Малады Фронт Пераменаў


Беларусь у чаканьні пераўтварэньняў. Краіна прагне зьменаў – і ўсё грамадзтва спадзяецца на маладых зьвязвае абнаўленьне й Адраджэньне зь юнымі пакаленьнямі.

Мы – Малады Фронт пераменаў, якіх чакае краіна. Мы – узроставы фронт новае генэрацыі, які, сталеючы, на вачох мяняе ўсю Беларусь. Мы –сьветапоглядны фронт духовага абуджэньня, якія нараджае ў спустошаных маладых душах веру й любоў, адчуваньне свабоды й адказнасьці, прагу дзеяньня й нацыянальную салідарнасьць. Малады Фронт – не лінія акопаў на мяжы з Расеяй, не вулічны батальён супраць асобна ўзятага Лукашэнкі, а дабравольнае апалчэньне беларускай моладзі супраць дыктатуры і імпэрыі, усяго зла й бездухоўнасьці ў дзяржаве й грамадзтве. Малады Фронт – гэта атмасфэрны фронт нацыянальнай ідэі й духовага Адраджэньня.

Назва “Малады Фронт пераменаў” таксама мае на ўвазе і тое, што Маладому Фронту самому патрэбныя ўнутраныя перамены. Першы этап нашай дзейнасьці – стварэньне, станаўленьне й сталеньне ў розных сфэрах маладзёвага жыцьця – завяршаецца. Зараз трэба вызначаць далейшыя арыентыры, фармуляваць галоўныя мэты, адзіным магутным фронтам распачынаць нацыянальны рух моладзі па ўсёй краіне.

I. СТАЛЕНЬНЕ МАЛАДОГА ФРОНТУ

Сёньня Малады Фронт – адна з самых яркіх і моцных зьяваў нацыянальнага руху ў Беларусі. Менавіта Малады Фронт – пярэдні край, эпіцэнтар сучасных маладзёвых працэсаў, фокус, у якім адлюстроўваюцца глыбінныя ўзроставыя й сьветапоглядныя пераўтварэньні ўсяго грамадзтва.

За некалькі бурлівых і напружаных гадоў Малады Фронт перажыў унікальную эвалюцыю. Ніводная беларуская арганізацыя не мянялася, не разьвівалася настолькі хутка: імклівае й пасьлядоўнае маладафронтаўскае сталеньне зрабілася адным з самых уражлівых фэномэнаў грамадзка-палітычнае гісторыі Беларусі канца ХХ стагодзьдзя. Усьведамленьне сутнасьці гэтае эвалюцыі, заканамернасьцяў, арганізацыйнага, ідэалягічнага й духовага сталеньня – перадумова для фармаваньня праграмы ўсяго нацыянальнага руху моладзі. Сыстэматызацыя й асэнсаваньне гэтага пэрыяду станаўленьня – праграмная задача сёньняшняга часу.

МАЛАДЫ ФРОНТ прайшоў заканамерны эвалюцыйны шлях — ад стыхійнага выхаду на масавыя маніфэстацыі, праз вулічны радыкалізм, палітычнае шоў і сьцёб, праз культурніцтва і грамадзкае пашырэньне, раскручваньне інфармацыйных тэхналёгіяў — да цяперашняга ідэалягічнага сталеньня й шматвобразнасьці дзеяньня ў ролі лідэра нацыянальнае моладзі. На працягу апошніх гадоў Малады Фронт знаходзіўся ў эпіцэнтры змаганьня за Беларусь, у авангардзе разьвіцьця маладзёвых настрояў, на хвалі чаканьняў грамадзтва — разам зь яго эвалюцыяй мянялася ўся незалежніцкая моладзь. З штатнай маладзёвай фракцыі БНФ Малады Фронт ператварыўся ў найбуйнейшы маладзёвы рух, у якім гарманічна спалучаюцца і палітычная актыўнасьць, і культурніцкія акцыі, і вулічныя маніфэстацыі, і інфармацыйныя кампаніі. Шырокі рух, які аб’ядноўвае многія маладзёвыя плыні й прыхільнікаў розных меркаваньняў, дзесяткі грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў на груньце нацыянальнай ідэі, у сьвятле хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, на хвалі духовага Адраджэньня, з народнай, кансэрватыўнай канцэпцыяй дэмакратычнага грамадзтва ды незалежнае эўрапейскае дзяржавы.

II. НАЦЫЯНАЛЬНЫ РУХ МОЛАДЗІ

Сёньняшняя беларуская моладзь – найбуйнейшы, двухмільённы корпус беларускага грамадзтва, самае масавае пакаленьне носьбітаў нацыянальнай ідэі, абаронцаў незалежнасьці, удзельнікаў апазыцыйных выступленьняў і прыхільнікаў рэформаў. Людзкія чаканьні сканцэнтраваныя на маладых. Моладзь, якой сёньня 14-30 гадоў, народжаная для перабудовы, мае велізарную прагу й патэнцыял пераменаў – палітычных, эканамічных, сацыяльных, культуровых і духовых. Разам з тым велізарная маса сёньняшняй моладзі апатычная й абыякавая да духовага й нацыянальнага Адраджэньня. Крымінальная й наркатычная субкультуры, распаўсюд ксэнафобіі, культу гвалту, цынізм і разбэшчанасьць – гэта праявы бездуховасьці й нацыянальнага адмаўленьня. Цяперашнія маладыя – гэта пакаленьне ня толькі Вясны-96 і Маладога Фронту, рэформаў і недзяржаўных ініцыятываў, але й эрэн’ешных брыгадаў, эпідэміі сьніду, бэпээсэму й Нямігі. Гэтых нашых равесьнікаў, заражаных сацыяльнымі й духовымі хваробамі, пакінутых на выраджэньне й выміраньне, трэба ратаваць. Беларускай моладзі жыцьцёва неабходныя глыбокія перамены ў духовай сфэры. Якраз гэтая моладзь “вёснаў” 1996 г, 2000 г, Плошчаў здольная ўтварыць у Беларусі ўзроставы й сьветапоглядны МАЛАДЫ ФРОНТ ПЕРАМЕНАЎ. Малады Фронт дэмакратычных рэформаў і эўрапейскай альтэрнатывы, фронт супрацьстаяньня дыктатуры й імпэрыі, злу ў дзяржаве й грамадзтве – непераадольны бар’ер для камуна-гэбісцкага рэваншу, новы, сьвежы атмасфэрны фронт Адраджэньня й духовага Абуджэньня.
МАЛАДЫ ФРОНТ – прызнаны арганізацыйны й ідэалягічны лідэр, авангард беларускае незалежніцкае моладзі. У цяперашні адказны момант, на пераломе тысячагодзьдзяў менавіта ён пакліканы задзіночыць і павесьці за сабою ўвесь шырокі нацыянальны рух моладзі, фронт плыняў, структураў і ініцыятываў з максымальным геаграфічным, сацыяльным і ідэалягічным дыяпазонам, аб’яднаны нацыянальнай ідэяй, хрысьціянскімі прынцыпамі й імкненьнем да поўнамаштабовых пераменаў у дзяржаве й грамадзтве.

Стварэньне праграмы “МАЛАДЫ ФРОНТ ПЕРАМЕНАЎ” – першы й вырашальны крок для фармаваньня такога ідэалягічна глыбокага й магутнага руху, у якім новае пакаленьне Беларусі ўбачыла б рэальную апазыцыю, альтэрнатыву старэючаму рэжыму й імпэрыі зла. Другім этапам у станаўленьні нацыянальнага руху павінна стаць поўнае і шматвобразнае асэнсаваньне, усьведамленьне сутнасьці нацыянальнай ідэі й духовага Адраджэньня сярод моладзі. Гэта дазволіць аб’яднаць усе маладзёвыя нацыянальныя сілы ў адзіны салідарны ФРОНТ ПЕРАМЕНАЎ.

Паўтара дзесяцігодзьдзя дзейнасьці БНФ заклалі пэўную грамадзкую базу ідэяў незалежнасьці, эўрапейскасьці, беларусізацыі. Такія ідэі, успрынятыя, засвоеныя ці хаця б прысутныя сярод бальшыні моладзі. Сёньня МАЛАДЫ ФРОНТ пакліканы зьдзяйсьняць у грамадзтве куды больш глыбокія, эфэктыўныя й структураваныя перамены, фармуляваць нацыянальную ідэю ўва ўсіх сфэрах маладзёвае актыўнасьці, ужо цяпер распрацоўваць мадэлі будучых рэформаў і абуджаць усю краіну дзеля духовага Адраджэньня. Толькі адзіны, адкрыты, моцны й папулярны нацыянальны рух моладзі можа стаць самім жыцьцём і вобразам дзеяньня сёньняшняе беларускае моладзі.

Нацыянальны Рух Моладзі – гэта суполкі й актывісты ў кожнай школе, вучэльні, факультэце; эфэкт прысутнасьці МФ у кожным двары й мястэчку; пранікненьне ўва ўсе маладзёвыя асяродкі й сфэры; няспынная сыстэмная дзейнасьць паўсюль, дзе толькі можна.

Нацыянальны Рух Моладзі – гэта пастаянная каардынацыя агульных дзеяньняў паміж усімі беларускімі незалежніцкімі маладзёвымі арганізацыямі, найшырэйшае супрацоўніцтва, узаемадапамога й супольная праца дзеля Беларусі. Асноўны цяжар аб’яднаўчае працы мусіць браць на сябе менавіта Малады Фронт.

Дзеля таго, каб узначаліць і павесьці за сабою Нацыянальны Рух Моладзі, Маладому Фронту трэба зрабіць

ПЕРААДОЛЕЦЬ НЕБЯСЬПЕЧНЫЯ ВЫКЛІКІ

НЯНАВІСЬЦЬ. Нянавісьць да Лукашэнкі, Расеі, міліцыянтаў ці сваіх “несьвядомых” суайчыньнікаў не павінна рабіцца асноўнай рухавай сілай моладзевага супраціву. Сутнасьць моладзевага нацыянальнага руху – у свабодзе й праўдзе, веры й любові, і менавіта гэтыя сілы вядуць нас у змаганьні за нацыянальную ідэю. Мы змагаемся не супраць кагосьці, а ЗА Беларусь!

АБМЕЖАВАНАСЬЦЬ. Абмежаванае разуменьне ролі МФ у сёньняшнім нацыянальным руху можа прывесьці да імкненьня ўладкавацца ў “сваёй” утульнай нішы (напрыклад, “мы кансэрватары”, ”мы культурнікі” або “мы радыкалы”). Адсюль, ад абмежаванасьці – і нецярпімасьць асобных групаў моладзі ўнутры руху, якой неабходна пазьбягаць. Сэнс агульнабеларускага моладзевага нацыянальнага руху ў тым, каб арганізацыйна й духова аб’яднаць усе магчымыя маладзёвыя плыні й групы на аснове нацыянальнае ідэі. МФ займаецца і грамадзкай дзейнасьцю, і палітычнымі пытаньнямі; у МФ ёсьць месца ўсім – але пры гэтым у цэнтры ўвагі, у сарцавіне ідэалёгіі павінна стаяць выразная сыстэма каардынатаў: імкненьне ў Эўропу, незалежная дзяржава, перамены ў грамадзтве, хрысьціянскія прынцыпы. Ніякая з маладзёвых арганізацыяў, апроч МФ, сёньня ня ў стане задзіночыць беларускую моладзь у нацыянальны рух. Калі ня мы – дык хто?

АБЫЯКАВАСЬЦЬ. Многія, сьпярша юныя ды гарачыя, расчароўваюцца ў адсутнасьці хуткага эфэкту, робяцца абыякавымі ды спустошанымі, адыходзяць ад справаў альбо працягваюць квола варушыцца “па інэрцыі” ці “па звычцы”: “усё роўна нічога не мяняецца”. Тым часам Беларусь мяняецца – паволі, але ўпэўнена. Трэба сталець і разумець, што сапраўдная незалежнасьць і духовае Адраджэньне ніколі не даюцца лёгка, за пару гадоў. Мы маладыя, поўныя сілаў, за намі будучыня – і менавіта на нас ляжыць адказнасьць за перамены ў грамадзтве. Кожная хвіліна, кожны дзень нашага змаганьня мусяць набліжаць нас да перамогі. У такі час недапушчальна расслабляцца, драмаць ці спадзявацца на іншых. Будзьма ж заўжды бадзёрымі, чуйнымі, моцнымі аптымістамі – і моладзь за намі пойдзе!

ПЭРСПЭКТЫВА РЭФОРМАЎ

Малады Фронт ужо цяпер павінен рыхтавацца да магчымае зьмены ўлады й разгортваньня шырокіх рэформаў. Трэба разумець, што толькі масавы, агульнабеларускі нацыянальны рух моладзі здольны будзе стаць рухавіком пераменаў. Таму пэрспэктыва МФ – пераўтварэньне ў найбуйнейшую, разьлічаную на некалькі соцень тысячаў чалавек, сыстэму нацыянальных праграмаў і ініцыятываў: ад адукацыі да занятасьці, ад шоў-бізнэсу да экалёгіі.

Запачаткоўваньне такога грандыёзнага руху – справа сёньняшняга часу. Малады Фронт ужо зараз павінны адпрацоўваць мадэлі й мэханізмы будучых кампаніяў і акцыяў шматтысячнага агульнабеларускага маштабу – газэты й канцэрты, шоў беларушчыны й сэмінары, экалягічныя мерапрыемствы й PR-эфэкты, спартовыя турніры й Web-сайты – каб потым заставалася толькі раскручваць удасканаленыя, “фірмовыя” узоры й тэхналёгіі. На сёньня для распачынаньня нацыянальнага руху моладзі дастаткова адзінае дзейснае суполкі зь 5 – 10 чалавек у школе ці факультэце, двары або мястэчку.Ну, а раскрутка ва ўмовах рэформаў – справа тэхнікі. Недалёкі той час, калі паседжаньні раённых радаў МФ будуць адбывацца ў актавых залях і кінатэатрах, з праглядамі фільмаў і канцэртамі. Студыі й офісы, друкарні й кабінэты, будынкі й стадыёны – усё гэта ў Маладога Фронту будзе, калі мы самі будзем гатовыя працаваць з усёй моладзьдзю на агульнабеларускім узроўні.

Грандыёзны фронт пераасэнсаваньня сьветапогляду, уздым нацыянальнае сьвядомасьці й духовага абуджэньня, які10 гадоў таму суправаджаў руйнаваньне савецкай імпэрыі зла, сёньня выразна выяўляецца як у асобных мясьцінах, у розных слаёх насельніцтва, так і ва ўзросьце – у пакаленьнях моладзі.

Малады Фронт ставіць на сьветапоглядныя й духовыя перамены. Менавіта такія перамены даюць сілы на глябальнае ператварэньне нацыям, грамадзтвам і цывілізацыям. Менавіта зь іх пачынаюцца палітычныя й эканамічныя, сацыяльныя і культуровыя рэформы. Духовае Адраджэньне, вяртаньне да хрысьціянскіх вытокаў, найвышэйшых каштоўнасьцяў, веры й любові дае людзям веру ў саміх сябе, у свае сілы, у сваю краіну і любоў да свайго бліжняга, да кожнага суайчыньніка, любоў, якая здольная аб’яднаць увесь народ і ўзвысіць яго да нацыі.

Глябальная зьмена бездухоўнага й агрэсіўнага, упадніцкага імпэрска-правінцыйнага ладу жыцьця на дзяржаўніцкі, аптымістычны, стваральны, эўрапейскі духовы вобраз мысьленьня й дзеяньня вызваляе ў грамадзтве аграмадныя сілы. Патэнцыял абуджанага, ахопленага прагаю зьменаў і энтузіязмам грамадзтва, на парадак вышэйшы за магчымасьці дзяржаўна-адміністрацыйнай сыстэмы ці мільярдныя замежныя крэдыты. І ў першую чаргу гэта важна для моладзі, якой заўтра жыць. Таму сёньня, на пераломе тысячагодзьдзяў, фундамэнтальнай задачай нацыянальнага руху моладзі ёсьць усебаковая падтрымка беларускіх хрысьціянскіх канфэсіяў у атмасфэры верацярпімасьці й узаемапавагі, разьвіцьцё й пашырэньне сярод моладзі прыярытэтаў духовасьці, эўрапейскасьці ў нацыянальным гучаньні.

Самае першае, што мы зробім, калі прыйдзем да ўлады – зьменім выдуманую, фальшывую чырвона-зялёную сымболіку на нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоню. Гэта будзе найлепшы сыгнал для ўсіх і кожнага, знак рэформаў і Адраджэньня па-над дахамі гарадоў і вёсак, арыенцір для ўсяго грамадзтва й Захаду – ён пакажа, што з савецкай дыктатурай і каляніяльнай эпохай тут скончана раз і назаўжды. Аўтаматычна адмяняюцца ўсе “саюзы”, драконаўскія дэкрэты, прапіскі й абавязковы прызыў, аднаўляецца дзеяньне Канстытуцыі. Мы усталюем нармалёвую мяжу з Расеяй – і шырока распахнем дзьверы на Захад. Мы разгорнем беспрэцэдэнтную, маштабовую кампанію сапраўдных рэформаў, асноўнай рухавай сілай якіх стане моладзь.

Найважнейшай задачай на гэтым этапе будзе арганізацыя поўнамаштабовай рэклямы, раскруткі рэформаў дзеля абуджэньня масавага энтузіязму й актыўнага удзелу ў правядзеньні пераменаў усяго грамадзтва. Кампаніі ў сродках масавай інфармацыі, найшырэйшыя маладзёвыя праграмы, арганізацыя паўсюдных грамадзкіх работаў павінныя будуць данесьці сэнс рэформы да кожнага, растлумачыць сутнасьць, патрэбу й прывабнасьць пераўтварэньняў усім жыхарам краіны.

III. НАШ ВОБРАЗ БЕЛАРУСІ

Малады Фронт бачыць нашую краіну ня проста сярэднеэўрапейскай і дэмакратычнай. Нам патрэбная Вялікая Беларусь. Малады Фронт — ЗА БЕЛАРУСЬ як стратэгічны мост паміж Захадам і Расеяй, між Эўропай і Ўсходам, навуковы, тэхналягічны, сэрвісны й інфармацыйны цэнтар сусьветнага ўзроўню, такі, як Бэнілюкс, Сынгапур ці штат Каліфорнія; найбуйнейшы фінансавы рынак між Азіяй і Эўропай. ЗА БЕЛАРУСЬ — агмень культуры, уплывы якога сягаюць на палову кантынэнту, за духовае сэрца Ўсходняй Эўропы, прастору сьвятла, веры й любові ў месцы сустрэчы хрысьціянскіх канфэсіяў.

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ

Нацыянальная ідэя — гэта місія, прадвызначэньне, сэнс існаваньня народу. Любая нацыянальная ідэя абумоўленая адпаведнай гісторыяй, тэрыторыяй, часам, мэнталітэтам, узаемадачыненьнямі з суседзямі. Спазнаньне, адчуваньне гэтага найвышэйшага, Богам дадзенага наканаваньня, усьведамленьне сваёй унікальнасьці й непаўторнасьці, свайго прызначэньня менавіта на гэтай зямлі, у гэты час і ёсьць нацыянальнай ідэяй. З пачуцьця нацыянальнае саматоеснасьці вынікаюць і любоў да роднае краіны, і павага да іншых народаў, і разуменьне сваёй адказнасьці перад тымі, хто быў — за тых, хто будзе пасьля.

Адміністрацыйнай моўна-культурніцкай беларусізацыі 1992-94 гг. аказалася для вяртаньня нацыянальнае сьвядомасьці яўна недастаткова. Сёньняшні час вымагае ад нас куды больш глыбокае й шматвобразнае сьветапогляднае дзейнасьці, ажыцьцяўленьня сапраўднага Духовага Адраджэньня. Задача новага, нашага пакаленьня незалежніцкага руху — абудзіць самае сьвятое ў душах і сэрцах моладзі, дайсьці да першакрыніцаў нацыянальнага пачуцьця.

Уся Заходняя цывілізацыя вось ужо 2000 гадоў будуецца на хрысьціянскіх прынцыпах — таму сапраўды эўрапейская Беларусь можа паўстаць толькі з магутным духовым рухам, са сьветапоглядным абнаўленьнем усяго грамадзтва, і, у першую чаргу, маладзёвага. Сёньня беларуская нацыянальная ідэя бачыцца нам як самарэалізацыя народу Рэспублікі Беларусь у найважнейшых формах — незалежнай дзяржаве, мове, сучаснай культуры, дасягненьні дабрабыту, паважных міжнародных стасунках — на падставе духоўнага, хрысьціянскага зьместу.

Сапраўды, беларускі нацыянальны рух унікальна хрысьціянскі ў сваёй сутнасьці. Гэта яскрава выражана й ў нашых сьвятых сымбалях — бел-чырвона-белым сьцягу Хрыста, белай палатніне з крывёю ўкрыжаванага Ісуса, у духовым гімне “Магутны Божа”, у “Пагоні” з крыжом Эўфрасіньні на шчыце — і ў перамозе беларускага духу над злом усіх акупацыяў, войнаў, імпэрыяў і дыктатураў. Гэтае найвышэйшае вымярэньне нацыянальнае ідэі вядзе нас і ў ахвярным змаганьні за нашу краіну, і ў штодзённай працы сярод людзей, надае нам трываласьці, чысьціні й веры там, дзе для іншых балюча, брудна ці страшна. Вось чаму для нас БЕЛАРУСЬ — ГЭТА СЬВЯТОЕ.

У Беларусі, якая спрадвеку знаходзіцца на геапалітычным скрыжаваньні, сумежжы цывілізацыяў і культураў, нацыянальная ідэя спалучае многія этнічныя й сьветапоглядныя элемэнты. Мы падтрымліваем усе нацыянальныя меншасьці краіны (у тым ліку й расейскую дыяспару як меншыню) у іх праве ствараць шматстайнасьць і шматаблічнасьць беларускага грамадзтва. У сваю чаргу, і старажытнае паганства, і іншыя рэлігіі, і нават атэізм толькі дапаўняюць асноватворна хрысьціянскую беларускую нацыянальную ідэю. Беларусь усёй сваёй гісторыяй сьцьвярджае ідэал верацярпімасьці й узаемапавагі ў іхным суіснаваньні.

СВАБОДА, СПРАВЯДЛІВАСЬЦЬ, САЛІДАРНАСЬЦЬ

З разуменьня сутнасьці нацыянальнае ідэі, з духова сталага, хрысьціянскага сьветапогляду вынікаюць такія найважнейшыя палітычныя прынцыпы, як вяршэнства агульнага дабра, годнасьць чалавечае асобы, свабода, справядлівасьць, салідарнасьць. Для Маладога Фронту гэтыя паняцьці несумяшчальныя з расавай, клясавай ці сацыяльнай нянавісьцю, ксэнафобіяй, экстрэмізмам, нацыянальнай ці рэлігійнай нецярпімасьцю.

Свабода — кардынальнае паняцьце эўрапейскага грамадзтва й неад’емнае права кожнага ад нараджэньня. Свабода слова, сумленьня, веравызнаньня, сходаў і іншыя свабоды ёсьць фундамэнтальнай перадумовай дэмакратычнае дзяржавы. Але свабода аднаго чалавека ня мусіць пагражаць правам іншых — таму побач са словам “свабода” мы ставім паняцьце “адказнасьць”: свабода рэалізуецца празь індывідуальную й калектыўную адказнасьць у практычным жыцьці.

Справядлівасьць азначае прызнаньне роўнасьці ўсіх людзей, павагу іх годнасьці й свабоды. Прынцып справядлівасьці ажыцьцяўляецца ў першую чаргу праз закон, абавязковы для ўсіх і кожнага. Адчуваньне найвышэйшай справядлівасьці быцьця вымагае ад нас ставіцца да кожнага суайчыньніка такім чынам, якім мы хочам бачыць стаўленьне да саміх сябе.

Нарэшце, вынікам моцнае нацыянальнае самасьвядомасьці зьяўляецца салідарнасьць. Пачуцьцё ўзаемасувязі, узаемазалежнасьці й братэрства людзей, імкненьне падтрымаць блізкага, дзейсная дапамога асобаў і супольнасьцяў, якія складаюць адно цэлае, і ёсьць той магутнай сілаю, што ўздымае нацыі й грамадзтвы. Малады Фронт стараецца ўвасабляць і культываваць салідарнасьць, якой беларусам так не стае.

Асноватворныя прынцыпы свабоды, справядлівасьці й салідарнасьці выяўляюцца ў сёньняшнім лёзунгу Маладога Фронту: ВОЛЯ, ВЕРА, СІЛА!

АСОБА Й СУПОЛЬНАСЬЦЬ

Мы адмаўляем як эгаістычны індывідуалізм, так і калектывізм, які прыніжае чалавека. Малады Фронт бачыць спалучэньне ўзаемных правоў і абавязкаў асобы й супольнасьці ў гарманічнае роўнасьці. Кожная асоба мусіць клапаціцца пра сябе сама, але задача супольнасьці — стварэньне для гэтага адпаведных умоваў і, канешне, апекаваньне слабымі.

Сям’я — найважнейшая элемэнтарная ячэйка моцнага, здаровага й шчасьлівага грамадзтва, тая адзінка чалавечае супольнасьці, што выхоўвае асобу, забясьпечвае захаваньне й пераемнасьць традыцыяў. Таму ўва ўмовах дэмаграфічнага, сацыяльнага й духовага крызысу Малады Фронт выступае за ўсебаковую падтрымку сям’і (асабліва шматдзетнай) на дзяржаўным узроўні.

Зыходзячы з таго, што адукацыя — гэта выхаваньне й падрыхтоўка асобы дзеля жыцьця ў супольнасьці, Малады Фронт настойвае на ўсеабдымным рэфармаваньні беларускае школы, спэцыяльнага й вышэйшага навучаньня. Мы — за ўвядзеньне тэставаньняў і конкурсаў замест сыстэмы іспытаў, акцэнтаваньне ўвагі на гуманітарных, прыкладных і творчых прадметах, вучнёўскае самакіраваньне й наданьне працэсу адукацыі сапраўды нацыянальнага характару. Беларусь зь яе велізарнымі асьветніцкімі традыцыямі, найвышэйшым навуковым, культуровым і духовым патэнцыялам мае ўсе падставы для стварэньня лепшай у Эўропе сыстэмы адукацыі.

Дзяржаўнай мовай у Беларусі мусіць быць беларуская. Але адміністрацыйнае спрыяньне беларусізацыі абавязкова павінна спалучацца з найшырэйшай кампаніяй папулярызацыі роднае мовы й культуры, падвышэньнем прэстыжу беларускамоўных дачыненьняў, установаў і асяродкаў. Малады Фронт — за выкарыстаньне клясычнага (тарашкевіцкага) правапісу.

Адраджэньне беларускае мовы й адукацыі непарыўна зьвязанае з устанаўленьнем грамадзкіх і дзяржаўных прыярытэтаў культуры й навукі. Беларуская творчая інтэлігенцыя, дзеячы фундамэнтальнае й прыкладное навукі — гэта нацыянальная эліта краіны.

Асноваю беларускае сацыяльнае абароны, пэнсыйнага забесьпячэньня й мэдыцыны Малады Фронт бачыць сыстэму страхаваньня здароўя, жытла, нерухомасьці, аўтатранспарту і г.д. Разам з тым, мы лічым мэтазгодным паралельнае існаваньне бясплатнага дзяржаўнага мэдычнага абслугоўваньня, мэханізмаў сацыяльнае кампэнсацыі й падтрымкі для незабясьпечаных.

ДЗЯРЖАЎНЫ ЛАД

Мы ганарымся тым, што для дзяржаўнага й грамадзянскага жыцьця нашых продкаў быў уласьцівы глыбокі дэмакратызм. Нашая Бацькаўшчына ніколі ня ведала дэспатычных рэжымаў. З ХVст. найвышэйшым ворганам улады быў прадстаўнічы Сойм, а з ХVІст. выбарныя ворганы ажыцьцяўлялі й мясцовую ўладу. Нормаю нашага права быў кансэнсус — юрыдычны ідэал, які й сёньня недасяжны для шмат якіх дэмакратыяў сьвету.

Сёньняшнюю Беларусь мы бачым як незалежную дзяржаву, пабудаваную на падставах дэмакратыі й законнасьці. Канстытуцыйныя прынцыпы, якія закладваліся яшчэ ў Статуце ВКЛ, маюць на ўвазе забесьпячэньне асноўных правоў і свабодаў, строгі падзел галінаў улады, незалежнасьць судоў і легітымнасьць структураў кіраваньня.

Малады Фронт — за парляманцкую рэспубліку, дзе найвышэйшым прадстаўнічым ворганам заканадаўчае ўлады зьяўляецца Сойм. Сойм будзе абірацца паводле прапарцыйна-мажарытарнае сыстэмы, што дазволіць зрабіць дзейнасьць парляманту арганізаванай і палітычна адказнай. Менавіта Сойм фармуе Ўрад і ажыцьцяўляе кантроль за працай выканаўчых ворганаў.

На чале судовай сыстэмы мы бачым Вярхоўны Суд, у паўнамоцтвы якога ўваходзіла б і вырашэньне канстытуцыйных пытаньняў. Любыя праявы дыктатуры й магчымага ўмяшаньня ўва ўнутраныя справы незалежнае Беларусі з боку суседніх дзяржаваў павінныя быць выключаныя.

Малады Фронт бачыць падмурак незалежнае дэмакратычнае эўрапейскае дзяржавы ў моцным мясцовым самакіраваньні. Муніцыпальныя традыцыі, якія сягаюць каранямі ў веча Полацкае дзяржавы й Магдэбурскае права часоў ВКЛ, у Беларусі павінныя быць адроджаныя поўнамаштабовай рэформай. У першую чаргу, гэта аднаўленьне выбарнасьці й справаздачнасьці мясцовых кіраўнікоў перад тутэйшым насельніцтвам, канстытуцыйная й фінансавая самастойнасьць, спрашчэньне адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу краіны на падставе гістарычных, эканамічных, традыцыйных асаблівасьцяў, пераход да гістарычнае беларускае тэрміналёгіі (землі, паветы, воласьці, войты, старасты й г.д.).

Правапарадак у Беларусі мусіць забясьпечваць кампактная й мабільная паліцыя, якая б карысталася даверам і падтрымкай насельніцтва. Мусіць быць наноў створаная Беларуская Служба Бясьпекі. Сёньняшняе войска з абавязковым прызывам трэба як найхутчэй рэфармаваць у прафэсійную нацыянальную гвардыю. Галоўная абарончая дактрына Беларусі — гарантаваньне незалежнасьці, сувэрэнітэту й нэўтралітэту Беларусі.

ГАСПАДАРКА Й ПРЫРОДА

Нашыя базавыя эканамічныя прынцыпы: вольны рынак і прыватная ўласнасьць, дзяржаўнае рэгуляваньне стратэгічных галінаў й сацыяльная абарона незабясьпечаных; прыярытэт нацыянальнага вытворцы й экалягічнасьць эканомікі.

Асноўны зьмест рэфармаваньня сёньняшняй гаспадаркі заключаецца ў наступным: пасьлядоўнае правядзеньне прыватызацыі, увядзеньне й стабілізацыя паўнавартаснае нацыянальнае валюты (талеру), спрашчэньне сыстэмы падаткаў да спэктру самых зьбіральных; упарадкаваньне мяжы й мытні, пераход з энэрга- й матэрыялаёмістае вытворчасьці да праца- й навукаёмістае; найшырэйшае разьвіцьцё фэрмэрства замест разваленых калгасаў ды саўгасаў, падтрымка жыцьцёва важных і экспартных галінаў. Галоўныя акцэнты: заахвочваньне энтузіязму й эканамічнай ініцыятывы; максымальная празрыстасьць і адкрытасьць пераменаў з мэтай мінімізаваць карупцыю; збалянсаваньне сацыяльнае палітыкі, каб рынак працы не перапаўняўся беспрацоўнымі.

Беларусь ІІІ тысячагодзьдзя бачыцца нам як сэрвісны й фінансавы, тэхналягічны, навуковы й інфармацыйны цэнтар сусьветнага ўзроўню на ключавым эўрапейскім геапалітычным скрыжаваньні. Інфраструктура транзытных шляхоў, гатэляў і выстаўных комплексаў, індустрыя гасьціннага абслугоўваньня й хуткага харчаваньня, турызму й адпачынку; сфэры банкаўскага капіталу й высакаякаснае тэхналягічнае зборкі могуць стаць асноваю эканомікі Беларусі. Інфармацыйныя прадукты й кампутары, бытавая тэхніка й электроніка, найноўшыя тэхналёгіі й хуткія паслугі Made in Belarus у пэрспэктыве здольныя ператварыцца ў візытоўку нашае краіны.

Гаспадарчая дзейнасьць мусіць пастаянна й пільна ўзгадняцца з унікальным навакольным асяродзьдзем Беларусі, якое неабходна захаваць для будучых пакаленьняў. Беларуская эканоміка павінная імкнуцца да экалягічна чыстай. Асаблівая ўвага – чарнобыльскай праблеме й буйным гарадам.

БЕЛАРУСЬ У СЬВЕЦЕ

Беларусь гістарычна, культурна й духова належыць да Заходняе цывілізацыі. Дачыненьні з эўрапейскімі краінамі для нас – найважнейшыя й стратэгічныя. Менавіта на Захадзе, а не на Ўсходзе мы бачым і зьнешнепалітычныя арыенціры, і галоўных гандлёвых партнэраў, і найпершых культуровых супольнікаў. БЕЛАРУСЬ У ЭЎРОПУ!

Супольныя інтарэсы на Захадзе й аднолькавыя праблемы з Усходам, а таксама агульная мінуўшчына яднаюць нас з суседнімі краінамі – Украінай, Польшчай і Прыбалтыкай. Беларусь зьяўляецца сэрцам цэласнай геапалітычнай прасторы Ўсходняй Эўропы: ад Эстоніі да Харватыі, ад Чэхіі да мяжы з Расеяй. Беларуская Эўропа – гэта Балта-Чарнаморскае міжмор’е.

Малады Фронт супраць саюзаў з Расеяй – як палітычных, так і якіх заўгодна іншых. Дачыненьні з Расеяй мы бачым раўнапраўнымі й узаемавыгаднымі з пазыцыяў незалежнасьці.

МОЛАДЗЬ – ЗА БЕЛАРУСЬ!

Мы разумеем, што ўсе гэтыя далёкасяжныя й высокія мэты ажыцьцяўляць нам самім, сёньняшняй моладзі. Менавіта ў цяперашніх маладых пакаленьнях закладзеныя і коды будучых рэформаў, і гіганцкі патэнцыял пераўтварэньняў, і ўвесь вобраз заўтрашняе Беларусі. Толькі аб’яднаны салідарны нацыянальны рух моладзі будзе здольны стаць сапраўдным фронтам пераменаў – палітычных і эканамічных, сацыяльных і духовых, дзяржаўных і грамадзкіх.

Зыходзячы з гэтага, Малады Фронт выступае за безумоўны дзяржаўны прыярытэт маладзёвае палітыкі: пачынаючы з падтрымкі сям’і й рэфармаваньня адукацыі – да найшырэйшых падлеткавых і юнацкіх праграмаў, выхаваньня й спорту, працаўладкаваньня й жыльля, культурніцкіх і міжнародных праектаў. Стаўка на моладзь павінная стаць прынцыпам нацыянальнае стратэгіі. Нашая канцэпцыя – гэта ідэя фармаваньня новага пакаленьня, якое стане непераадольным бар’ерам для дыктатураў і імпэрыяў, зла й абыякавасьці, падмуркам незалежнае, эўрапейскае, дэмакратычнае духовае краіны.

Разам з тым мы цьвёрда ўсьведамляем, што маладафронтаўцы ужо сёньня пакліканыя прапаноўваць грамадзтву вобраз пераменаў у саміх сабе. Заўтрашняя Беларусь – гэта мы самі, і менавіта ад нас залежыць успрыманьне новае краіны ўва ўсіх узростах і катэгорыях. Таму мы пачынаем перамены тут і цяпер, кожны – зь сябе самога: будзьма шчырымі й адкрытымі, усьмешлівымі й моцнымі, сумленнымі й упэўненымі – толькі тады стане рэальнасьцю наш МАЛАДЫ ФРОНТ ПЕРАМЕНАЎ.

 

[ Закон аб асновах моладзевай палітыкі ]
[ Статут ]
[ Крэда ]
[ Прысяга ]
[ Герб і сьцяг ]
[ Вярнуцца да падзелу ‘Дакуманты’ ]