… У школе нас беларускай вучаць замала…

Я не магла з гэтым пагадзіцца. Я не веру ў патрыятызм без роднай мовы, не веру ў адраджэнне нацыі з замежнай мовай і не веру ў тое, што чалавек, які атрымаў хоць нейкія асновы беларускай мовы ў школе, не можа размаўляць па-беларуску, калі хоча. Я перакананая, што кожны беларус можа ў любы момант прыняць рашэнне і пачаць размаўляць па-беларуску. Думаю, што правільны адказ тут не “гэта немагчыма”, але “нам не хочаца”.

Ну, і таму я вырашыла вывучыць вашую мову. Каб паказаць, што нават за мяжой, нават іншаземец, які не мае ніякіх асноваў са школы, можа навучыцца. Калі я была другі раз у Беларусі, я сказала, што наступным разам я буду размаўляць ужо толькі па-беларуску. А калі беларусы не будуць мяне разумець, гэта іх праблема.

Навучылася я даволі хутка – менш чым за два гады. Вучылася толькі самастойна, чытаючы Біблію ў беларускім перакладзе, слухаючы Свабоду, гледзячы Белсат… Вельмі шмат я вучуся праз ліставанне са сваімі беларускімі сябрамі. У мяне ёсць супрацьлеглая праблема, якая, як правіла, бывае з замежнай мовай: я магу цалкам без праблемаў чытаць, разумеючы практычна ўсё, магу даволі без праблемаў пісаць – але маю праблему з размоўнаю мовай. Таму што, на жаль, у большасці няма з кім практыкавацца.

Telegraf.by: Як вы ацэньваеце моўную сітуацыю ў Беларусі?

Вранава: На жаль, я бываю ў Беларусі нячаста і не ведаю дакладную сітуацыю. Вельмі шмат маіх сяброў беларускую ведаюць і многія ёй карыстаюцца. Іншыя, хоць па-беларуску не размаўляюць, вельмі добра ведаюць, што гэта ненармальна, нядобра і трэба гэта змяніць. Я ведаю прынамсі трох чалавекаў, якіх мне атрымалася натхніць, і яны сапраўды пачалі карыстацца беларускай.

Мне здаецца, што сітуацыя ў вас нагадвае сітуацыю ў Чэхіі ў пачатку XIX стагоддзя. Тады ў нас амаль увесь народ размаўляў па-нямецку, чэшская мова лічылася “вульгарнай”, прымітыўнай, школы былі нямецкія, па-нямецку друкаваліся кнігі і газеты, па-нямецку прапаведвалі ў цэрквах… Усё паказвала на тое, што чэшская мова мёртвая і ўжо не можа вярнуцца. Як гэта скончылася, можаце бачыць. Мы жывыя і мова жывая. З’явілася група інтэлектуалаў, чыя дзейнасць распаліла пажар нацыянальнага адраджэння. Раптам аказалася, што “мёртвая” мова зусім не такая ўжо і мёртвая! На працягу некалькі гадоў сітуацыя зусім змянілася: калі раней была сорамна размаўляць па-чэшску, цяпер усе, хто хацелі сябе лічыць важнай персонай, размаўлялі па-чэшску. Чэшская мова ды чэшскі дух ніколі не спынялі сваё існаванне. Толькі на некаторы час “заснулі” і чакалі “лепшых часоў”. І мне здаецца, што ў вас тая ж сітуацыя. Беларуская мова і беларускі дух вогуле не такія мёртвыя, як можа падавацца. Думаю, што дачакаемся часу, калі яны раптам прачнуцца.

Telegraf.by: Якой вы бачыце будучыню беларускай мовы?

Вранава: Часткова я адказала раней. Я цалкам упэўнена, што беларуская мова зноў загучыць у беларускім народзе. Да сваіх сяброў я гавару: зараз час падрыхтавацца. Калі зменіцца сітуацыя ў краіне, і гэта можа здарыцца ўжо заўтра…, беларуская мова зноў атрымае свой гонар і ты будзеш шкадаваць, што яе не ведаеш добра. Вучыся зараз. Прымі рашэнне і пачні гаварыць!

http://telegraf.by/

Падзяліцца:

Каментары